Нашы юбілеі:

Супрацоўнікі Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору сардэчна віншуюць

Рыму Мадэстаўну Кавалёву

з нагоды юбілею!

Шчыра зычым добрага здароўя, дабрабыту, плёну ва ўсіх справах, пазітыўнага настрою, творчага натхнення і поспехаў на ніве навуковых росшукаў! Жадаем “Дзьмухаўцу” цвісці, “Інтэгратыўнай фалькларыстыцы” – каласіцца новымі манаграфіямі, а серыі “З фальклорнага архіва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта” – рунець пад Вашым шчодрым наглядам.

З юбілеем!

Супрацоўнікі ВНЛ беларускага фальклору БДУ

Кавалёва Рыма Мадэстаўна

кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Афіцыйна нарадзілася 25 мая 1942 года на Смаленшчыне – насамрэч 25 красавіка 1943 года, на Пасху. Маленства прайшло ў невялічкай вёсачцы з дзесяці двароў бліз станцыі Цёмны Лес Магілёўскай вобласці. Скончыла СШ № 4 у г. Рэчыца Гомельскай вобласці, а ў 1965 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Філолаг. Настаўнік рускай мовы і літаратуры». З 1967 г. і па сённяшні дзень працуе на філалагічным факультэтам БДУ. У 1976 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Беларускія куставыя песні». Навуковыя настаўнікі – Вера Анісімаўна Захарава, кіраўнік дысертацыі, і Ніл Сымонавіч Гілевіч, які, будучы афіцыйным апанентам, падтрымаў дысертацыю.

З 1994 па 2016 гг. – дацэнт кафедры тэорыі літаратуры. Ідэйны натхняльнік і актыўны ўдзельнік шэрага рэалізаваных праектаў: выдання серыі «Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі для студэнтаў І курса філалагічнага факультэта» з выкарыстаннем аўтэнтычныхых запісаў фальклору з фондаў лабараторыі беларускага фальклору БДУ; Рэспубліканскіх Шырмаўскіх чытанняў; фальклорных фэстаў, круглых столоў «Беларускі фальклор у прасторы і часе нацыянальнай культуры» і форуму «Фальклор, час і мы» па выніках фальклорнай практыкі; арганізацыі студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Фалькларыстыка»; выдання зборніка навуковых артыкулаў «Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі»; падрыхтоўкі і выдання электроннага фальклорна-этнаграфічнага і літаратурна-мастацкага альманаха “Дзьмухавец”; заснавальнік серыі калектыўных манаграфій “Інтэгратыўная фалькларыстыка”; аўтар шэрага навуковых манаграфій і артыкулаў па актуальных праблемах фалькларыстыкі, аўтар і сааўтар вучэбна-метадычных дапаможнікаў і праграм па вуснай народнай творчасці, фалькларыстыцы і фальклорнай практыцы.

Любіць містыфікацыі, чытаць складаныя кнігі, час ад часу вяртацца да навуковай фантастыкі – яна актывізуе ўяўленне і мысліцельныя працэсы; любіць працаваць са студэнтамі і радавацца іх поспехам у вывучэнні роднага фальклору.

Мае сына, дачку, трох унукаў і дзве ўнучкі. Жыццёвае крэда – «насуперак»: жыві і працуй насуперак неспрыяльным умовам, нічога і нікога не бойся, спяшайся рабіць дабро.

«Чаму я стала філолагам? Бо вельмі рана зразумела, што слоўнае мастацтва – найважнейшая, найкаштоўнейшая, найпрыгажэйшая частка культуры, якая, можа, адзіная, нейкім чынам апраўдвае існаванне на Зямлі чалавецтва, такога часам агрэсіўнага і неразумнага, што проста дух займае. Акрамя таго, я філолаг у трэцім пакаленні, чацвёртае – дачка, пятае – унучка, выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта».

Паводле артыкула “Рыма Мадэстаўна Кавалёва”

з кнігі “Кафедра тэорыі літаратуры: біябібліяграфічны даведнік” (Мінск, 2009). Пададзена ў скарачэнні, дапрацавана

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск, вул. К.Маркса, дом 31, п.39.
 

Тэлефон: 380-57-46

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3805746, з замежжа: +375 17 3805746)