Навіны. Гісторыя і калектыў, выконваемыя праекты. Відэа-, аудыё- і рэгіянальны архівы запісаў беларускага фальклору. Дакументы. Каляндары свят і абрадаў. Кантакты.

www.folkndl.bsu.by Аб лабараторыі Дыскаграфія Архівы Дакументы Рознае Кантакт
Раздзел: Дакументы

Манаграфія Васіля Ліцьвінкі "Фальклор і этнакультура Чарнобыля. З нагоды 20-годдзя сусветнай катастрофы". Інфармацыйны ліст ІІІ міжнароднай фальклорна-этналінгвістычнай навуковай канферэнцыі "Фальклор і этнакультура Палесся ў інда-еўрапейскім кантэксце" Спіс друкаваных прац супрацоўнікаў за 2003-2005 год (па выніках выканання НДР №664/96 "Даследаванне і рэканструкцыя фальклору і этнакультуры Чарнобыльскага рэгіёна") Матэрыялы Другой міжнароднай фальклорна-этналінгвістычнай навуковай канферэнцыі "Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся" з нагоды 220-годдзя З. Даленгі-Хадакоўскага Міжнародная канвенцыя ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ахоўная для нашай культурнай самабытнасці Дэкларацыя ЮНЕСКА (Усеагульная Дэкларацыя ЮНЕСКА аб культурнай разнастайнасці) Праца Васіля Ліцьвінкі "Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года" Яна Чачота 1842-1844 гадоў - гістарычны эпас беларусаў". Спісы фальклорных калектываў Беларусі, з якімі падтрымліваюцца творчыя сувязі Да 20-годдзя лабараторыі Alta-TECH
Ахоўная для нашай культурнай самабытнасці Дэкларацыя ЮНЕСКА (Усеагульная Дэкларацыя ЮНЕСКА аб культурнай разнастайнасці)

2002 год аб'яўлены Годам Аб'яднаных нацый па культурнай спадчыне. На адкрыцці Тыдня беларускай культуры ў красавіку гэтага года у Тэатры Пьера Кардэна ў Парыжы Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацууры сказаў: "Грунтуючыся на сваіх традыцыях,але рашуча звернутая да будучыні, беларуская творчасць змагла шмат пачэрпнуць у багатай разнастайнасці сваёй спадчыны, каб выказаць на сучаснай арыгінальнай мове ўласную душу сваёй культуры. Таму я шчаслівы, што ЮНЕСКА звязана з гэтай прыярытэтнай з'явай".

Прадстаўнік краіны, якая дае прыклад усяму свету - як захаваць самабытнасць сваёй традыцыйнай культуры ва ўмовах глабалізацыі, на пачатку сваёй дзейнасці даў народам свету своеасаблівую ахоўную грамату - "Усеагульную дэкларацыю аб культурнай разнастайнасці", якая была прынята ХХХІ сесіяй Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў Парыжы 2 лістапада 2001 года.

Прэамбула, 12 артыкулаў і вызначаныя 20 галоўных напрамкаў плана дзеянняў па выкананні Дэкларацыі аб культурнай разнастайнасці даюць выдатную перспектыву нашым працаўнікам культуры ў справе захавання агульнапрызнанай унікальнай нацыянальнай спадчыны, самабытнасці ва ўмовах глабалізацыі, страту якой нам нашчадкі не прабачаць. Асабліва важна, што ў акцэнтуецца ўвага на выкарыстанні сучаснай мультымедыйнай тэхнікі ў справе фіксацыі, надзейнага захавання на лазерных носьбітах нацыянальна адметных з'яў культуры для перадачы іх наступным пакаленням,што мы, на жаль, пакуль не робім.

