|
Раздзел: Аб лабараторыі
З гісторыі
Навукова-творчы калектыў
Выконваемыя і перспектыўныя навукова-даследчыя праекты
Справаздача за перыяд з 2000 па 2003 гады
|
|
Дакумент: З гісторыі
3 1918 года адным з актыўных стваральнікаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта да яго адкрыцця ў 1921 годзе быў вядомы фалькларыст з Палесся, збіральнік беларускіх народных песень з напевамі, прафесар Маскоўскага універсітэта Мікалай Янчук. Ён першым, яшчэ ў другой палове ХІХ ст., на навуковай аснове запісваў з мелодыямі і даследаваў песенны фальклор беларусаў, а ў 1889 годзе апублікаваў 158 лепшых узораў. Працай над беларускім меласам ён яшчэ напрыканцы ХІХ ст. зацікавіў рускіх кампазітараў М.Рымскага-Корсакава, С.Танеева, М.Пятніцкага, А.Грачанінава, з якімі працаваў у Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце. У 1921 годзе М.Янчук стаў прафесарам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі БДУ і перадаў яму сваю багацейшую бібліятэку, у тым ліку і фальклорныя запісы.
У 20-я гады XX ст. па ініцыятыве фальклорнай камісіі Інстытута беларускай культуры, якую ўзначальваў Якуб Колас, студэнты БДУ ўсіх спецыяльнасцяў падчас летніх канікул збіралі фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Са стварэннем у 1939 годзе філалагічнага факультэта гэтая праца стала больш планамернай і арганізаванай. На жаль, усе сабраныя матэрыялы, якія былі перададзены ў архіў Акадэміі навук, былі знішчаны ў час Вялікай Айчыннай вайны.
У пасляваенныя гады лекцыі па вуснай народнай творчасці чыталі і стварылі адпаведныя вучэбныя дапаможнікі сумесна з фалькларыстамі ІМЭФ прафесары Іван Гутараў і Міхась Ларчанка. Першы з іх, былы партызан, даследаваў творчасць перыяду вайны з фашызмам, вынікам чаго стала выданне зборніка "Барацьба і творчасць народных мсціўцаў", а пад кіраўніцтвам заснавальніка літаратуразнаўчай галіны беларускай навукі М.Ларчанкі быў створаны падручнік "Беларуская вусна-паэтычная творчасць".
Напачатку 60-х гадоў, калі на філалагічным факультэце БДУ намаганнямі кандыдатаў навук, дацэнтаў Веры Захаравай і Ніла Гілевіча была ўведзена абавязковая 2-тыднёвая палявая вучэбная практыка па фальклору, фалькларыстыка на філфаку БДУ была пастаўлена на навуковую аснову, стала планамернай, сістэматычнай і мэтанакіраванай. Яны зацікавілі зборам фальклору шырокае кола выкладчыкаў кафедраў беларускай і рускай літаратур, прадбачліва вызначылі плённы рэгіянальны напрамак фалькларыстычных даследаванняў, распачалі выданне сабраных матэрыялаў. У розныя гады фальклорныя запісы склалі выдадзеныя Нілам Гілевічам фундаментальныя зборнікі "Песні сямі вёсак", "Песні народных свят і абрадаў", "Казкі і апавяданні беларусаў", "Лірычныя песні", "Лірыка беларускага вяселля", "Замовы". Унікальныя запісы на Палессі, якое, па словах акадэміка Мікіты Талстога, можна назваць "своеасаблівым запаведнікам стараславянскай культуры", склалі заснаваную Верай Захаравай серыю "Беларускі фальклор у сучасных запісах", у якой калектывам аўтараў выдадзена 5 зборнікаў традыцыйнага фальклору Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей, а таксама адзінаасобна Верай Захаравай -"Палескае вяселле".
