Навіны. Гісторыя і калектыў, выконваемыя праекты. Відэа-, аудыё- і рэгіянальны архівы запісаў беларускага фальклору. Дакументы. Каляндары свят і абрадаў. Кантакты.

www.folkndl.bsu.by Аб лабараторыі Дыскаграфія Архівы Дакументы Рознае Кантакт
Раздзел: Рознае

Кароткі каляндар свят і памятных дат на 2006 год Каляндар свят i абрадаў беларусаў на 2006 год Два ўзоры запісаў фальклору Фёдара Клімчука Фальклорная практыка: метадычныя ўказаннi i праграма-апытальнік. Вучэбна-метадычны комплекс. Alta-TECH
Дакумент: Каляндар свят i абрадаў беларусаў на 2006 год

На гэтай старонцы:
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Травень
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Падрабязна

Студзень
6 студзеня - Посная куцця
7 студзеня - Каляды
13-14 студзеня - Шчодрык-Васілле
19 студзеня - Вадохрышча


Люты
15 лютага - Стрэчанне-Грамніцы
27 лютага - 5 сакавіка - Масленка


Сакавік
27 лютага - 5 сакавіка - Масленка
5 сакавіка - Гуканне вясны
22 сакавіка - Саракі


Красавік
6 красавіка - Камаедзіца
7 красавіка - Звеставанне
16 красавіка - Вербніца
23 красавіка - Вялікдзень
27 красавіка - Наўскі вялікдзень


Травень
6 траўня - Юр'е
22 траўня - Мікола


Чэрвень
1 чэрвеня - Ушэсце
8 чэрвеня - Сямік
11 чэрвеня - Тройца
12 чэрвеня - Провады русалкі


Ліпень
6 ліпеня - Купала
12 ліпеня - Пятра-Паўла


Жнівень
2 Жніўня - Ілля
14 жніўня - Макавей
19 жніўня - Яблычны Спас
28 жніўня - Прачыста
29 жніўня - Дажынкі


Верасень
21 верасня - Багач


Кастрычнік
14 кастрычніка - Пакроў


Лістапад
4 лістапада - Дзяды
28 лістапада - Піліпаўка


Снежань



Падрабязна

* Пазначаныя зорачкай магічныя прыпевы, якія павінны былі зрабіць жадаемае рэальным, спяваюцца пасля кожнага радка ці двухрадкоўя, або з паўторам другой часткі радка (пераважна ў карагодах)


6 студзеня - Посная куцця

Была заканчэннем 6-тыднёвага перадкаляднага пасту, які пачынаўся 28 лістапада і быў пачаткам зімовых святак ў гонар зімовага сонцавароту, якія працягваліся да Вадохрышча (19 студзеня).
Адпаведна назве, гэта было сямейнае ўрачыстае поснае застолле-вячэра, галоўнай стравай якой была ячная каша з алеем.
Асноўным зместам поснай куцці было ўшанаванне продкаў з запрашэннем іх на вячэру, варажба на будучы ураджай і магічныя дыялогі з марозам, каб ён прыйшоў цяпер, зімой, а летам не хадзіў. Ячная каша варылася ў адным і тым жа гаршку, яе забаранялася каштаваць да вячэры. Магічнае значэнне куцці тлумачылася тым, што зерне валодае якасцю доўга захоўвацца і зноў аднаўляць жыццё множыць яго і сімвалізуе земляробчы кругаварот, бясконцасць жыцця.
Стол для застолля пакрываўся сенам і зверху белым абрусам, ставілася міска з падсалоджанай мёдам куццёй. З-пад абруса потым выцягвалі сцяблінкі і па іх даўжыні меркавалі аб будучым ураджаі ільну і збожжа. Гаспадар адчыняў акно і клікаў: "Мароз, мароз, хадзі куццю есці! Ідзі, калі завем, а калі не завем - не хадзі, бо калі будзем араць - будзем цябе на пашы драць!", - ставіў лыжку куцці на талерачцы на адчыненае акно. Гаспадыня прыгаворвала: "Мароз, мароз, хадзі куццю есці! І іржа, і бель, хадзі цяпер! А ўлетку не бывайце, хлеба нашага не ўбівайце."
Паміж імі адбываўся дыялог: "Ці бачыш ты мяне?" - "Не, не бачу!" - "Каб жа ты не бачыў за стагамі, за капамі, за снапамі свету!" А гаспадар: "Каб жа ты не бачыла за гуркамі, буракамі, гарбузамі свету."
Калі вымалі куццю з печы, дзеткі залазілі пад стол там "кокалі" і "ціўкалі", як кура-квахтуха і цыпляткі, кукарэкалі пеўнем, а маці сыпала ім семкі - "каб многа выводзілася куранят і каб куры часцей несліся.
Шасцітыднёвая "Піліпаўка надакучыла, дзеўкам жываты перамучыла, мальцам жамеры зубы праелі", таму з радасцю чакалі багатай, шчодрай, скаромнай тлустай куцці 13 студзеня. Заканчэннем калядных святак была таксама куцця, але галодная, вадзяная 18 студзеня перад Вадохрышчам.


7 студзеня - Каляды

Правільна будзе бачыць у Калядах вынік двайнога перанясення першага дня землярабочага года спачатку з прыняццем хрысціянства з сонечнага, самага старажытнага веснавога (цяпер гэта Вялікдзень), на восень, а потым Пятром І па агульнаеўрапейскаму ўзору на зіму. Магічныя дзеянні і абходныя песні-калядкі каля-ляды - выпаленага для нівы кавалка зямлі - арганічна сумясціліся ў хрысціанскую эпоху з нараджэннем Хрыста і прадаўжаліся да 19 студзеня - Вадохрышча. З тысяч калядак, з якой абходзілі гаспадаркі, самая папулярная спявае-велічае:
Добры вечар табе, пане гаспадару,
Прыпеў: Радуйся, ой радуйся, зямля,
Год новы нарадзіўся! *
Засцілайце столы ўсе абрусамі.
Кладзіце пірагі з ярае пшаніцы.
Бо прыйшлі да цябе тры святочкі ў госці.
А першае свята - святыя Каляды.
А другое свята - святое Васілле.
А трэцяе свята - свята Вадохрышча.
Хай святкуе з вамі ўся ваша радзіна.

За песню трэба было даць ахвяру (хлеб, сала, каўбасу) сонцу.
Тэатралізаваная прыгажосць Калядаў ствараецца песнямі, музыкай, скокамі, маскамі, сіваламі: ўрадлівасці - казы, часоў перасялення народаў - коніка і татэмным - мядзведзя. Але галоўным песенным вобразам з'яўляецца ўвасабленне зімовага сонцавароту (па астранамічнаму гэта адбываецца з 21 на 22 снежня) сама Каляда, якая "прыехала вечарам на маляваным вазочку, на белым кані, прынесла дудачку ў рэшаце, сама села на куце ля куцці."
На Каляды ад хаты да хаты насілі асветленую знутры зорку, на якой былі намаляваны розныя казачна-легендарныя фігуркі. Калі шматпрамянёвую частку зоркі круцілі, то гэтыя фігуркі як бы бегалі. У старажытныя часы зорка была сімвалам санцавароту, а з прыняццем хрысціянства - зоркай, якая паўстала па легендзе над шопкай, дзе нарадзіўся Хрыстос. Пра гэта спявалі:
Неба і зямля, неба і зямля радасна спяваюць,
Анёлы людзям, анёлы людзям дзіва абвяшчаюць:
Прыпеў: Хрыстос нарадзіўся, Бог абвясціўся,
Анёлы спяваюць, пастухі іграюць,
Дзіва, дзіва абвяшчаюць. *
У Віфліеме, у Віфліеме вясёла навіна,
Чыстая дзева, чыстая дзева нарадзіла сына
І мы дзіцятку, і мы дзіцятку,
Богу паклон дайма,
Слава ўсявышню, слава ўсявышню
Яму заспявайма.

З 7 па 18 студзеня на паўночна-заходнім Паазёр'і ва ўсе калядныя вечары, якія з-за іх незвычайна карнавалізаванай, тэатралізаванай смехавой культуры называлі "крывымі" як водгулле шлюбных звычаяў дапарнай сям'і ў самай вялікай хаце вёскі да першай ранішняй зоркі моладзь "жаніла Цярэшку". Хлопцы і дзяўчаты, па дазволу "маткі і бацкі", спяваюць песенькі-цярэшкі жартоўна-эратычнага зместу, водзяць карагоды з "лоўляй дзядоў", папераменна праз лявоніху і пацалункі - "жаніліся". Гэта была сапраўдная вясельная камедыя, якая ў дзяржаўныя часы парнай сям'і часта заканчвалася сапраўдным юрыдычным шлюбам.


13-14 студзеня - Шчодрык-Васілле
Шчадрэц, Шчодра, Гагатуха, Конікі - разнастайныя рэгіянальныя назвы сустрэчы Новага года па юліянскаму календару, якога прытрымліваецца праваслаўе. Свята з'яўляецца кульмінацыяй зімовых святак у гонар сонцавароту, галоўнай часткай якой, як і ў час калядаванняў, быў абход двароў, гаспадарак, хат са шчадроўкамі. Часцей за ўсё велічна, магічна ідэалізавалі хлопца:
Ой, там, пад шчадром Васілька з канём,
Ой, грай мора, радуйся зямля! *
На кані сядзіць, дудачку дзяржыць.
У дудачку іграе, слічна спявае.
Прыйшла да Васіля матанька яго:
Ой, сынку, сынку, хто цябе вучыў?
Хто цябе вучыў у дудачку іграці?
У дудачку іграці, слічна спяваці?
Была ў караля адная дачка,
Яна навучыла ў дудачку іграці.
У дудачку іграці, слічна спяваці.