Першая палова 2002 года азнаменавалася на Беларусі добрым дзесяткам папярэдніх "круглых сталоў" па розных накірунках плана дзеянняў па захаванню тоеснасці культуры, якія сталі падрыхтоўчым этапам да Міжнароднага сімпозіума "Разнастайнасць моў і культур ва ўмовах глабалізацыі". Дзейсным каардынатарам гэтай працы стаў пісьменнік Васіль Якавенка. Дазволю сабе заўважыць, што перавага на ім была аддадзена вельмі вострай на Беларусі моўнай праблеме,але гэта не адпавядала сутнасці самой Дэкларацыі аб культурнай разнастайнасці.

Назвы "круглых сталоў" напярэдадні сімпозіума гавораць самі за сябе: "Улада і культура", "Мова сродкаў масавай інфармацыі", "Мова, адукацыя і час", "Беларуская мова: інтэрнэт і камп'ютар" і інш. Найбольш блізка духу Дэкларацыі адпавядала тэма "Праблемы традыцыйнай культуры", якая была святочна арганізавана дакладна ў дзень самага адметнага на Беларусі свята Вялікадня Беларускім фондам культуры і навукова-даследчай лабараторыяй беларускага фальклору Белдзяржуніверсітэта ў Траецкім прадмесці 5 мая 2002 года. Грунтоўныя даклады вядомых вучоных Мікалая Крукоўскага "Глабалізацыя, постмадэрнізм і нацыянальныя культуры", Леаніда Лыча "Традыцыйная культура як фактар захавання нацыянальнай самабытнасці беларусаў", Таццяны Шамякінай "Народная культура ва ўмовах глабалізацыі" і іншых 10 выступоўцаў раскрылі складанасць сітуацыі ў справе захавання культурнай разнастайнасці на Беларусі. Навуковыя разважанні былі дапоўнены мастацкім паказам валачобных праграм лепшых рэгіянальных фальклорных гуртоў. Над Нямігай, у гістарычным цэнтры Мінска гэта гучала больш чым шматзначна.

У друку дастаткова грунтоўна і палемічна асвятляўся сімпозіум, які адбыўся у Мінску 8 - 10 ліпеня 2002 года. Яго адкрыў Каіціра Мацууры, які даў глыбокі аналіз шматаблічнасці культурнай спадчыны народаў свету, заклікаў да беражнага захавання яе ва ўрбанізаваным грамадстве, глабалізаваным свеце, што асабліва важна на Беларусі. З глыбокімі аналітычнымі дакладамі на сімпозіуме выступілі акадэмік Аляксандр Вайтовіч, нямецкі вучоны Роланд Марці, французскі сацыялінгвіст Жан-Пьер Жанто, член-карэспандэнт НАН Украіны Рыгор Піўтарак і многія беларускія вучоныя і пісьменнікі. Вельмі важнай палічылі і ўхвалілі ўдзельнікі прапанову расійскага акадэміка-эколага Эрыка Сляпяна, ураджэнца Беларусі, аб правядзенні раз у два - тры гады ў Мінску пад эгідай ЮНЕСКА форумаў у абарону культурнай разнастайнасці. "Толькі тады, -- зазначыў ён, -- можна будзе прасачыць за развіццём духоўнай культуры ў свеце ды аказваць пэўны ўплыў на негатыўныя праявы глабалізму ў грамадскім і культурным жыцці".

Кіруючыся гэтым перспектыўным для нас пажаданнем, мы прапаноўваем "Усеагульную дэкларацыю аб культурнай разнастайнасці",якая падрыхтавана да друку ў навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору Белдзяржуніверсітэта.

Васіль Ліцьвінка


Усеагульная Дэкларацыя ЮНЕСКА аб культурнай разнастайнасці

2 лістапада 2001 г.
31 сесія Генеральнай канферэнцыі
Парыж

Генеральная канферэнцыя,

прытрымліваючыся мэты поўнага забеспячэння правоў чалавека і асноўных свабод, абвешчаных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і агульнапрызнаных прававых актах, такіх, як два Міжнародныя пакты 1966 г., адзін з якіх датычыць грамадзянскіх і палітычных правоў, а другі - эканамічных, сацыяльных і культурных правоў,