Прафесар Ніл Гілевіч і дацэнт Вера Захарава чыталі лекцыі адпаведна па беларускай і рускай вуснай народнай творчасці і выдалі цікавыя вучэбныя дапаможнікі, у прыватнасці "Паэтыка беларускай народнай лірыкі", "Наша песня", "З клопатам пра песні народа", "Паэтыка беларускіх загадак". У наступны перыяд лекцыі і заняткі па вуснай народнай творчасці вялі Анатоль Фядосік, Янка Саламевіч, Алесь Лозка. З 1994 г. заняткі па фальклору праводзяць кандыдаты філалагічных навук, дацэнты Рыма Кавалёва, Вольга Прыёмка і Таццяна Марозава, выкладчыкі Святлана Крылова і Славяна Шамякіна, якія ўтварылі на кафедры тэорыі літаратуры вучэбна-метадычную секцыю па фальклору. Імі пад рэдакцыяй Рымы Кавалёвай выдадзены 5 выпускаў "Метадычных указанняў і ілюстрацыйных матэрыялаў да правядзення фальклорнай практыкі", а таксама зборнікі артыкулаў "Восточнославянский фольклор" (2000), "Свет славянскага фальклору" (2001), "На хвалях філалогіі" (2002), 5 выпускаў зборніка "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі" (2003-2008). Пачынаючы з 1999 г. кафедра тэорыі літаратуры і лабараторыя беларускага фальклору ладзяць навуковыя рэспубліканскія Шырмаўскія чытанні, у якіх прымаюць удзел студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі спачатку філалагічнага факультэта БДУ, з 2005 года - і іншых ВНУ рэспублікі, а з 2008 года - і іншых славянскіх краін (Чэхія, Карлаў універсітэт).
Фалькларыстычная праца на моўных і літаратурных кафедрах філалгічнага факультэта падрыхтавала адкрыццё на філфаку БДУ ў студзені 1981 года Міністэрствам адукацыі Беларусі спачатку сектара беларускага фальклору і дыялекталогіі ў межах праблемнай НДЛ сацыялагічных даследаванняў філалагічнага факультэта БДУ, а ў 1985 годзе - уласна навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору як каардынацыйнага цэнтра па збіранні, вывучэнні і даследаванні фальклору ў ВНУ Беларусі. Асновай яе працы сталі створаныя на аснове кафедральных архіваў філфака БДУ, а пазней і архіваў філфакаў большасці іншых універсітэтаў і інстытутаў 5 фальклорных архіваў НДЛ: рэгіянальны, жанравы, аўдыё- і відэа, архіў іншых народаў свету.
Ініцыятарамі стварэння НДЛ, якія вызначылі асноўныя напрамкі не толькі даследавання, але і формы сучаснай мастацкай інтэрпрэтацыі музычнага фальклору, былі выдатныя беларускія фалькларысты ХХ ст. Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч (апошнія 2 гады свайго жыцця працаваў у лабараторыі на стадыі яе станаўлення). У 90-я гады у станаўленні школы ўдзельнічаў пераемнік Р.Шырмы як мастацкага кіраўніка Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы Уладзімір Раговіч, які стварыў на аснове запісаў НДЛ трохтомную фундаментальную працу "Песенны фальклор Палесся" (2001-2002), музыказнаўца Галіна Кутырова і вучань Г.Цітовіча, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Сірата.
Напачатку 90-х гадоў лабараторыя афіцыйна была пераведзена пад узначаленне кафедры беларусазнаўства, на якой тады працавалі выкладчыкі фальклору. А з 1994 г. і па сённяшні лабараторыя функцыянуе пры кафедры тэорыі літаратуры, якая забяспечвае выкладанне фальклору на філалагічным факультэце.
1 красавіка 2003 года вучоным саветам Навукова-даследчай часткі БДУ было прынята Палажэнне, у якім афіцыйна замацоўвалася новая назва лабараторыі як лабараторыя беларускага фальклору. Скасаванне ў назве "і дыялекталогіі" было абгрунтавана тым, што з 1996 года навуковыя даследаванні этналінгвістычнага характару ў лабараторыі не распрацоўваліся, а матэрыялы дыялекталагічных практык пачалі канцэнтравацца ў архіве новастворанай на філалагічным факультэце кафедры гісторыі беларускай мовы, якая пачала самастойна ажыццяўляць дыялекталагічную практыку з 1997 года.