"Крывыя вечары", калі можна было рабіць усё наадварот, чым у звычайныя (зацягнуць воз ці сані на вільчык хлява ці гумна, завесці ў хату каня, мераць печ кійком і патрабавайь выкуп, пераапранацца, варажыць і шм. інш.) былі найбольш разгульнай, тэатралізаванай, камедыйнай, жартоўнай вясёлай часткай зімовых святак. Наперадзе шчадроўнага гурта ішоў павадыр у світцы, лапцях, з барадой з ільну і носам з морквы, вёў і паганяў пугай казу ці коніка (на цэнтральным Палессі), на якім быццам гарцаваў. З ім побач (на ўсходнім Палессі) ішла Шчодра - найбольш прыгожая жанчына-запявала з вянком на галаве. За імі - музыкі з гармонікам, скрыпкай, турэцкім барабанам (з брызготкамі) і пераапранутыя рознымі істотамі і пераўвасобленыя ўдзельнікі гурта.
У адрознені ад калядак, якія спяваліся пад вокнамі, шчадроўкі-прадстаўленні з . казой, конікам, буслам, жоравам, мядзведзем, смерцю ладзіліся з дазволу гаспадароў у хаце. Звычайна пасля карагода-інсцэніроўкі каза ці конік падалі ад знямогі і тут уступала ў дзею механоша з прыгаворамі: "Трэба тры кускі сала, каб каза ўстала, рэшата аўса, паверх каўбаса. Нашай козаньцы нямнога трэба: два боханы хлеба, сем печ перапеч! А яшчэ аладкі, каб былі бакі гладкі! Яшчэ таго мала - дайце кусок сала, чацьвёрты пірог, каб казу сцярог. А хто харошы - хай насыпле грошы. Шчодра дарыце, здаровы бывайце!" Шчадроўныя ахвяры сапраўды багатыя. Найлепш Шчодрык захаваўся на Палессі да нашага часу ў варыянце "Конікаў" у Давыд-Гарадку, дзе звычайна два вершнікі - дарослы і малы.
14 студзеня зранку дзеці "засявалі хаты" - магічна ўплывалі на будучы ўраджай. Яны прыходзілі да сваіх бабуль-павітух, дзядуляў, хрышчоных, родных з зернем у прыполіку і з прыгаворам "Сею, сею, засяваю, з новым годам віншую, добрага ўраджаю жадаю!" рассыпалі зерне па хаце.


19 студзеня - Вадохрышча

Ачышчальную, вялікую гаючую сілу вады людзі ведалі з самых старажытных часоў і таму паўсямесна абагаўлялі яе ў выглядзе святых месцаў, часцей за ўсё крыніц і азёр. Зразумела, што большасць іх звязана з летнім сонцаваротам - Купаллем, але з прыходам хрысціянства і легендай аб хрышчэнні Хрыста ў вадзе ў 30-гадовым узросце, стала вялікім святам Вадохрышча, звязанае з зімовым сонцаваротам. З яго ў народным календары пачынаецца больш позняя, чым восеньская Вялікая вясельніца, Малая вясельніца або калядны месяц, які доўжыцца да Масленкі.
Ахрышчаным ў гэты дзень прадказваўся шчаслівы лёс, а сватанне або заручыны былі сваеасаблівай гарантыяй шчаслівага шлюбу, здаровых дзетак. Абавязковым рытуалам было ставіць мелам крэжы на дзвярах, акенцах хат і пабудоў як ахоўныя знакі на ўвесь год ад пажараў, маланкі, зладзейства. Такім чынам, Вадохрышча сімвалічна ставіла крыж на "крывых вечарах" і было пераходам да будучых веснавых клопатаў. Лічыцца, што зіма павярнула на вясну: "Трашчы, не трашчы - ужо прышлі Вадохрышчы", "Святое Вадохрышча ваду каціла, ваду ачысціла і наверх пусціла."



15 лютага - Стрэчанне-Грамніцы

Сталае свята супрацьстаяння холаду і цяпла, сустрэчы зімы з летам, якое выдатна адлюстравана ў стрэчаньскім тэатралізаваным праз увасабленне каргодзе:
А ў нас сённе Стрэчанне, Стрэчанне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула,
І ножаньку звіхнула, звіхнула!
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы!

Фактычна стрэчанне - першае свята змены пор года ад зімы да лета, якое адлюстравалася ў прыказках і прыкметах: "Прыйшлі Грамніцы - скідай рукавіцы", "Калі на Грамніцы певень нап'ецца з калюгі вадзіцы, то на Юр'я наесца травіцы"; "Стрэчанне вясну гукае"; "Калі на Стрэчанне рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён, а калі мяце снег, то будзе позняя вясна".
Па свайму музычнаму стылю стрэчаньскія песні-карагоды блізкія да вяснянак, у іх часта гучаць элементы "гукання вясны". Два асноўныя антрапаморфныя вобразы іх маюць за сабой сваю, песенную аснову і прыгожа "перапяваюць" адзін аднаго:
Зіма з летам сустракаецца
Пра здароўейка пытаецца:
- Ой, чалом, чалом ды цёплае лецечка!
- Ой, здарова была ды халодная зімачка!
- Што цябе, лецейка, узвялічваюць,
Мяне, зімачку, праклінаюць,
- Бо ты, зімачка, халодная,
Лугі, балоты памарозіла,
А я, лецечка, ды вясёлае
Лугі, горы ізмачыла,
Лугі, горы ўзвесяліла.
Ой, там хлопчыкі збіраюцца,
Ды на мёд, квас складаюцца,
Ой, ты, Йваначка, кладзі больш усіх,
Твая Ганначка лепш за ўсіх.

Другая назва свята, Грамніцы, гістарычна больш позняя, рытуалізаванная, вытокі якой у кульце агню, звязваецца з імем язычніцкага бога маланкі Грамаўніка. Агонь, які запалены маланкай, як сучасны алімпійскі, лічыцца "жывым" і мае цудадзейную ахоўную сілу.
14 лютага на Грамнічнага бацьку рыхтаваліся вялікія васковыя свечкі да метра вышынёй, якія трэба была на Грамніцы запаліць у хрысціянскія часы ў царкве, прынесці дадому, крыжападобна падпаліць валасы ўсім хатнім жывёлам. Грамнічныя свечкі ігралі велізарную ролю ў святочным і паўсядзённым побыце людзей: з імі тройчы абыходзілі з ахоўнымі мэтамі жывёлу на Юр'я, іх запальвалі на засеўкі, на Іллю і на Багача з імі абыходзілі хаты, сустракалі маладых на вяселлі, дзіцятка на радзінах, клалі ў руку нябожчыку, ішлі шукаць папараць-кветку на Купалле.


27 лютага - 5 сакавіка - Масленка

Перасоўнае свята восьмага тыдня перад Вялiкаднем, якое асаблiва прыгожа святкуецца пераважна на мяжы з Расiяй. Іншыя назвы: тыдня-Пусты, Развітальны, Сырны, Сырапусны падкрэсліваюць, што ім заканчваліся зімовыя вяселлі каляднага мясаеда і забаранялася есці мяса. Яго замянялі ў вялікай колькасці ("Адзін ем, на другім сяджу") бліны - сімвал сонца, надыходзячай вясны.
На Масленку, поўную смехавой культуры, жартаў, гульняў, ігрышчаў, карагодаў, запальвалі кола на шасту, спальвалі антрапаморфную ляльку зімы, катался на санках, раскручвалі ўдзельнікаў вакол убітага ў лёд на рэчцы слупа і шмат іншых вясёлых забаў, напоўненых асаблівай весялосцю, гарэзлівасцю, гуллівасцю.
У шматлікіх карагодах Масленкі яскрава гучаць спеўныя элементы "гукання вясны", як, напрыклад у наступным, найбольш папулярным з іх:
А ў нас сёння Масленка, Масленка,
А з пад куста ластаўка, ластаўка.
Села ў пана на таку, на таку,
А пан кажа: "Засяку, засяку!"
-Не сячы мяне, паночак, не сячы,
Буду тебе служыці, служыці,
Тваіх дзетак карміці, карміці.

Калі ў Расіі Масленка была провадам зімы, то, як сведчыць прыведзены карагод, на Беларусі гэта была сустрэча вясны. Асноўным рытуалам яе быў чысты дзень - чацвер, калі "цягалі калодку". Жанчыны або дзяўчаты бралі пояс ці вяроўку і прывязвалі да аднаго канца невялікі, але тоўсты драўляны кругляк, а другі - да нагі халастога хлопца ва ўзросце, які ім сустракаўся. Гэта была кара яму за тое, што не ажаніўся ў калядны мясаед. Калі хлопец не хацеў цягаць за сабой калодку - "эратычны сімвал", ён мог адкупіцца - купіць жанчынам пернікі ці цукеркі. Тое ж рабілі з дзяўчатамі, калі яны не выйшлі ў мясаед замуж, нават калі гэта адбылося не па іх віне. Але ім часцей за ўсё чаплялі незаўважана маленькія калодачкі на спіну, кпілі, жартавалі, пацяшаліся.
Хлопец цягнуў драўляны кругляк па вуліцы, астатнія ішлі гуртом і жартавалі. Падыйшоўшы да хаты, дзе ёсць дарослая незамужняя дзяўчына, хлопцы патрабавалі выкуп за "калодку". Дзяўчына запрашала ў хату і частавала.
У гэты ж чацвер на Маслянку аб'язджалі маладых коней, быкоў, валоў, гушкаліся на арэлях, якія прымацоўваліся на варотах, у гумне, каб "на гэты год лён рос моцны і доўгі". У вялікай колькасці частаваліся сырам, маслам, смятанай, малаком, бо ў нядзелю наступалі Загавіны, пасля якіх забаранялася сем тыдняў да Вялікадня есці ўсё жывёльнае, а дазвалялася толькі расліннае і рыбу. Панядзелак пасля Масленкі меў назвы: больш старажытную - Шыльны (шылам чысцілі паміж зубамі ад скаромнага); больш познюю - Паласказуб (у корчмах, насаджаных Пятром I, водкай паласкалі зубы).
Апошні дзень Масленкі - нядзеля мела назву Даравальнай. Пасля вячэры гаспадар садзіўся на кут, а да яго па чарзе пачынаючы са старшых, падыходзілі родныя і, кланяючыся да зямлі, гаварылі: "Прабач, даруй, бацька родны, можа чым, справай ці языком пакрыўдзіў цябе". Калі ўсе папрасілі прабачэння, бацька таксама кланяўся ўсім да ног і прасіў даравання. Таму гэтая нядзеля мела яшчэ назвы Прошчаная, Паставая, Гавенны дзянёк, Загавінная, Пустая, Развітальная, Прабачальная.


