15 сакавіка 2018 года на філалагічным факультэце БДУ адбылося фальклорна-этнаграфічнае мерапрыемства “Сцяжынкамі роднай зямлі”, правядзенне якога ў другім семестры навучальнага года стала ўжо традыцыйным.

Арганізатарамі выступілі кафедра тэорыі літаратуры, якая забяспечвае выкладанне вучэбных дысцыплін “Фалькларыстыка” і “Славянская міфалогія” на першым курсе ў студэнтаў спецыяльнасцей “беларуская філалалогія” і “руская філалогія”, і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору, якая дапамагае ў падрыхтоўцы і правядзенні абавязковай фальклорнай практыкі для студэнтаў-першакурснікаў адзначаных спецыяльнасцей.

Пры падрыхтоўцы мерапрыемства арганізатары ставілі перад сабой тры асноўныя задачы: натхніць студэнтаў-першакурснікаў на творчае знаёмства са скарбамі беларускага фальклору, выклікаць цікавасць да нашай нацыянальнай фальклорнай спадчыны і ўвачавідкі адчуць усю прыгажосць гучання аўтэнтычных народных песень.

Арганізатары імпрэзы прысвяцілі яе Году малой радзімы, якім абвешчаны 2018 год у нашай краіне. Кіраўнік дзяржавы А. Р. Лукашэнка растлумачыў, што прыняцце такога важнага рашэння выклікалі разважанні аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. “Яна шматаблічная. Для адных гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых – кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Мы ўпэўнены, што праведзенае мерапрыемства “Сцяжынкамі роднай зямлі” здольнае далучыць як да сваёй асабістай малой радзімы, так і праз фальклор – да розных куточкаў Беларусі, каб убачыць і ўсвядоміць багацце нашай традыцыйнай культуры.

Фалькларысты кафедры тэорыі літаратуры і вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм правядзення гэтага мерапрыемства. Пастаяннай застаецца толькі яго назва – “Сцяжынкамі роднай зямлі”. Калі ў мінулыя гады студэнтаў перад праходжаннем фальклорнай практыкі знаёмілі з важнейшымі святамі і абрадамі каляндарнага і сямейнага цыклаў праз майстар-класы, відэалекторыі, сустрэчы з вядучымі фалькларыстамі краіны, то ў гэтым годзе арганізатары вырашылі сумясціць інфармацыйную і ілюстрацыйную часткі.

На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты-першакурснікі спецыяльнасцей “беларуская філалогія” і “руская філалогія”, сярод якіх асобную групу склалі студэнты-замежнікі з Туркменіі і Кітая, выкладчыкі філалагічнага факультэта, а таксама запрошаныя госці, сярод якіх – былыя выпускніцы філалагічнага факультэта БДУ Рэгіна Гамзовіч (журналіст, грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны) і Любоў Сацура (настаўніца беларускай мовы і літаратуры, на пенсіі). На аб’яву аб мерапрыемстве, размешчаную на сайтах філалагічнага факультэта і БДУ, адгукнуліся СМІ: да нас завіталі журналісты з тэлеканала “Мінск ТВ” і з газеты БДУ “Універсітэт”. Рэпартаж аб мерапрыемстве з інтэрв’ю з Таццянай Іванаўнай Шамякінай і Таццянай Аляксандраўнай Пладуновай быў паказаны ў вячэрніх навінах “24 гадзіны” тэлеканала “СТВ” у 19.30 у гэты ж дзень, 15 сакавіка 2018 года.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася Таццяна Іванаўна Шамякіна, загадчык кафедры тэорыі літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар, якая нагадала аб важных напрамках работы, якая вядзецца на філалагічным факультэце і ва ўніверсітэце па выхаванні ў студэнтаў павагі і цікаўнасці да скарбаў беларускага фальклору, нацыянальнай традыцыйнай культуры ў цэлым.

Затым выступіла Ірына Юр’еўна Смірнова, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, якая прадставіла відэапрэзентацыю “Народны касцюм у тэрмінах”. Напачатку Ірына Юр’еўна зрабіла агляд усіх вядомых, тэрытарыяльна замацаваных нацыянальных строяў беларусаў, дэталёва засяродзіўшыся на неглюбскім строі. Расказваючы пра гэты від касцюма, дакладчык звярнула ўвагу не толькі на яго складнікі з адмысловымі назвамі, але і на віды і спосабы іх вырабу, што асабліва тычылася вышыўкі і элементаў упрыгожвання.

Пасля з мастацкай пастаноўкай “Вяселле на лельчыцкім Палессi” выступілі фальклорныя калектывы “Этнасуполка” і “Агнявец” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Напачатку мастацкі кіраўнік Таццяна Аляксандраўна Пладунова (старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ) і канцэртмайстар Вячаслаў Андрэевіч Красулін (выкладчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ) паведамілі пра гісторыю стварэння дадзенай праграмы і згадалі пра экспедыцыі, падчас якіх і былі запісаны вясельныя песні. А потым палілася песня – працяглая, спрадвечная, сапраўдная, наша родная беларуская песня. І пачалося свята, падчас якога ўсе прысутныя ўвачавідкі пазнаёміліся з асноўнымі складнікамі мясцовага беларускага вяселля, якія суправаджаліся песнямі і танцамі: пляценне вянка нявесты, злучэнне маладых, выкуп, пасад, віншаванні маладых падчас застолля, расплятанне касы, танцы.

Напрыканцы з заключным словам да прысутных звярнулася Рыма Мадэстаўна Кавалёва, вядучы навуковы супрацоўнік вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, якая згадала пра свой асабісты вопыт збірання фальклорных твораў у якасці навуковага кіраўніка студэнцкіх фальклорных экспедыцый і дала наказ будучым практыкантам на плённую збіральніцкую работу.

Арганізатары фальклорна-этнаграфічнага мерапрыемства “Сцяжынкамі роднай зямлі” ўпэўнены, што ўбачанае і пачутае пакінула незабыўнае ўражанне ў душах і сэрцах усіх, каму пашчасціла стаць сведкам такога сапраўднага свята. Праз яго зроблены першы (або чарговы) крок да спасціжэння багаццяў нашай традыцыйнай культуры.

 

Падрыхтавала Т.А.Марозава

Фота В.Дзянісенка

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск, вул. К.Маркса, дом 31, п.39.
 

Тэлефон: 380-57-46

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3805746, з замежжа: +375 17 3805746)