У розныя гады ў лабараторыі працавалі: Ліцьвінка Васіль, Кутырова Галіна, Астрэйка Вера, Антропаў Мікалай, Літвіновіч Анатоль, Сергун Ларыса, Марушкевіч Людміла, Котаў Мікола, Раговіч Уладзімір, Харчанка Марына, Дарашэнка Людміла, Трайкоўская Валянціна, Запрудскі Ігар, Кавалёва Рыма, Шырына Алена, Мячыкава Ірына, Сірата Мікалай, Выдронак Юрый, Каратай Віктар. Іх пачэсная праца знайшла сваё выражэнне ў збіральніцкай і выдавецкай дзейнасці, сярод якой нельга не згадаць зборнікі фальклорных твораў і метадычныя рэкамендацыі па збіранні фальклору:
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Брэсцкая вобласць. Традыцыйныя жанры / Уклад. В.А. Захарава. Мн., 1973.
- Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны / Уклад. Н.С.Гілевіч. Мн., 1973.
- Песні народных свят і абрадаў / Уклад. Н.С.Гілевіч. Мн., 1974.
- Лірычныя песні / Уклад. Н.С.Гілевіч. Мн., 1978.
- Лірыка беларускага вяселля / Уклад. Н.С.Гілевіч. Мн., 1979.
- Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі / Уклад. Н.С.Гілевіч. Мн., 1983.
- Палескае вяселле / Уклад. В.А.Захарава. Мн., 1984.
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць / Уклад. В.А.Захарава, Р.М.Кавалёва, В.Д.Ліцвінка, У. І. Раговіч. Мн., 1989.
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць / Уклад. В. Д. Ліцьвінка, Г. Р. Кутырова. Мн, 1995.
- Замовы / Уклад. Н. С. Гілевіч. Мн., 2000.
- Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорна-краязнаўчай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта. Выпуск 1. Каляндарная абраднасць Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці (серыя "Беларускі фальклор у запісах выкладчыкаў і студэнтаў"). Мн., 1997.
- Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта. Выпуск 2. Каляндарна-абрадавая паэзія (серыя "Беларускі фальклор у запісах выкладчыкаў і студэнтаў"). Мн., 1997.
- Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта. Выпуск 3. Беларуская вясельная абраднасць. Мн., 1998.
- Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта. Выпуск 4. Валачобныя песні (серыя "Беларускі фальклор у запісах выкладчыкаў і студэнтаў"). Мн., 1998.
- Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў філалагічнага факультэта. Выпуск 5. Купальская абраднасць. Мн., 1999.
1 красавіка 2005 года загадам па БДУ НДЛ беларускага фальклору была рэарганізавана ў вучэбна-навуковую лабараторыю (ВНЛ) беларускага фальклору на бюджэтнай аснове фінансавання (упершыню ў гісторыі) у складзе вучэбнай (загадчыка лабараторыі, кандыдата філалагічных навук, 2 метадыстаў, 1 з іх кандыдат філалагічных навук, і лабаранта 1 кваліфікацыйнай катэгорыі) і навуковай (старшага навуковага супрацоўніка, навуковага супрацоўніка і малодшага навуковага супрацоўніка) частак.
У лабараторыі атрымала сваё развіццё універсітэцкая фалькларыстычная навуковая школа, якая адлічвае пачатак з 1970 года. У розныя гады ў НДЛ беларускага фальклору і дыялекталогіі распрацоўваліся ўсе асноўныя напрамкі школы: лакальна-рэгіянальнае вывучэнне нацыянальнага фальклору (тэарэтычную аснову заклалі кандыдаты філалагічных навук, дацэнты Вера Захарава, Рыма Кавалёва, Васіль Льцьвінка); адукацыйна-культуралагічная інтэрпрэтацыя фальклору як асновы этнічнай і традыцыйнай культуры народа (актыўна рапрацоўваў кандыдат філалагічных навук Васіль Ліцьвінка); этналінгвістыка (тэарэтычны падмурак закладзены кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Мікалаем Антропавым); сацыяфалькларыстыка (тэарэтычную аснову распрацавалі кандыдаты філалагічных навук, дацэнты Р. М. Кавалёва, Т. А. Марозава ў 2000-я гг.).