9 сакавіка - Гуканне вясны

Перасоўнае свята ў нядзелю маслянага тыдня, якое аб'ектыўна ўзнікла і гучыць там, дзе ўсходзіць сонца - на Падняпроўі. Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы - прыгожую, квітнеючую дзяўчыну "у зялёным саяні", з'яўленне якой звязвалі з прылётам птушачак з выраю і таму іх клікалі - гукалі:
Жавароначкі, прыляціце - у-у-у-у!
Вы нам лецечка прынясіце - у-у-у-у!
А зімачку забярыце - у-у-у-у!
Бо нам зімачка надаела - у-у-у-у!
Усе хлебушкі пераела - у-у-у-у!

Кароценькія гукальныя песенькі - вяснянкі па старажытнай веры ў магічную сілу песеннага слова, падмацаванай палётным, прызыўным, прыгожа працяжным "У-у-у-у!" на высокіх узгорках, якое рэхам адбівалася на наступных, сталі самабытнейшай з'явай спеўнай культуры ўсходняй Беларусі.
Паўсямеснае Гуканне вясны ў нядзелю на Масленку, інтанацыі якога дзе-нідзе гучалі ўжо на Стрэчанне, дасягалі сваёй кульмінацыі на Звеставанне - 7 красавіка, а часам гучалі да Вербніцы - 20 красавіка.
Здзіўляючым па прыгажосці тэкста і мелодыі ўзорам з'яўляецца наступны, дзе гуканне ў сярэдзіне радка:
Песенька мая хароша... у-у-у! харошая.
Схаваю цябе к налецяй... у-у-у! Налецяйку.
Да к налецяйку, к Ушэсцяй... у-у-у! Ушэсцяйку.
Паеду ў поле із сахо... у-у-у! сахою.
Вазьму песеньку з сабо... у-у-у! з сабою.
Буду поле ярава... у-у-у! яраваці.
Буду песеньку яму спява... у-у-у! спяваці.

Спевы вяснянак і гукальных карагодаў на ўзгорках суправаджаліся падкідваннем уверх печыва ў выглядзе жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было, як і спевы, зрабіць жадаемае рэальным - вызваць хутчэйшы надыход вясны.


22 сакавіка - Саракі

Сталае свята ў народным календары, якое прыпадае на другі дзень астранамічнага веснавога раўнадзенства. Думаецца, іменна Саракі былі самым старажытным святам сустрэчы новага года па сонечнаму календару, якое захавалася ў наш час у культуры найбольш старажытных цывілізацый, а ў нашых продкаў з прыходам хрысціянства стала рухомым як Вялікздень - Уваскрасенне Хрыстова.
На Саракі на раздіму звычайна вяртаецца сорак выраяў. Таму гэта святы птушак, якіх здеці, моладзь, як і ў нядзелю на Масленку, гукаюць на высокіх горках, водзяць карагоды, лаздяць гульні з буслінымі лапкамі з печыва - "галёнамі". На Саракі, калі яшчэ быў снег, а калі не было з саломы рабілі бабу, якую потым разбівалі - разрывалі са словамі: "Ідзі, зіма, каб на дзевяць месяцаў ад нас пайшла!" Потым білі старыя гаршкі і пры абыходзе двароў кідалі іх на парог са словамі: "Гаспадынька, кідай сваю пражу (забарона на прадзенне была з 13 сакавіка). Зіма ўжо прагнаная, адчыняй свае дзверы, заві нас угосці!" Гаспадыня частавала вестуноў вясны, якія спявалі:
Дай ужо ж вясна, дай ужо ж красна,
А з стрэх вада капле, а з стрэх вада капле, а з стрэх вада капле.
А ўжо ж табе, хлопча, ужо ж табе, хлопча,
Вандрованька пахне, вандрованька пахне, вандрованька пахне.
Вандруй, вандруй, хлопча, вандруй, вандруй, хлопча
У чыстае поле, у чыстае поле, у чыстае поле.
За ім дзяўчынанька, за ім дзяўчынанька,
Сцяжыначку поле, сцяжыначку поле. сцяжыначку поле.
Дай сцяжыначку поле, дай сцяжыначку поле,
Вярніся, саколе, вярніся, саколе, вярніся, саколе.

Калі гаспадар на Саракі паіў жывёлу, то спачатку мыў свой твар - "каб жывёла слухала яго і набіралася яго розуму". Дзяўчаты адразалі валасы з хваста ў каровы - каб каса ў іх вырасла такой доўгай, як хвост у каровы; весела гушкаліся на арэлях - каб увесь год весела жылося; курам навязвалі прыгожыя стужкі - каб мужам стаў прыгожы хлопец; ля варот ставілі жалязняка, качаргу і памяло - каб ведзьма з'ехала на лысую гару. На Саракі было яшчэ шмат іншых дзеянняў, але галоўнымі ў свяце былі гукальныя вяснянкі: "Вол бушуе - вясну чуе", "Вясна-красна, што ты нам прынесла", "Гу-у-у, вясна, гу-у-у, красна", "Благаславі, маці прачыстая", "Ты пчолачка ярая, ты вылець з-за мора", "Едзе, едзе вясна на залатым кані" і інш.


6 красавіка - Камаедзіца

Сталае ў календары старажытнае татэмнае свята пакланення мядзведзю, якое зафіксавана ў жывым існаванні ў апошняй чвэрці 19 ст.
Паняцце "татэм" у лексіконе амерыканскіх індзейцаў літаральна азначае "яго род" - жывелы продка. Тут маецца на ўвазе сукупнасць вераванняў, абрадаў, звычаяў, рытуалаў, фальклорных твораў, у якіх чуюцца водгукі, заснаваныя на ўяўленнях аб кроўнай роднасці людзей з жывёлай, ад якой паходзяць людзі гэтага роду. Яе забаранялася забіваць, есці яе мяса, крыўдзіць. Да яе адносіліся як да найбольш паважанага члену рода, святой сакральнай істоты, абагаўлялі, уміласціўлівалі. У продкаў беларусаў такой жывёлай быў "мядзведзюхна-бацюхна". Бязмежная павага да яго, сапраўды нейкага "ачалавечанага" нават у знешнасці, нарадзіла яшчэ ў часы даплемяннога ладу жыцця цэлы комплекс уяўленняў, вераванняў, міфаў, казак, песень, матываў пра мядзведзя, якія прысутнічаюць амаль ва ўсіх жанрах фальклору беларусаў і нават нарадзіла свята ўрачыстай сустрэчы мядзведзя пасля доўгага зімовага сну - свята Камаедзіцы літаральна перад Звеставаннем. У гэты дзень рыхтуюцца любімыя стравы мядзведзя-вегетарыянца: сушаны рэпнік, кісель з аўса, гарохавыя камы(адсюль і назва свята). Пасля ўрачыстага абеда і старыя, і малыя кладуцца, але не спяць, а павольна, імітуючы "бацюхну", крэкчучы пераварочваюцца з боку на бок, каб аблегчыць продку ўстаць з зімовай бярлогі. Пасля абеда не працуюць, а расказваюць казкі тыпу "Мядзведзь ліпавая нага", легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, былічкі, мядзвежыя гульні-імітацыі. Лепшым творам ў песеннай творчасці гучыць запісаная Рыгорам Шырмам жніўная песня:
Я пад борам жыта жала,
Пад мяжою дзіця клала.
Мядзведзь з лесу выбягае:
- Памагай бог, маладзічка,
Чаму плача твача тваё дзіцятачка?
- Мядзведзюхна, мой бацюхна,
Вазьмі яго на ручанькі,
Нясі яго ў дуброваньку,
Падой чорну карованьку.
Ой, чорную, падласую,
Майго бацькі ўласную.
- Ой, рад бы я панасіці,
Ды баюся, каб не ўкусіці.
Ой, рад бы я побач сесці,
Ды баюся, каб не з'есці.
Ой, рад бы я пакалыхаці,
Ды баюся, каб не ўдраці!

У восеньскіх песнях "Мядзведзь рыкае, дзевак пугае", а на вяселлі "як мядзведзіцу багатую" вязуць у дом маладога жонку, а свякроў сустракае яе ў вывернутым поўсцю кажусе пад песню "Выйшла маці ў аўчыне", дзе нявестка адказвае: "Ды я таму мядзведзю мёду кіну". Вобраз сакральнага продка прыгожа прысутнічае на Калядах, шматлікіх тэатралізаваных абрадавых прадстаўленнях, кірмашах святах, у народных інтэрмедыях. Асабліва багата ён прадстаўлены ў лясістым Паазер'і, а таму натуральна, што ў сярэднявеччы тут узнікла знакамітая на ўсю Еўропу Смаргонская мядзвежая акадэмія.