нагадваючы Прэамбулу Статута ЮНЕСКА, якая сцвярджае, што "...для падтрымкі чалавечай годнасці неабходна шырокае распаўсюджванне культуры і адукацыі на аснове справядлівасці, свабоды і міру; пагэтаму на ўсе народы ў гэтым сэнсе ўскладваецца святы абавязак, які належыць выконваць у духу ўзаемнага супрацоўніцтва",

нагадваючы таксама I артыкул Статута, у якім перад ЮНЕСКА, сярод іншага, ставіцца заданне рэкамендаваць заключэнне "міжнародных пагадненняў, якія яна палічыць карыснымі для свабоднага распаўсюджвання ідэй слоўным і выяўленчым шляхамі",

спасылаючыся на палажэнні, якія датычаць культурнай разнастайнасці і ажыццяўлення культурных правоў і якія ўказваюцца ў прынятых ЮНЕСКА міжнародных заканадаўчых актах,1

зноў пацвярджаючы, што культура павінна разглядацца як сукупнасць уласцівых грамадству ці сацыяльнай групе адметных прыкмет - духоўных і матэрыяльных, інтэлектуальных і эмацыянальных - і што акрамя мастацтва і літаратуры яна ахоплівае лад жыцця, "уменне суіснаваць, сістэму каштоўнасцяў, традыцыі і вераванні"2,

канстатуючы, што культура знаходзіцца ў цэнтры сённяшняй дыскусіі па пытаннях самабытнасці, згуртаванасці грамадства і і развіцця эканомікі на базе ведаў,
сцвярджаючы, што павага да разнастайнасці культур, талерантнасць, дыялог і супрацоўніцтва ва ўмовах ўзаемадаверу і ўзаемаразумення з'яўляюцца лепшымі гарантыямі міжнароднага міру і бяспекі,
імкнучыся да больш шырокай салідарнасці, заснаванай на прызнанні культурнай разнастайнасці, асэнсаванні адзінства чалавецтва і развіццё міжкультурнага абмену,
мяркуючы, што працэс глабалізацыі, які стымулюецца хуткім развіццём новых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, хоць і з'яўляецца у пэўнай меры выклікам культурнай разнастайнасці, адначасова стварае ўмовы для абнаўлення дыялогу паміж культурамі і цывілізацыямі,

1. Да іх, у прыватнасці, належаць: Фларэнтыйскае пагадненне 1950 г. з Найрабійскім пратаколам да яго 1976 г., Сусветная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952 г., Дэкларацыя прынцыпаў міжнароднага культурнага супрацоўніцтва 1966 г., Канвенцыя аб захадах, накіраваных на забарону і папярэджанне незаконных імпарту, экспарту і перадачы правоў уласнасці на культурныя каштоўнасці 1970 г., Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і
прыроднай спадчыны 1972 г., Дэкларацыя аб расе і расавых забабонах 1978 г., Рэкамендацыя аб статусе творчых супрацоўнікаў 1980 г. і Рэкамендацыя аб захаванні фальклору 1980 г.
2. Вызначэнне адпавядае высновам Сусветнай канферэнцыі па палітыцы ў галіне культур (МОНДЫЯКУЛЬТ, Мехіка, 1982 г.), Сусветнай камісіі па культуры і развіцці ("Наша творчая разнастайнасць", 1995 г.) і Міжурадавай канферэнцыі па палітыцы ў галіне культуры ў мэтах развіцця (Стакгольм, 1998 г.