Асноўным напрамкам навуковай дзейнасці лабараторыі - праблематыка лакальна-рэгіянальнага вывучэння нацыянальнага фальклору. Што і зразумела: усебаковае ўяўленне аб дынаміцы агульнанацыянальнай фальклорнай спадчыны, якая, згодна са сваім паходжаннем і асаблівасцямі функцыянавання, заўсёды з'яўляецца рэгіянальна-лакальнай, можа быць сфарміравана толькі на аснове непасрэдных назіранняў над станамі тых ці іншых фальклорных з'яў у канкрэтных адміністратыўных адзінках (вёсках, раёнах, абласцях). Сярод іх - глабальныя дзяржаўныя пяцігадовыя тэмы, якія вызначалі навуковае развіццё лабараторыі 15 гадоў запар:
- "Исследование современных процессов в белорусском фольклоре, его места в духовной жизни народа и его роли в создании художественной культуры общества эпохи развитого социализма" (1981-1985 гг.; навуковыя кіраўнікі - Вера Захарава і Ніл Гілевіч);
- "Фольклорное наследие и его значение для современности" (1986-1990 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка);
- "Региональная специфика белорусского фольклора и его место в современной культуре" (1991-1996 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка).
Пасля 1995 г. у лабараторыі распрацоўваліся адна-, двух- і трохгадовыя навуковыя праекты, якія закраналі пытанні рэгіянальнай спецыфікі беларускага фальклору:
- "Жанрава-рэгіянальнае адрозненне беларускага фальклору і яго месца ў сучасным адукацыйным і культурным працэсе" (1996-1998 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка);
- "Фальклор як сродак вучэбна-выхаваўчага працэсу" (1997 г.; навуковы кіраўнік Валянціна Трайкоўская);
- "Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Польшчай і Літвой рэгіёнаў" (2000-2002 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка);
- "Даследаванне і рэканструкцыя фальклору і этнакультуры Чарнобыльскага рэгіёна" (2003-2005 гг., навуковы кіраўнік Васіль Ліцьвінка).
Як бачым, да 2005 г. уключна гэта быў самы перспектыўны вектар навуковых даследаванняў у лабараторыі.
Другі напрамак навуковай дзейнасці лабараторыі - адукацыйна-культуралагічнай інтэрпрэтацыі фальклору як асновы этнічнай і традыцыйнай культуры народа, вызначэння яе самабытнасці сярод славянскіх і індаеўрапейскіх народаў - уключае ў сябе наступныя аспекты:
- даследаванне ўзроўняў інтэрпрэтацыі фальклору ў адукацыі і культуры; аналіз форм і метадаў выкарыстання фальклору ў разнастайных узроставых (дзіцячых, маладзёжных і студэнцкіх, старэйшых), вясковых і гарадскіх, рознанацыянальных фальклорных калектывах;
- даследаванне дзейнасці рокфолькгуртоў; аналіз форм і мастацкіх узроўняў інтэрпрэтацыі фальклору ў друку, перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні.
Напрамак распрацоўваўся на працягу 1981-2005 гг. у практычным ключы - праз стварэнне методыкі перанясення на сцэну песеннага, інструментальнага і харэаграфічнага фальклору; выкарыстанне фальклору пры правядзенні свят і абрадаў, рэгіянальных і агульнанацыянальных фестываляў і знамянальных падзей, непасрэдным арганізатарам і удзельнікам якіх з'яўляўся загадчык лабараторыі на працягу 20 гадоў Васіль Ліцьвінка.
Этналінгвістычны напрамак навуковых даследаванняў распрацоўваўся ў лабараторыі на працягу 1986-1992 гг. падчас выканання навуковай тэмы "Этнолингвистическое исследование Белорусского Полесья", калі ў лабараторыі быў створаны навуковы калектыў пад кіраўніцтвам кандыдата філалагічных навук, дацэнта Мікалая Антропава. Тэма ўваходзіла ў дзяржаўную дзесяцігадовую праграму Акадэміі Навук СССР па стварэнні Палескага этналінгвістычнага атласа. Пасля распаду СССР названы навуковы праект быў звернуты, а адсутнасць фінансавання не дазволіла ў складаных умовах сярэдзіны 90-х гадоў працягнуць развіццё этналінгвістычнага напрамку ў НДЛ беларускага фальклору і дыялекталогіі: члены навуковага калектыва, этналінгвісты, перайшлі на працу ў Акадэмію навук Беларусі.