7 красавіка - Звеставанне

Сталае свята, якое часцей за ўсё называюць святам прылёту буслоў - сімвалаў "зямлі пад белымі крыламі", "берага белых буслоў" - Беларусі. Шчасце чакала таго чалавека, хто ўбачыць першага прыляцеўшага бусла. Дзеці радасна віталі бусла заклічкамі, дражнілкамі: "Бусел, бусел клекатун, цягаў бабу за каўтун";"Бусел, бусел, на табе галёпу, а ты дай мне жыта копу, на табе сярпа, а ты мне дай жыта снапа".
На Звеставанне было многа павер'яў, забарон: "Дзеўка касу не пляце, птушка кубла не ўе";"Са звеставальнага цяляці каровы не чакаці". Нельга было выганяць жывёлу ў поле, убіваць калы ў зямлю, не вывозілі гной, не рабілі засеўкі, жанчыны не расчэсвалі валасы, каб "куры пасаду не граблі", а гаспадар выконваў рытуал "развязвання сахі" - даставаў, аглядаў яе і рыхтаваў да працы на ніве.
На Звеставанне паўсюдна заканчвалася гуканне вясны, але само рытуальнае дзеянне адбывалася іменна ў гэты дзень. Спявачкі залазілі на вільчыкі гумнаў і спявалі там вяснянкі-гуканні. Потым ішлі і збіралі галлё, распальвалі вогнішча, вакол якога вадзілі карагоды і пелі вяснянкі:
А ў нас сёння Звеставанне. Гу!
Руднецкія дзевачкі, перайдзіце к нам. Гу!
А ў нас хлопчыкі - танны тавар. Гу!
Па дзевяць за шэлег - дзесяты дадатак. Гу!
Руднецкія хлопчыкі, перайдзіце к нам. Гу!
А ў нас дзевачкі - дарагі тавар. Гу!
Па сто рублёў каса, па тысячы краса. Гу!



16 красавіка - Вербніца

Перасоўнае свята ў нядзелю перад Вялікаднем, а ўвесь наступны тыдзень называўся Вербным. У гэты дзень у царкве асвячаюць галінкі распушчанай вярбы - найбольш стойкай і пладавітай, ва ўмовах Беларусі вільгалюбівай расліны, сімвала прыроднай стойкасці. Асвечанай вярбой, каб надаць людзям жыццястойкасць, здароўе, росквіт, жартоўна білі ўсіх прысутных з прыгаворамі, накшталт: "Вярба б'е, не я б'ю, за тыдзень Вялікдзень, будзь здаровы, не ўмірай, Вялікадня дачакай. Ужо недалечка чырвона яечка. Будзь здаровы, як вярба, будзь прыгожы, як вясна, будзь вясёлы, як лета, будзь багаты, як восень!" Асвечаным галінкам, як і грамнічным свечкам, сарачынскім і звеставальным галёпам надавалася магічнае ахоўнае значэнне на ўвесь год. Каб абараніцца ад маланкі, усе члены сям'і з'ядаюць па аднаму пухірку асвечанай вярбы, а гаспадар з прыгаворамі абыходзіў, сцёбаючы, усю жывёлу, пабудовы, вуллі, агарод, поле, магілы продкаў. Асвечаныя галінкі вярбы захоўваліся за бажніцай да наступнай Вербніцы.


23 красавіка - Вялікдзень

Перасоўнае галоўнае нацыянальна-адметнае гадавое свята беларусаў, якое з'яўляецца адной з галоўных прыкмет пры вызначэнні этнічных межаў іх рассялення на захадзе, поўначы і ўсходзе, а таксама для правядзення мяжы паміж цэнтральнай Беларуссю і Палессем як прарадзімай славян, дзе няма галоўнай святочнай традыцыі Вялікадня - валачобніцтва. Ад Вялікадня, які павінен быць па месяцаваму календару паміж поўняй і маладзіком і ў асноўным прыпадаў (за рэдкім выключэннем) на красавік, адлічваліся ўсе перасоўныя святы ад восьмых тыдняў Масленкі наперад і Русальнага тыдня пасля.
Эпічна распрацаваныя, часам да 320 радкоў, заўсёды мажорныя, гімнічныя, жыццёсцвярджальныя валачобныя песні, якія спяваліся на Вялікдзень як песеннасць веснавога абуджэння прыроды для чарговага земляробчага вітка жыцця спяваліся "на Новы год, на нова лета". Гэта сведчыць, што беларусы адзіныя са славянаў захавалі самую старажытную сустрэчу новага года па сонечнаму календару. Абход гаспадарак з ранку і да вечара свайго і суседніх сёл гуртам валачобнікаў павінен быў магічна забяспечыць гаспадарчы поспех і шчаслівы лёс, таму валачобнікі не міналі ніводнай хаты і спявалі:
На Новы год, на нова лета,
Вясна красна на ўвесь свет! *
Ішлі малойчыкі, валачобнічкі.
Брылі спяваючы ды гукаючы.
Слаўнага пана ды пытаючы.
Дапытаўшыся, прыйшлі пад акенца.
Ой, ці ж дома ты, пане Мікола?
Ой, ці спіш - ляжыш, адпачываеш?
Калі спіш-ляжыш - дык бог з табою.
А не спіш-ляжыш - гукай са мною.
Хоць і дома ён - не адзываецца.
У новай каморы прыбіраецца.
Надзяе боты слуцкай работы.
Надзяе футру сабалёвую.
Надзяе шапачку бабровую.
Дачакаліся светлых дзянёчкаў.
Светлых святочкаў - вялікоднічкаў.
Першага свята - свята Вялічка.
Другога свята - святога Юр'я.
Трэцяга свята - свята Міколы.

На чале валачобнага мужчынскага гурта быў запявала з магутным голасам, які спяваў асноўны тэкст, а астатнія "падхватнічкі" ўторылі яму пабудаваным і на славесна-песеннай магіі прыпевамі "А зялёны явар кудравы", "ды віно ж маё зялёное", "Дзід-Ладо, Дзід-Ладо" і іншымі, а ў хрысціянскія часы - "Хрыстос уваскрос сын божы!" З прыходам хрысціянства гімнічныя песні ўваскрасення прыроды арганічна спалучыліся з Уваскрасеннем Хрыстовым.
У валачобным гурце павінна быць траістая музыка (барабан, скрыпка, дудка ці пазней кларнет) і механоша, якому давалі ахвяры жыццядаўцу Сонцу і Новаму году, каб іх задобрыць на поспех.
У ноч перад Вялікаднем не спалі: фарбавалі і распісвалі яйкі як сімвал двайнога нараджэння, а таму вечнага жыцця, палілі вогнішчы, пяклі велікодную "паску" (ад яўрэйскага "пейсах"), якую з першай зоркай пасля хроснага абыходу асвячалі разам з абавязковымі мясам, сырам, яйкамі, хрэнам у царкве і ўрачыста неслі дахаты разгаўляцца скаромным пасля доўгага сямітыднёвага перадвелікоднага пасту. Па дарозе ўсіх сустрэчных радасна тройчы віталі: "Хрыстос уваскрос, Хрыстос уваскрос, Хрыстос уваскрос!" Пасля адказу: "Сапраўды ўваскрос, сапраўды ўваскрос, сапраўды ўваскрос!" - тройчы цалаваліся.
З велікоднага тыдня пачыналіся веснавыя карагоды, гульні, скокі, біццё і качанне яек, "ваджэнне і пахаванне стралы" да Ушэсця і шматлікія іншыя маляўнічыя дзеі вясны - росквіту прыроды.


27 крсавіка - Наўскі вялікдзень

Перасоўнае свята, Вялікадне нябожчыкаў, дзядоў - продкаў у чацвер на велікодным тыдні, Назва свята паходзіць ад старажытнаславянскай назвы душ памершых - "наўяў". Яйкі-крашанкі, "паску" і ўсе іншыя велікодныя стравы неслі на могілкі, частаваліся самі і астаўлялі там дзядам. Найперш абавязковай у гэтым пачастунку была куцця - ячная ці грэчневая каша.
Урачыстае наведванне магілкі найперш нябожчыка мінулага года пачыналася са звароту старэйшага з роду: "Святыя дзяды, што ад нас адыйшлі! Хадзіце да нас, будзем есці, што бог паслаў!". Далей частаваліся, галасілі - успаміналі аб лепшых якасцях дзядоў, спявалі песні маральна-дыдактычнага павучальнага зместу:
Вялік, святы нам дзень настаў,
Ісус Хрыстос з труны ўстаў,
Хрыстос уваскрос, Хррыстос уваскрос, Хрыстос уваскрос! *
Пайшоў жа ён жабруючы,
Добрых людзей турбуючы.
Прыйшоў жа ён да Дунаю,
А там дзеўка ваду брала.
-Падай, дзеўка, багу вады,
Памыць яму рукі, ногі.
Дзеўка бога не прызнала,
Богу яна адказала:
-Гэта вада нячыстая,
Лісцём, дрэвам западала.
Гэта дзеўка нячэсная,
Дзевяць сыноў нарадзіла,
Дзевяць сыноў нарадзіла,
У Дунай-рацэ ўтапіла.

Рытуальнае ўшанаванне нябожчыкаў спачатку на памежжы з Расіяй, а цяпер і на ўсёй тэрыторыі паўтараецца ў аўторак паслявелікоднага фамінога тыдня, але яно як бы выпадае з агульнабеларускай традыцыі штосуботняга ўшанавання дзядоў.