усведамляючы, што ў рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый на ЮНЕСКА ускладзены канкрэтныя паўнамоцтвы забяспечыць захаванне разнастайнасці культур і спрыяць іх развіццю,

абвяшчае наступныя прынцыпы і прымае дадзеную Дэкларацыю:

Самабытнасць, разнастайнасць і плюралізм

Артыкул 1. Культурная разнастайнасць як агульны набытак чалавецтва

Формы культуры змяняюцца ў часе і прасторы. Гэтая культурная разнастайнасць выяўляецца ў непаўторнасці і шматстайнасці рыс, уласцівых групам і супольнасцям, якія складаюць чалавецтва. З'яўляючыся крыніцай абмену, абнаўлення і творчасці, культурная разнастайнасць гэтаксама неабходная чалавецтву, як біяразнастайнасць жывой прыродзе. У гэтым сэнсе яна з'яўляецца агульнай спадчынай чалавецтва і павінна быць прызнана і замацавана на карысць цяперашняга і будучых пакаленняў.

Артыкул 2. Ад культурнай разнастайнасці да культурнага плюралізму

У нашым грамадстве, якое становіцца ўсё больш разнастайным, належыць забяспечыць гарманічнае ўзаемадзеянне і імкненне да суіснавання людзей і супольнасцей з плюралістычнай, шматстайнай і дынамічнай культурнай самабытнасцю. Палітыка, якая падтрымлівае інтэграцыю і ўдзел усіх грамадзян, з'яўляецца гарантыяй сацыяльнай згуртаванасці, жыццяздольнасці грамадзянскай супольнасці і міру. У гэтым сэнсе культурны плюралізм уяўляе сабой палітычны адказ на рэаліі культурнай разнастайнасці. Культурны плюралізм, непарыўна звязаны з дэмакратыяй, стварае спрыяльнае асяроддзе для культурныга абмену і росквіту творчых здольнасцей, сілкуе жыццёвыя сілы грамадства.

Артыкул 3. Культурнае разнастайнасць як чыннік развіцця

Культурная разнастайнасць пашырае магчымасці выбару для кожнага чалавека, яна з'яўляецца адной з крыніц развіцця ў плане эканамічнага росту, але і як сродак, які забяспечвае паўнацэннае інтэлектуальнае, эмацыянальнае, маральнае і духоўнае жыццё.

Культурная разнастайнасць і правы чалавека

Артыкул 4. Правы чалавека як гарантыя культурнай разнастайнасці

Абарона культурнай разнастайнасці з'яўляецца этычным імператывам, неад'емным ад павагі да асобы чалавека .Пад гэтым трэба разумець абавязацельствы па захаванні правоў чалавека і асноўных свабод, асабліва правоў асоб, якія належаць да меншасцяў і да карэнных народаў.Недапушчальна спасылацца на культурную разнастайнасць для нанясення шкоды правам чалавека, гарантаваным міжнародным правам, або для абмежавання сферы іх ужытку.

Артыкул 5. Культурныя правы як спрыяльны чыннік для культурнай разнастайнасці

Культурныя правы складаюць неад'емную частку правоў чалавека, якія з'яўляюцца ўніверсальнымі, непадзельнымі і ўзаемазалежнымі. Неабходнай умовай развіцця творчай разнастайнасці з'яўляецца рэалізацыя ў поўным аб'ёме культурных правоў, як гэта вызначана ў артыкуле 27 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і ў артыкулах 13 і 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Адпаведна, кожны чалавек павіннен мець магчымасць для самавыяўлення, творчасці і распаўсюджвання сваіх твораў на мове, абранай ім, у прыватнасці, на сваёй роднай мове; кожны чалавек мае права на якасную адукацыю і прафесійную падрыхтоўку ва ўмовах поўнай павагі да яго культурнай самабытнасці; кожны чалавек павінен мець магчымасць да ўдзелу ў культурным жыцці паводле свайго выбару і прытрымлівацца сваіх культурных традыцый пры ўмове захавання правоў чалавека і асноўных свабод.