У лабараторыі сфарміраваны 5 архіваў:
- рэгіянальны архіў - змяшчае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з усіх абласцей Беларусі. Тут вядзецца работа па сістэматызацыі і інвентарызацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, стварэнні тапаграфічнага каталога праведзеных экспедыцый, каталога інфарматараў і выканаўцаў фальклорных твораў. На сённяшні дзень удакладняюцца складзеныя да 2005 года рэестры рэгіянальных архіваў Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей з мэтай паляпшэння зручнасці карыстання матэрыяламі.
- жанравы архіў - змяшчае тэксты фальклорных твораў пэўных відаў і жанраў. Тут вядзецца работа па навуковай унутрыжанравай класіфікацыі фальклорных адзінак, адрозніваюцца варыянты і інварыянты твораў, плануецца распачаць работу па стварэнні камп'ютарнай базы дадзеных архіва з мэтай азнаямлення ўсіх жадаючых з архіўнымі фондамі лабараторыі ў сетцы Internet.
- аўдыё- і відэаархівы - змяшчаюць фона- і відэаматэрыялы: бабінны фонаархіў з запісамі 60-80-х гг. мінулага стагоддзя, відэакасеты, аналагавыя аўдыёкасеты. Тут вядзецца работа па расшыфроўцы твораў, іх пашпартызацыі, сістэматызацыі, спісанні няякасных запісаў. У хуткім часе плануецца распачаць работу па перазапісу бабінных фонаматэрыялаў на сучасныя носьбіты інфармацыі з мэтай іх захавання ад разбурэння і далейшага актыўнага выкарыстання. У тэхнічных адносінах гэта патрабуе не толькі часу і фінансавых сродкаў, але і правядзення рэстаўрацыйных работ, для якіх патрабуецца спецыяліст-этнамузыказнавец. Таму на сённяшні дзень гэтая работа пакуль яшчэ не пачалася.
- фальклорны архіў іншых народаў свету - змяшчае фальклорна-этнаграфічныя запісы амаль з усіх рэспублік былога СССР і Усходняй Еўропы, а таксама з Кітая, Карэі, Індыі, Ірана. Тут вядзецца работа па сістэматызацыі і класіфікацыі матэрыялаў. Стварэнне рэестра названага архіва - перспектыўны план лабараторыі.
З 2004 г. лабараторыя з'яўляецца арганізатарам правядзення Міжнароднай навуковай фальклорна-этнакультуралагічнай канферэнцыі "Фальклор і этнакультура Палесся", якая кожны год прысвячаецца юбілеям вядомых славянскіх фалькларыстаў. У 2004 годзе гэта было 80-годдзе Мікіты Талстога, у 2005 годзе - 220-годдзе Зарыяна Деленгі-Хадакоўскага, у 2006 годзе - 80-годдзе Анатоля Фядосіка, у 2007 годзе - 115-годдзе Рыгора Шырмы.
У 2006-2008 гг. у лабараторыі распрацоўвалася навуковая тэма "Фальклор у сучаснай культуры беларускай моладзі" (нумар дзяржрэгістрацыі 20063629), а з красавіка 2008 г. - "Сучасны гарадскі фальклор Беларусі". Абедзьве тэмы атрымалі перамогу ў конкурсе грантаў БРФФД "Навука2006-М" і "Навука2008-М". Яны не ўкладваюцца ў тыя вядомыя напрамкі навуковай дзейнасці лабараторыі, аб якіх размова ішла вышэй. Новы час дае жыццё новым навуковым арыенцірам. Здзяйсняць іх - задача маладога пакалення супрацоўнікаў лабараторыі, якое вырасла на трывалым падмурку мінулых дасягненняў. Ад іх залежыць, ці з'явяцца ў слаўным летапісе лабараторыі новыя стронкі.
Сённяшні склад супрацоўнікаў лабараторыі:
- Вучэбная частка: Марозава Таццяна - загадчык, к.ф.н., дацэнт; Каратай Віктар - метадыст, Лук'янава Таццяна - к.ф.н., метадыст, Белабровік Таццяна - лабарант 1 кваліфікацыйнай катэгорыі.
- Навуковая частка: малодшы навуковы супрацоўнік Палукошка Вольга.
|