6 траўня - Юр'е

Сталае ў календары свята першага ўрачыстага выхаду свойскай жывёлы на пашу. Хрысціянская назва паходзіць ад імя святога. Мае даўнюю гісторыю, звязаную спачатку з увасабленнем урадлівасці зямлі, культам Дзядоў, а пазней са старажытнаславянскай функцыяй апекуна свойскай хатняй жывёлы Велеса, а ў гістарычны час - спрыяльніка асветна-творчай дзейнасці. Такім чынам, Велес-Юр'я выглядае калі не галоўным, дык самым значным увасабленнем у язычніцкім міфалагічным пантэоне беларусаў. Адсюль і багатая распрацаванасць юраўскай святочна-песеннай культуры і вобраза "божага ключніка" Юр'я, які "па межах ходзіць, жыта родзіць", "зямлю адмыкае, расу на божы свет выпускае".
Часам свята Юр'я асэнсоўваецца як галоўнае веснавое свята, гэта значыць канчатковага росквіту прыроды, як, прыкладам, у наступнай песні:
Каля бога ўсе святочкі,
Шахуюцца, рахуюцца - каму ўперад ісці.
Першы святок - святы Юр'я,
Святы Юр'я ўперад пайшоў.
Асядлаў каня варанога,
І паехаў аж да бога.
Узяў ключы залатыя,
Адмыкнуў зямлю,
Пусціў расу на ўсю вясну.
Пусціў расу цяплюсенькую,
На Белую Русь і на ўвесь свет.
На ўвесь свет, на ўсякі цвет,
На люд вясёлы, на ўраджай добры.

Прыгожа, а часам і гарэзліва, жартоўна характарызуюць свята прыказкі: "На год два Юр'і, ды абодва дурні: адзін галодны, а другі (9 снежня) - халодны", "Багаты сыты і на Юр'я, а бедны церпіць да Спаса", "Юры сказаў - жыта ўраджу, а Мікола - чакай, пагляджу", "Да Юр'я сена хапае і ў дурня, а ў разумнага - да Міколы", "Калі на Юр'я раса - не трэба каням аўса", "Юры вясну пачынае, а Ілля лета канчае". За снежаньскім Юр'ем трывала замацаваласяпрымаўка: "Вось табе, бабуля і Юр'еў дзень", бо наймітам дазвалялася ў гэты дзень перайсці да другога пана.
Унікальнай рэгіянальнай з'явай на Тураўшчыне, дзе няма валачобніцтва, падобны валачобніцкаму юраўскі абход гаспадарак і поля.


22 траўня - Мікола

Пастухоўскае сталае свята ў календары. Пры выгане жывёлы, якую перад гэтым тройчы абыходзілі ў хляве з грамнічнай свечкай і акурвалі зёлкамі пад гукі пастухоўскай берасцяной трубы за варотамі, адбываліся імправізаваныя сцэнкі-дыялогі з пастухом. Кожная гаспадыня частавала яго і прасіла, каб добра пас. Потым ўсе прыходзілі на луг, дзе качаліся па расе, частаваліся, гулялі ў "кульгавага зайца", "замка", "калоду", якія мелі магічна-ахоўны сэнс.
Прыкладам, пастух бярэ яешню, падыходзіць па чарзе да "зайца" і пытае, ці горка асінка. Пасля адказу: "Горка!" ён замаўляе: "Дай бог, каб і наша жывёла для звяроў была горка!" Такімі ж замовамі заканчваюцца дыялогі са сляпым, які не бачыць, кульгавым, які не дойдзе, замком, які не разамкнецца, а таму і зубы ў звяроў на жывёлу не разамкнуцца.


1 чэрвеня - Ушэсце

Перасоўнае, у саракавы дзень у чацвер на шостым тыдні пасля Вялікадня магічнае свята "пахавання стралы", маланкі. Сорак дзён яе прыгожа магічна ўміласціўліваюць маляўнічымі веснавымі карагодамі, а калі на Ушосніка, Шосніка хаваюць, спяваюць-замаўляюць:
Як пушчу стралу дай па ўсём сялу,
Ох і вой люлі, дай па ўсём ся... у-у-у! *
Ты не ўбі, страла, добра молайца.
Па тым молайцу некаму плакаці.
Матка старанька, сястра маленька.
Дзеткі дробныя, невыгодныя.
Жана молада, каля горада.

Самую застрашальную стыхію - першую веснавую маланку ў кожнай вёсцы Веткаўшчыны, дзе да нашага часу добра захавалася традыцыя "стралы", яе хаваюць на ўзмежку жытняга поля: парадыйна галасілі па ёй і закопвалі ў выглядзе лялькі ў знішчанай Чарнобылем Барталамееўцы, закопвалі на поле сакральныя прадметы ў Стаўбуне, а каласкі мінулагодняй збажыны ў Казацкіх Балсунах і шмат іншае. Але ўсё гэта пад бясконцую колькасць карагодаў: "Як у нашых вароцечках шырокае возера", "А з крывога танца не вывяду канца", "Лука", "На вуліцы дзеўкі гулялі", "Проці бацькавых варот я скакала малада" і інш. Яны ўражваюць разнастайнасцю рухаў, дзеянняў, тэатралізацыяй, парадзіраваннем.
"Пахаванне стралы" заканчвалася агульным абедам на полі, ідучы адкуль пачыналі спяваць ужо летнія песні.


8 чэрвеня - Сямік

Перасоўнае свята ў чацвер на сёмым тыдні пасля Вялікадня, якое часам называюць Сёмухай, Зелянцом. Пачатак святкавання перыяду найбольшага росквіту прыроды, расліннасці, які дзе-нідзе называюць "маем". Цнатлівыя дзяўчаты ішлі ў гэты дзень у гаі, лясы завіваць для варажбы на сямейны лёс вянкі на бярозах пад песню:
Пойдзем, дзеванькі, мы ў гай гуляць,
Заўём вянкі да на ўсе святкі.
На духаўскія, на пятроўскія,
Ой, што дух-тройца, то дзеўкам ізбор.
Ой, не радуйся ты, зялёны дуб,
Не к табе ідзем мы вянкі віці.
Ой, узрадуйся, бела бяроза,
Мы к табе ідзем вянкі завіваць.

У лесе дзяўчаты "куміліся" - пацалунак папарна пад аркай звязаных вярхамі бярозак - азначаў матрыманіяльную вернасць адна адной да наступнай Сёмухі. Потым гуртам пяклі і елі на "здаровых дзетак" абрадавую яечню, пускалі вянкі на ваду, варажылі на замужжа, спявалі, вадзілі сёмушныя карагоды: "Выхвалялася бела бяроза", "Вы, кумачкі-галубачкі, куміціся, любіцеся", "А мы вяночкі завілі".
Прыказка "Зелянец - вясны канец" засведчыла месца Сяміка ў календары.


11 чэрвеня - Тройца

Перасоўнае свята ў нядзелю на пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня як найвышэйшы росквіт расліннасці (другая назва - Пяцідзесятніца). Першародная трыяда сусвету (у беларускім традыцыйным календары гэта Вялікдзень - Тройца - Купала), асновы росквіту якой асэнсаваны ўжо ў індыйскіх Ведах, сугучна прыроднай аснове беларускага земляробчага календара і хрысціянскай філасофіі: Сонца (Бог - бацька), Мая (Зямля - маці) і Агонь (Сын - дух святы).
На Тройцу пачыналі збіраць лекавыя зёлкі, травы, біяэнергія якіх найбольшая менавіта ў гэты час, пазбаўляе людзей ад невылечных хвароб, дае ім моц, сілу і здароўе, так неабходныя ў час ужо хуткага жніва, касьбы і другіх цяжкіх летніх прац, а таксама людзям урбанізаванага грамадства, адарваным ад лекавай сілы прыроды.
На гістарычнай Піншчыне вадзілі Куста - упрыгожаную кляновай зелянінай з ног да галавы самую прыгожую дзяўчыну - увасабленне найбольшага росквіту расліннасці і ўрадлівасці. Ля кожнай хаты пелі гаспадарам:
Ой, мы былі ў вялікаму лесе,
Звілі Куста з зялёнага клёну.
Дай прывялі Куста да слаўнага двору.
Выйдзі ж, пане, з новага пакою.
А нашай Кусце не стоем стаяці,
Трэба ёй, трэба піці-есці даці.
Трэба Кусце крынічнай вадзічкі,
Трэба ёй, трэба панчошкі-чаравічкі.
Ой, дзень добры, наш пане, да хаты,
Ой, ці вяліш нашай Кусце стаці,
Бочку мядочку прыпявалачкам даці,
Нам, маладзенькім на ганку пагуляці.

Вадзіла Куста толькі "дзявочае войска". Паміж ім і гаспадаром адбываліся імправізаваныя дыялогі, пабудаваныя на славеснай магіі і прыгаворах-пажаданнях: "Дзе Куста ходзіць - там жыта родзіць, а дзе абмінае - там вылягае"; "Дзе Кусту вадзілі - там пшанічанька радзіла".


12 чэрвеня - Провады русалкі

Перасоўнае свята восьмага тыдна пасля Вялікадня, якое доўжыцца да нядзелі 22 чэрвеня, мела назвы Русальнага, Гранога, Праваднога, Духавога і заканчвалася русальнымі розыграмі. Найбольш захавалася на самым крайнім паўднёва-усходнім Палессі, асабліва ў Лоеўскім раёне.
Як правіла вобраз русалкі - гэта ўвасабленне душ бясчасна да шлюбу загінуўшых дзяўчат-тапельцаў, якія жывуць у вадзе і цягнуцца да жывых:
На граной нядзелі русалкі сядзелі,
Рана-ранюсенька, русалкі сядзелі. *
Русалкі сядзелі, на дзевак глядзелі.
- Дзевачкі-сястрыцы, падайце вадзіцы.
Падайце вадзіцы з халоднай крыніцы.
З глыбокай крыніцы ды з-пад той вярбіцы.
Падайце вадзіцы душу прычасціці.
Душа прычасціцца - жыццё вараціцца.
Тады будзем з вамі краскі сабіраці.
Краскі сабіраці, песенькі спяваці.