Артыкул 6. Да культурнай разнастайнасці, даступнай для ўсіх

Забяспечваючы свабоднае распаўсюджванне ідэй слоўным і выяўленчым шляхам, неабходна клапаціцца, каб усе культуры маглі б быць аб'ектам самавыяўлення і распаўсюджвання. Залогам культурнай разнастайнасці з'яўляюцца свабода выяўлення думак, плюралізм сродкаў інфармацыі, шматмоўе, поўны доступ да магчымасцяў мастацкай творчасці, да навукова-тэхнічных ведаў, у тым ліку ў лічбавай форме, і забеспячэнне ўсім культурам доступу да сродкаў выражэння і распаўсюджвання ідэй

Культурная разнастайнасць і творчасць

Артыкул 7. Культурная спадчына як крыніца творчасці

Кожны від творчасці чэрпае свае сілы ў культурных традыцыях, але дасягае росквіту ў кантакце з іншымі культурамі. Менавіта таму неабходна захоўваць, папулярызаваць і перадаваць наступным пакаленням культурную спадчыну ва ўсіх яе формах як адбітак вопыту і памкненняў чалаввецтва, ствараючы гэтым самым спрыяльнае асяроддзе для творчасці ва ўсёй яе шматстайнасці і падтрымліваючы шчыры дыялог паміж культурамі.

Артыкул 8. Прадметы і паслугі культурнага прызначэння - асаблівыя каштоўнасці

Ва ўмовах сённяшніх эканамічных і тэхнічных перамен, якія адкрываюць шырокія магчымасці для творчасці і інавацый, асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на разнастайнасць творчых прапаноў, справядлівую ацэнку правоў аўтараў і творчых працаўнікаў, а таксама спецыфіку прадметаў і паслуг культурнага прызначэння, якія, з'яўляючыся носьбітамі самабытнасці, каштоўнасцяў і сэнсу, не павінны разглядацца як звычайныя прадметы ці спажывецкія тавары.

Артыкул 9. Палітыка ў галіне культуры як каталізатар творчасці

Палітыка ў галіне культуры, забяспечваючы свабоднае распаўсюджванне ідэй і твораў, павінна ствараць умовы, якія б спрыялі вытворчасці і распаўсюджванню разнастайных тавараў і паслуг культурнага прызначэння з дапамогай індустрыі культуры, якая валодае сродкамі, неабходнымі для іх замацавання на мясцовым і глабальным узроўнях. Кожная дзяржава, выконваючы свае міжнародныя абавязацельствы, сама распрацоўвае палітыку ў галіне культуры і ажыццяўляе яе тымі метадамі, якімі лічыць найбольш адпаведнымі, у тым ліку шляхам аператыўнай падтрымкі і стварэння належнай нарматыўна-прававой базы.

Культурная разнастайнасць і міжнародная салідарнасць

Артыкуул 10. Умацаванне творчага патэнцыялу і магчымасцяў распаўсюджвання культурнай прадукцыі ў глабальным маштабе

Ва ўмовах цяперашняга дысбалансу ў глабальных патоках тавараў культурнага прызначэння і абмена імі трэба умацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва і салідарнасць з мэтай садзеяння ўсім краінам, у тым ліку тым, якія знаходзяцца на стадыі развіцця і на пераходным этапе, каб яны змаглі стварыць устойлівыя індустрыі культуры, здольныя канкурыраваць на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Артыкул 11. Наладжванне партнёрства паміж дзяржаўным сектарам, прыватным сектарам і грамадзянскай супольнасцю

Захаванне і заахвочванне культурнай разнастайнасці, якая з'яўляецца вызначальным чыннікам устойлівага развіцця чалавецтва, немагчыма забяспечыць толькі сіламі рынку.Таму належыць яшчэ раз падкрэсліць прыярытэтнасць дзяржаўнай палітыкі ў партнёрстве з прыватным сектарам і грамадзянскай супольнасцю.

Артыкул 12. Роля ЮНЕСКА

У адпаведнасці са сваім мандатам і функцыямі ЮНЕСКА адказвае за:
а) садзеянне ажыццяўленню абвешчаных у дадзенай Дэкларацыі прынцыпаў у стратэгіі развіцця, якая распрацоўваецца рознымі міжурадавымі арганізацыямі;
б) выкананне інфармацыйных функцый і каардынацыю намаганняў дзяржаў, міжнародных урадавых і неўрадавых арганізацый, грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара па сумеснай распрацоўцы канцэпцый, задач і палітычных рашэнняў у падтрымку культурнай разнастайнасці;
г) правядзенне далейшай норматворчай работы, а таксама дзейнасці па прыцягненню ўвагі грамадскасці і ўмацаванню патэнцыялаў у галінах, якія закранаюцца дадзенай Дэкларацыяй і належаць да яе кампетэнцыі;
д) садзеянне ажыццяўленню Плана дзеянняў, асноўныя напрамкі якога фігуруюць у дадатку да дадзенай Дэкларацыі.

Асноўныя напрамкі плана дзеянняў па ажыццяўленню Усеагульнай дэкларацыі ЮНЕСКА аб культурнай разнастайнасці

Дзяржавы - сябры абавязуюцца прымаць належныя меры з мэтай шырокага распаўсюджвання Усеагульнай дэкларацыі ЮНЕСКА аб культурнай разнастайнасці і садзеяння яе эфектыўнаму ажыццяўленню, у прыватнасці, шляхам супрацоўніцтва ў дасягненні наступных мэт:

1. Паглыбленне міжнароднай дыскусіі па пытаннях культурнай разнастайнасці, у прыватнасці, датычных яго сувязі з развіццём і яго ўплыву на распрацоўку палітыкі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях; актывізацыя, у прыватнасці, дзейнасці
па аналізу мэтазгоднасці прыняцця міжнароднага прававога акта па культурнай разнастайнасці.

2. Працяг працы па вызначэнні як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях прынцыпаў, норм і метадаў, а таксама сродкаў, якія садзейнічаюць прыцягненню ўвагі грамадскасці, і форм супрацоўніцтва, найбольш адпаведных захаванню культурнай разнастайнасці і спрыянню ёй.

3.  Спрыянне абмену ведамі і найбольш эфектыўнай практыкай у галіне культурнага плюралізму з мэтай садзеяння стварэнню ў неаднародных грамадствах умоў для інтэграцыі і ўдзелу ў іх жыцці людзей і груп з рознымі культурнымі каранямі.

4. Больш глыбокае разуменне і ўдакладненне зместу культурных правоў як неад'емнай часткі правоў чалавека.

5. Захаванне моўнай спадчыны чалавецтва і садзеянне самавыражэнню, творчасці, распаўсюджванню ідэй на максімальна вялікай колькасці моў.

6. Заахвочванне моўнай разнастайнасці пры захаванні павагі да роднай мовы на ўсіх узроўнях адукацыі ўсюды, дзе гэта магчыма, а таксама вывучэння некалькіх моў з самага ранняга ўзросту.

7. Садзеянне з дапамогай адукацыі ўсведамленню пазітыўнай ролі культурнай разнастайнасці і ўдасканальванне ў гэтых мэтах распрацоўкі школьных праграм і падрыхтоўкі выкладчыкаў.

8. Уключэнне па меры неабходнасці ў працэс навучання традыцыйных педагагічных прыёмаў з мэтай захавання і аптымізацыі ўласцівых той ці іншай культуры метадаў камунікацыі і перадачы ведаў.

9. Садзеянне распаўсюджванню "пісьменнасці ў галіне лічбавых тэхналогій" і ўдасканальванне навыкаў выкарыстання інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, якія належыць часова разглядаць як вучэбныя дысцыпліны, педагагічныя сродкі, здольныя павысіць эфектыўнасць паслуг у галіне адукацыі.

10. Пашырэнне моўнай разнастайнасці, а таксама спрыянне больш лёгкаму доступу праз глабальныя сеткі да рознай інфармацыі з'яўляецца агульным набыткам.