Культ Дзядоў дапаўняўся ў постаці русалкі сімвалам урадлівасці нівы, таму яе лавілі на Лоеўшчыне на могілках і пад адпаведныя песні праводзілі ў жыта:
Правяду русалку із дому да бору,
Рана, рана із дому да бору. *
Із дому да бору, у зялёну дуброву.
У зялёну дуброву, у ядраное жыта.
У ядраным жыце там русалцы жыці.

У безлічы песняў, паданняў, былічак, русальных карагодаў русалка выступве як двулікая істота: як сімвал урадлівасці яна добрая, а як міфалагічная - варожая, якая можа завабіць і заказытаць, утапіць.


6 ліпеня - Купала

Сталае свята летняга сонцавароту, якое вядома яшчэ пад назвай Купалле, Купаллё, Іван ці Ян купальны. Самае маляўнічае па колькасці прыгожых язычніцкіх звычаяў гадавое свята, дахрысціянская сутнасць якога засталася амаль не кранутай да нашых дзён. Першыя беларускія фалькларысты 18 ст. З. Даленга-Хадакоўскі і А. Меер сведчылі, што нашы землі палалі купальскімі вогнішчамі і што Купала найбольш часта ўпамінаецца ў песнях беларусаў. Назва свята справядліва звязваецца з культам Сонца - жыццядаўцы стваральных сіл прыроды. Купальскія вогнішчы і былі яго адлюстраваннем, увасабленнем, праз якія скакалі з магічнымі мэтамі, часцей за ўсё папарна. Іх дапаўнялі ўзнятыя на шастах палаючыя колы, паходні з берасты з іх вогненнымі кругамі, якія стварылі дзівосна-фантастычнае адлюстраванне Сонца на зямлі ў кароткую ноч з 6 на 7 ліпеня.
Зранку самая прыгожая жанчына-купала з вянком на галаве ззывала дзевак на Купалле, а хлопцы збіралі сухое ламачча, старое рыззё, дровы для купальскіх вогнішчаў, у полымі якіх ачышчаліся душы людзей. Лічылася, што вяршыня росквіту прыроды на Купалле выклікае і разгул варожых чалавеку сіл і іх ўвасабленняў: ведзьмаў, русалак, чараўнікоў, гадаў, чарцей, нячысцікаў. Пазбегнуць іх злой сілы дапамгаюць зёлкі, стваральныя сілы прыроды, Дзяды як сімвал лепшай спадчыннай традыцыі:
А на Купала, на Яна,
Дзевачкі зелле капалі.
Яны капалі, не зналі,
Да дзеда адаслалі.
Дзед тое зелле пазнаў
І да дзевачак адаслаў:
Гэта, дзевачкі, не зелле,
Гэта ваша вяселле.
Вы збірайце, збірайце,
Ды ў вяночкі звівайце.

Да першых промняў сонца ў купальскую ноч пелі песні, вадзілі карагоды, скакалі праз вогнішча, плялі вянкі і пускалі на ваду, шукалі цудадзейную папараць-кветку. Адзін раз у год у гэту разгульную ноч народная мараль скрозь пальцы глядзелы на парныя паходы хлопцаў і дзяўчат у лес, што парадзіла шматлікія трагедыйныя сюжэты купальскіх балад тыпу "Травіца брат-сястрыцы". Дзяўчаты з магічнымі мэтамі голыя купаліся ў вадзе, качаліся па жыце, каб ачысціцца ў час сонцавароту, засцерагчыся ад злых сіл і набрацца жыццядайнай моцы ад маці-зямлі, спальвалі або тапілі ў рэчцы антрапаморфнае ўвасабленне варожых стыхій - ведзьму.
Канчалася купальскае свята на беразе ракі, дзе ўдзельнікі назіралі "як на Купала рана сонца іграла: на добрыя годы, на цёплыя росы, на жыта-ураджай". На паверхні вады пры ўзыходзе сонца дзялілася на некалькі частак, якія то разыходзіліся, то зыходзіліся на вадзе - "іграла".


12 ліпеня - Пятра-Паўла

Сталае свята ў народным календары, якое святкуецца, як і Купала, на беразе возера ці ракі, але днём. Водзяць карагоды, спяваюць пятроўкі, накшталт:
Пятрова ночка маленька,
Не выспалася дзевачка,
Ягадкі перабірала заснула,
Прыехаў міленькі - не чула.

Дзяўчаты на Пятра хадзілі ў лес развіваць-варажыць на сёмушных вянках, гушкаліся на арэлях с хлопцамі, таму ў пятроўскіх песнях і карагодах многа шлюбных матываў.
На "святое Пятро ў жыце ядро", таму пачынаючы з 12 ліпеня на поўдні пачыналіся зажынкі. Жнеі шлі ў полі святочна прыбраныя, нажыналі першы сакральны сноп і пад зажыначныя песні прыносілі гаспадару ў двор, а ён іх частаваў. Заўважалі, што на Пятра зязюля падавіцца зернем і перастае кукаваць:
Да пятра зязюльцы кукаваці,
Да восені дзеваньцы пагуляці.
Пятро прыйдзе - зязюлька ў вырай пойдзе,
Восень прыйдзе - дзеванька замуж пойдзе.

На Пятра заканчвалася Пятроўка - пост, і лічылася што лета ідзе на спад: "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, Прыйдзе Ілля - Наробіць гнілля".


2 Жніўня - Ілля

Вобраз асілка, міфалагічнага Трамыўніка і язычніцкага Перуна ў хрысціянскія часы арганічна пераасэнсаваўся і спалучыўся ў народным календары з постаццю старазапаветнага прарока Іллі. Таму Пярун у беларусаў стаў сімвалам маланкі, грому, што гучыць у праклёне "Каб цябе Пярун забіў на роўным месцы". Так узнікла гэта сталае свята ў народным календары, дзе Ілля, паводле народных уяўленняў, упраўляе громам, маланкай, надвор'ем, пасылае на зямлю засуху або дождж. У сваіх зваротах да Іллі людзі прасілі абараніць іх ад стыхій. Красамоўны прыказкі на Іллю: "Пятро і Павел час убавіў, Ілля - прарок два ўвалок"; " На Іллю на лапату наллю"; "Прыйшоў Ілля - укінуў у ваду кавалак гнілля"; "На Іллю да абеду лета, а пасля абеду восень"; "Ілля ваюе з чарцямі, б'е іх перунамі"; "Ілля жніво пачынае, а лета канчае"; "Пытае Ілля, ці гатова ралля, а ўспленне, ці гатова насенне"; "Ілля блізка - гніся, жнаяя, нізка, уставай раненька, жні дапазненька".


14 жніўня - Макавей

Сталае свята маку і мёду, якое яшчэ мела назвы Першы Спас, Макаўе, Спас Мядовік, Малы Спас. Асвячалі мак, ужывалі ў ежу, падглядваллі вуллі, рабілі варэнікі з мёдам. Асвячалі зёлкі, моркву, сланечнік, глухі мак і асыпалі ім хату, хлеў, асыпалі сябе перад дарогай, уволю наядаліся.
На Спаса пачыналіся кірмашы, на якія ("на святок") з'яджаліся ў адну з ўсіх навакольных вёсак гаспадары, везлі на продаж мак, мёд, садавіну, гародніну, таму спасаўскі пост, які пачынаўся на Макавея і доўжыўся да хлебнага Спаса 28 жніўня называлі "Спасаўка - ласаўка".
На першага Спаса "пчаляры макалі ў мёд нажы", а дзяўчаты варажылі: "Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапелькі брала."


19 жніўня - Яблычны Спас

Сталае свята садавіны, мае яшчэ назвы другі Спас, вялікі, сярэдні Спас. На яго асвячалі ў царкве яблыкі, няслі на могілкі нябожчыкам і з гэтага часу дазвалялася самім есці садавіну: "Спас - усяму час"; "Смачны яблачкі на Спаса". На поўдні часам пачыналі сеяць азіміну.
Лічілася, што на яблычнага Спаса канчаецца лета: " Прыйшоў Спас - лета ад нас", "Другі Спас - рыхтуй рукавіцы ў запас". Да ўсходу сонца праводзілі рытуал выгнання насякомых з хат, хлявоў: "Прыйшоў Спас -каб не было мух у нас". У песні пяецца:
Святы Спасік, пільны часік,
Жыта возіць, бога просіць:
-Перанясі, божа, маё жытцо ў гумянцо.



28 жніўня - Прачыста

Сталае свята, якое яшчэ называюць Успленне, Першая Прачыстая, Спажа, Зялёная, Вялікая Прачыстая - свята новага ўраджаю. Прыказкі сведчаць: Спажа хлеба дзяжа", "Прычыста - сяўба чыста"; "Прыйшла Прачыстая - перапечка чыстая", "Пытае Успленне - ці гатова насенне", а ў песні пяецца:
Прачыста маці ішла жаці
У чыстае поле з пшонным пірагом.
З пшонным пірагом з залатым сярпом.
Прачыста жытцо сее,
А меньшая ў помач стала,
Жытцо скора заарала.

Часам лічілася, што ад гэтага дня да Галавасека 11 верасня доўжылася " маладое бабскае лета".
На Прачысту асвячалі "бараду" - апошні снапок, зернем якога пачыналі на другі дзень азімыя засеўкі, а таксама і гародніну. Праводзілі абрад свечкі - з песнямі пераносілі з хаты ў хату запаленую і ўваткнутую ў новае зерне свечку, гасцявалі ў той хаце, дзе астаўлялі яе да наступнага года.


29 жніўня - Дажынкі

Сталае свята з іншімі назвамі: Хлебны Спас, Трэці Спас, Малы Спас, Спас Жытні, пра які гаварылі: "Трэці Спас хлеба прыпас".
Да Дажынак ад зажынак на Пятра спявалі працяжныя мінорныя жніўныя песні, а з гэтага часу пачыналі гучаць больш аптымістычныя, поўныя задаволеннасці атрыманым ураджаем дажынкавыя песні, карагоды.
На Дажынкі, Дажон, жніўную талаку клікалі родзічаў, суседзяў, сяборў. У кутку апошняга загона "завівалі казлу (духу поля) бараду": унутры апошняй нязжатай лапінкі ніўкі клалі хлеб і соль, а над німі звязвалі жытнія каласы - ахвяра ўрадлівасці ніўкі, каб дала ўраджай і на наступны год. Вакол "барады" вадзілі карагоды, спявалі песні, качаліся з магічнымі прыгаворамі - зваротамі па полі: "Ніўка, ніўка, вярні маю сілку!"
Спятую сярпом "бараду" клалі ў апошні сакральны сноп, які як бы перакідваў мосцік на ўраджай наступнага года, бо ім рабілі на другі год засеўкі. З гэтага снапа і барады рабілі старшай жняі вянок на галаву і ўрачыста няслі ў двор гаспадара, вакол якога вадзілі жніўны карагод:
Чыя ж гэта барада
Мёдам - квасам абліта,
Чорным шоўкам абліта?
Рана! Рана! Плён нясем, плён!
Сцяпанава барада
Мёдам - квасам абліта,
Чорным шоўкам абліта!
Рана! Рана! Плён нясем, плён!

Гаспадар шчодра частаваў жнеек, але калі быў скупаваты, то пелі: "Васілёва барада смалой-дзёгцем абліта, дратваю ўмыта!". Задаволенасць, што самая цяжкая праца скончана, найлепш гучыць у іншасказальнай песні:
А ў нас сёння вайна была,
А мы ўсё поле зваявалі,
Усё жыта пажалі,
Падмяталімяцёлкамі
Пазвозілі шасцёркамі,
Песенькі загудзелі,
Вячэрыці захацелі.

Дажынкавае застолле-бяседа было багатым, вясёлым, з песнямі, скокамі, гульнямі і доўжылася часам да першай ранішняй зоркі.


13 верасня - Жаніцьба коміна

Сталае свята ўшанавання агню перад наступленням халадоў, а ў хрысціянскія часы як водгук восеньскай сустрэчы Новага года, адпаведнай хрысціянскаму светапогляду. Іншыя назвы "Коміна" - Посвет, Лучнік - невялікая металічная пласцінка, або патэльня з адтулінамі, падвешаныя да столі пад спецыяльна зробленым выхадам у ёй для дыма. Звычайна ад столі да Камінка рабілася ўсечаная піраміда з дошак ці палатна, аблепленая глінай, каб не загарэлася. Яе на ноч "Жаніцьбы коміна" з 13 на 14 верасня, калі вакол яго вадзілі карагоды і пелі песні, упрыгожвалі кветкамі, ручнікамі, стужкамі. Унізе пад Посветам ставілі цэбар з вадой, каб гасіць згарэўшыя лучынкі. Калі "жанілі коміна", спявалі:
Ой, прышлі ночанькі доўгенькі,
Пасвяці нам комінку беленькі.
Мы ж цябе кветкамі ўбіралі,
Бервяночкамі, рутанькай аперазалі.
Праца наша - дзеўка гарненька,
Палюбіці коміна радзенька.
Мы ж цябе будзем жаніці,
Медавуху, квасок выпіваці.
Свяці ж, каміночку, ясненька,
Пабуджай чаляданьку раненька.
Шыці, прасці, ткаці маладым,
А падарачкі збіраці старым.
Каліначку, ты нам спагадай,
Кручу, верчу і буры праганяй.
Дым і сажу нясі ворагам,
Свет радасць і ахвоту пашлі нам.
Гаспадыня наша, паглядай,
Мядочку, квасочку падлівай.

Адзін з карагодаў вакол коміна вадзілі так. Вырывалі з градкі васілька, бураковага цвета, ўстаўлялі яго ў дзірку ў палавінцы гарбуза. Вядучы трымаў яго высока над галавой, а за ім усе астатнія ішлі колам па сонцу і спявалі:
Свяці наша свяціла,
Каб агню нам не тушыла,
Каб добра была прасці, ткаці,
І сеяць цяпло ў хаце.

Парадыйна, іранічна дзеля смеху выконвалі вясельныя песні, асабліва многа пра сватоў. У абрадзе прымалі ўдзел дзяўчаты, якія ўпершыню "Запрадалі". Ля Посвета пад прадзенне ліліся бясконцыя песні, жарты, былічкі, легенды, казкі, у перапынках скакалі, танцавалі, ігралі ў гульні.
14 верасня быў Новы год па хрысціанскаму праваслаўнаму каляндару, вядомы пад старажытным імем Сымона Стоўпніка - сакральнага месца захоўвання агню на прыпечку печы ля стаўпа (на Паазер'і вядомы целы вясельны рытуал па стаўпавому). Прыказкі маляўніча характарызуюць гэты час: "Сымон да варот, на двары сем пагод: круціць, муціць, лле, мяце; " Святы Сымон - сявец дамоў"; "У Сымонаў дзень да абеду ары, а пасля абеда аратага з поля гані".


21 верасня - Багач

Сталае свята, якое мела яшчэ назвы Багатнік, Багатуха, Спажа багатая, Малая Прачыста, Другая Прачыста, Зельная. Гэта выніковае свята ўсяго земляробчага года, дастатку, багацця, пачатку багатых восеньскіх кірмашоў, засідкаў на прадзенне ў будучыя доўгія восеньскія піліпаўскія вечары. Для яго больш характэрны, чым на Іллю, абход двароў з кошыкам, поўным зерня і ўваткнутай ў яго запаленая свечкай, які заносілі ў кожную хату і гумно. Жыта ў ім было з магічнага першага зжатага ў гэтым годзе снапа. Спявалі ў час абходу дажынкавыя і восеньскія песні:
Бярозка з лістком, бярозка з лістком
Усю восень шумела:
-Мой ты, лісточак, мой ты, зеляненькі,
Як жа мы расстанемся?
Ветры павеюць, цябе абвеюць,
А я тут застануся.
-Не бойся бяроза, не бойся белая,
Я цябе не пакіну.
Цяпер ападу - вясною прыду,
З табой шумець буду.
Матулька з дачкой, матуленька з дачкой
Усю ноч гаварыла:
-Мая дачушка, мая родная,
Як жа мы расстанемся?

На Багача спявалі самыя разнастайныя песні: кірмашовыя, бяседныя, застольныя, прыпеўкі, скакалі, вадзілі карагоды.
Па Адаму Багдановічу, Багач быў водгукам язычніцкага свята земляробчага культу Даждзьбога - апекуна багацця, дастатку, а таксама бога Сонца, бо свята было якраз напярэдадні восеньскага раўнадзенства 25-26 верасня. Прыказвалі:
Прыйшоў Багач - кідай рагач,
Бяры сывеньку - сей памаленьку!
На сёлетні Багач добра ўдалося:
Жыта ў трубы павялося,
Авес, як тын парос,
А ячмень палёг на пляцень.
А грэчачка, як кветачка,
А пшаніцы, як брусніцы.



14 кастрычніка - Пакроў

Сталае свята, Трэцяя Прачыстая, сэнс якога найлепш раскрыты ў прыказках: "Прыйшлі Пакровы і пытаюць: "Ці да зімы гатовы?"; "На Пакрове дай сена карове"; "Пакровы - пастухоўскія кіі на дровы"; "Прыйшлі Пакровы - раве дзеўка бы карова". У адной з іх раскрыты сэнс паняцця пакрыцця: " Святы Пакроў пакрыў зямлю жоўтым лісцём, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам". Яшчэ шырэй аб гэтым пяецца ў песні:
Святы Пакроў пытаецца
Ды ва Ўзьвіжанькі:
-Ці ўзышло ў полі жыта,
Ці ўруніла ў полі жыта?
А я буду хадзіці, агладаці,
Зямлю лісцем засыпаці
Снегам чыстым пакрываці
Ваду ледам, пчолку медам надзяляці:
Старых бабак кіёчкамі,
Сярэдніх жанчын сыночкамі,
А дзяўчатак наміткамі пакрываці.

Свята было пачаткам вялікай Вясельніцы, якая доўжылася да пачатку перадкаляднага піліпаўскага пасту 28 лістапада. Шлюбы, вяселлі напаўнялі гэты час радасным спевам вяселляў, кірмашоў. Пакровы з'яўляюцца пераломным момантам у прыродзе ад зімы да лета, калі рыхтуюць паліва на зіму, не пускаюць ўжо жывелу ў поле, рамантуюць пабудовы, хаты і гаспадарчы рыштунак, калі пачыналі актыўную працу рамеснікі "Кузьма- Дзям'ян": кавалі, шаўцы, рамізнікі, гандляры. Моладзь пачынала ладзіць вячоркі, дзе хатняя праца спалучаецца з песнямі гульнямі, танцамі, скокамі, карагодамі, дзе дзе ўтвараліся шлюбныя пары. Тут расказваліся сказкі, паданні, легенды, былічкі, загадваліся загадкі, дзяўчаты варажылі.
Фальклорнае мора разліваннае тыпу "Бабка Еўка дзед Тамаш паехалі на кірмаш " гучала на самых багатых пакроўскіх кірмашах.
У хрысціянскія часы на прыродна- бытавы Пакроў арганічна наслаіўся пакроў Божай маці, якім яна ахінае ўсіх пакутуючых як сімвалам дапамогі. Вернікі неслі ў гэты дзень у царкву для асвячэння хлеб, стравы да святочнага стала "агапаў" пасля малітваў.
Родзічы, знаёмыя, сябры адной мясцовасці збіраліся ў адну з вёсак па традыцыі на "святок". І цяпер моцна трымаецца гэтая традыцыя, якая ідзе яшчэ з часоў рода-племянного ладу, што кожнае гадавое свята з'яўляецца галоўным у адной з вёсак.