11. Барацьба ў цесным супрацоўніцтве з кампетэнтнымі ўстановамі сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый за пераадоленне "лічбавага разрыву" шляхам пашырэння доступу краін на стадыі развіцця да новых тэхналогій, дапамога ім у засваенні інфармацыйных тэхналогій, садзеянне распаўсюджванню мясцовай культурнай прадукцыі ў лічбавай форме і спрашчэнне для гэтых краін доступу да сусветных лічбавых рэсурсаў адукацыйнага, культурнага і навуковага характару.

12. Падтрымка вытворчасці, захавання і распаўсюджванне розных па зместу матэрыялаў праз сродкі інфармацыі і глабальнуую інфармацыйную сетку і павышэнне ў гэтых мэтах ролі грамадскіх служб радыё - і тэлевяшчання ў стварэнні высокаякаснай аўдыёвізуальнай прадукцыі, у прыватнасці, шляхам садзеяння стварэнню сумесных механізмаў, якія б садзейнічалі распаўсюджванню такой прадукцыі.

13. Распрацоўка палітыкі і стратэгій захавання і папулярызацыі культурнай і прыроднай спадчыны, у прыватнасці, вуснай і нематэрыяльнай, і барацьба з незаконным гандлем таварамі і паслугамі культурнага прызначэння.

14. Павага да традыцыйнах ведаў і абарона іх, у прыватнасці, назапашаных карэннымі народамі; прызнанне ролі традыцыйных ведаў, асабліва ў пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і кіравання прыроднымі рэсурсамі, падтрымка сінэргіі паміж сучаснай навукай і ведамі мясцовага насельніцтва.

15. Аказанне дапамогі ў забеспячэнні мабільнасці творчых работнікоў, дзеячоў мастацтва, даследчыкаў, вучоных і працаўнікоў разумовай сферы ўвогуле, а таксама ў распрацоўцы праграм і наладжванні міжнароднага супрацоўніцтва ў навуковых даследаваннях поруч з захадамі па захаванню і нарошчванню творчага патэнцыялу краін на стадыі развіцця і краін пераходнага этапу.

16. Забеспячэнне абароны аўтарскіх і сумежных правоў у інтарэсах развіцця сучаснай творчасці і забеспячэнне справядлівага ўзнагароджвання за творчую працу пры адначасовай абароне правоў грамадзян на доступ да культуры у адпаведнасці з артыкулам 27 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

17. Аказанне дапамогі ў стварэнні або ўмацаванні індустрыі культуры ў краінах на стадыі развіцця і краінах пераходнага этапу і ў сувязі з гэтым садзеянне ў развіцці неабходных інфраструктур і ў падрыхтоўцы адпаведных спецыялістаў, аказанне падтрымкі ў фарміраванні жыццяздольных мясцовых рынкаў і пашырэнне доступу культурнай прадукцыі гэтых краін на сусветныя рынкі і ў міжнародную размеркавальную сетку.

18. Распрацоўка палітыкі ў галіне культуры, спрыяльнай ажыццяўленню прынцыпаў, абвешчаных у дадзенай Дэкларацыыі, у тым ліку шляхам выкарыстання мехаанізмаў аператыўнай падтрымкі і/або стварэння неабходнай нарматыўна-прававой базы пры выкананні міжнародных абавязацельстваў кожнай дзяржавы.

19. Актыўнае прыцягненне розных груп грамадзянскай супольнасці да распрацоўкі дзяржаўнай палітыкі захавання і заахвочвання культурнай разнастайнасці.

20. Прызнанне і заахвочванне магчымага ўклада прыватнага сектара ў папулярызацыю культурнай разнастайнасці, а таксама садзеянне ў стварэнні з гэтай мэтай ўмоў для дыялогу паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі.

Дзяржавы-сябры рэкамендуюць Генеральнаму дырэктару улічваць мэты, акрэсленыя дадзеным Планам дзеянняў, пры ажыццяўленні праграм ЮНЕСКА і азнаёміць з ім установы сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншыя зацікаўленыя міжурадавыя і няўрадавыя арганізацыі для павышэння эфектыўнасці мерапрыемстваў па падтрымцы культурнай разнастайнасці.

© Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору БДУ, 2006