4 лістапада - Дзяды

Перасоўнае выніковае гадавое свята, бо павінна быць заўсёды ў дзядоўскі дзень - суботу перад сталым днем Зьмітра 8 лістапада. Гэты тыдзень меў назву Змітраўкі і быў прысвечаны адпаведна канцу гадавога вітка жыцця прыроды і філасофскаму роздуму людзей аб пераходзе "на той свет, да Дзядоў", сэнсу існавання на гэтым свеце. Асновай гэтых разважанняў з'яўляецца вера, што чалавек не знікае бясследна, что нябожчыкі пераходзяць у іншую форму існавання і адтуль нябачна могуць уплываць на жыццё іх кроўных: "Дзяды ўсё знаюць, усё бачаць, усё чуюць і дапамогуць". Таму і цяпер выхаваныя традыцыяй людзі цверда прытрымліваюцца правіла: "Пра нябожчыка або толькі добра або ні слова". Гэтая найбольш старажытная філасофія рэінкарнацыі ідзе яшчэ ад ведыйскай культуры і пранізвае ўсю нашу святочную абраднасць. Зьмітраўскія дзяды з'яўляюцца канчатковымі адпаведна свайму каляндарнаму часу пасля шматлікіх дзядоўскіх перадсвяточных субот на пряцагу года: стрэчаньскай (8 лютага), мясаеднай (1 сакавіка), траецкай (14 чэрвеня), спасаўскай (23 жніўня). Сюды ж трэба аднесці тры памінальныя калядныя куцці, Наўскія Вялікдзень і Тройцу і цэлы перасоўны (дзесяты ад Вялікадня) Дзедаў тыдзень (17-23 лютага).
У Зьмітраву суботу ўсе хатнія збіраліся за ўрачыстым сталом. Напярэдадні гаспадыня ўвесь дзень гатавала ежу, рупілася, каб былі розныя стравы, але каб лік іх быў няцотны і не меней ад пяці страў. Да памінальнай куцці пайменна запрашалі ўсіх нябожчыкаў, пачынаючы з апошняга ў гэтай хаце, як, напрыклад: "Янка, Васіль, Алена, Пятрок, Хвядорка, Тамаш. . . . , прыходзьце ўсе да гэтага стала!".
У хаце адчыняліся дзверы, каб душы нябожчыкаў - наўяў нябачна маглі ўвайсці. Ставілася асобная міска для іх, клаліся лыжка, відэлец, налівалася чарка і бралася куцця і па лыжцы кожнай стравы. Гаспадыня абавязана была спячы да гэтага дня свежы хлеб і асобна "дзедаўскі курак" - маленькі хлеб, які потым аддавалі жабракам.
Перад застоллем, на якое ўсе апраналіся па-святочнаму, гаспадар гаварыў: "Хвала табе, божа, дзядоў дачакаліся. На гэта свята людзі грошы трацця, бо ад Дзядоў да Дзядоў як бы сорак гадоў, а ўсе-такі дачакаліся. Ай, Дзяды-Дзяды, усе Вам гатова: і пітво, і мёд, і квас, ёсць Вам і мяса, і каўбасы, толькі ешце, будзе з Вас! Хлеб, гарох і каша - ўсе багацце Вам наша!".
Адзіным прадметам працяглай гутаркі на Дзяды з'ўляліся ўспаміны пра іх, прыгадваліся найбольш значныя выпадкі з іх жыцця, іх здольнасці, запаветы, павароты лесу, нават фізічныя асаблівасці. Застолле-гутарка перарывалася зваротамі: "Святыя Дзяды! Завем Вас, хадзіце да нас, ляціце да нас, чым толькі хата багата, што ёсць тут - усе для Вас ахвяраваў! Прыходзьце, дзяды-бацькі, і старыя, і малыя, хто на гэтай сялібе жыў, хлеба солі-ядаў. Да свайго стала, да свайго прыпечка хлеба-солі засылаце, каб было чым душу памінаць, год ад году, век ад веку! Пью за Вас, нашы Дзяды сардэчныя, каб ведалі, што нічога Вам не шкадую!"
"Чуеце, нейкі рух на двары? Гэта Дзяды глядзяць, як мы жывем, якімі справамі займаемся. Святыя Дзяды! Хадзіце да нас вячэраці. Чакаем Вас, як і тысячы і сотні вякоў назад чакалі, хадзіце на бяседу ціхую, спавядальную ўсе: і маці, і бацькі, і браты, і сёстры, і старыя, і малыя, і немаўляты, і, людзі чужыя, незнаёмыя, пагаворым з вамі, Дзяды, як адвеку ў краі нашым гаварылі: і вясной на Мясаед, і ля могілак на Радуніцу, і перад Калядамі ."
Асобна адзначалі ў памінальных рацэях-прамовах добрых гаспадароў з роду, музыкаў, спевакоў, рамеснікаў, праслаўленых людзей і тых, хто найбольш пражыў на гэтым свеце. Традыцыйна паважным лічылася ведаць і захоўваць памяць, успамінаць на штогадовыя Дзяды родзічаў-крэўных не меньш, чым да дзесятага калена, а ў род хлопца прымалі тады, калі мог успомніць сваіх дзядоў да пятага калена.


28 лістапада - Піліпаўка

Сталае свята пачатку шасцітыднёвага (да 6 студзеня 2004 года) перадкаляднага Пасту. 28 лістапада на Запусты наладжвалася застолле, дзе пачаналі спяваць працяжныя іліпаўскія, як і самыя доўгія піліпаўскія вечары года, песні. Змест іх часцей за ўсе быў казачна-легендарны, баладна-павучальны або непасрэдна звязаны з асноўнымі заняткамі ў Піліпаўку - прадзевам і ткацтвам:
Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі,
Возьмем, дзевачкі, паўтары мычачкі.
Напрадзем, дзевачкі, паўтары цэвачкі
Аснуем, дзевачкі, паўтары губачкі.
Пойдзем, дзевачкі, на сяло бёрды шукаць.
Усе сяло абыйшлі - берды не знайшлі,
Будзем, дзевачкі, у прасла кросны снаваць,
Будзем, дзевачкі, у тын кросны ткаць.

У піліпаўскіх песнях многа апавяданняў пра нешчаслівы лёс, каханне, здраду, драматычныя сямейныя канфлікты, трагічныя баладныя сюжэты, але ёсць і жартоўныя карагоды, як "няўдаліца Рында у Піліпаўку сядзела на печышчы, задрала ногі на гарадзішча", а калі прыйшлі сваты, "пайшла ў пазычкі па суседзачках": "дайце, суседзачкі, мае матачкі, па сарочачцы, па намітачцы. - Не спаць было, Рында, піліпавай ночы, трэба была прадзіраць дзеркачом вочы."
"У Піліпаўку дзень паўдня", таму ужо пасля абеда на доўгіх піліпаўскіх вячорках пачыналі расказваць чарадзейныя казкі, паданні пра гістарычных асоб і паходжанні назваў, застрашальныя былічкі аб сустрэчах з ведзьмамі, русалкамі, нябожчыкамі, ігралі ў хатнія доўгія гульні, падобныя сучасным фантам - ахвяраванням, якія трэба было незвычайным чынам выкупіць. Найлепш атмасферу піліпаўскіх вячорак перадаў Ян Баршчэўскі ў творы "Шляхціц Завальня". А вось апісанне абраду 1888 года Зінаіды Радчанка: "Дзяўчаты наймаюць сабе хату у якой-небудзь удавы або наогул у беднай сям'і і плацяць у складчыну: ільном па вазе, мераю канаплянага семя ці круп або бульбаю". Вячэраць прыносяць усё сваё, асвятленне таксама (цяпер усюды карасінавыя лямпы) ".
Збіраюцца у адной хаце дзяўчат пятнаццать, не больш. Усе прадуць і шчыра спяваюць. Прыходзяць і хлопцы паглядзець на дзяўчат, паслухаць іх спевы. Варта ўвагі тое, што на вячоркі трапляюць хлопцы з суседніх вёсак, а свае, таксама большасць, ідуць у іншыя вескі, часам і за дзесяць вёрст. Усе дзяўчаты начуюць на вячорках, а не дома, так і кажуць: "Мы ніколі не стыкаемся (не сядзім дома)...
Падлеткі сходзяцца асобна. Нават самыя малыя дзяўчаткі выбіраюць якую-небудзь хату . Канешне бліжэй, дзе яны будуць прасці. Вячоркі называюцца яшчэ "попрадкі" . З надыходам вясны (13 сакавіка) яны спыняюцца, але сяброўкі усе-такі ідуць начаваць у свае "наначкі".
Не выпадкова, што самай популярнай і даўгавечнай на Беларускім телебачэнні стала ўжо дваццатіпяцігадовая фальклорная тэлепраграма "Запрашаем на вячоркі".

© Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору БДУ, 2006