Любая нацыя мае патрэбу ў сімвалах. На сімвалах-асобах трымаюцца навука, культура, мастацтва. Арыстоцель, Платон, Гегель, Кант, Галілей, Бруна, Эйнштэйн, Лабачэўскі, браты Грым, Афанасьеў, Буслаеў, Купала, Колас, Багдановіч, Чорны, Пушкін, Гогаль, Талстой, Дастаеўскі, Раманаў, Шэйн, Насовіч, Карскі…Вы адчуваеце, што іх імёны ідуць не паасобку, а блокамі, – так спрэсаваў іх час. І Раман Рыгоравіч Шырма…

Шчаслівы той народ, які ў поўнай меры рэалізаваў свой духоўны патэнцыял. Яшчэ больш шчаслівы той, чые сыны зрабілі ўсё, каб сабраць і захаваць фальклорны скарб. Такім удзячным сынам беларускага народа быў Рыгор Шырма. Слова, якое гучала ў народных песнях, ён пераводзіў у надрукаваныя літары і ноты, а потым яно зноў ажывала ў спевах арганізаваных ім хораў створанай ім Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы, якая з 1978 г. носіць яго імя. Гэтай практычнай працай ён вылучаецца сярод простых збіральнікаў фальклору.

У 70-я гады фалькларысты БДУ не проста сустракаліся з Шырмам, гэта было плённае супрацоўніцтва. Вынік – кніга «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Брэсцкая вобласць», заснаваная на запісах студэнтаў і выкладчыкаў філфака, рэдактарам якой ён стаў. Потым была дысертацыя Васіля Ліцьвінкі «Шырма – фалькларыст» і складзены ім зборнік артыкулаў Шырмы «Песня – душа народа».

Калі менталітэт – гэта сукупнасць сімвалаў, то яго багацце вынікае з іх колькасці і якасці, маральнай вышыні постацей, што прысутнічаюць у свядомасці нашчадкаў, і студэнтаў у тым ліку.

У 1998 г. прайшло 20 гадоў з той хвіліны, як скончыўся зямны шлях Р. Шырмы. На жаль, ніякай канферэнцыі, прысвечанай памяці выдатнага дзеяча беларускай культуры, фалькларыста, харавога дырыжора, не з’явілася. Бывае і так. І тады паўстала пытанне: калі не мы, фалькларысты БДУ, абавязаныя Рыгору Раманавічу увагай, падтрымкай, цеплынёй і сардэчнасцю, то хто? Чалавек жыве, пакуль пра яго памятаюць. З прапановай правесці Шырмаўскія чытанні да Васіля Ліцьвінкі, які да смерці Рыгора Раманавіча захоўваў з ім шчыльную сувязь, звярнулася Рыма Кавалёва. Той імгненна падхапіў ідэю. Такім чынам, ініцыятарамі Шырмаўскіх чытанняў сталі тры чалавекі – трэцім быў вядомы беларускі фалькларыст Арсен Ліс, першымі арганізатарамі – студэнты-пераможцы конкурса грантаў для студэнтаў і аспірантаў БДУ, кафедра тэорыі літаратуры на чале з прафесарам В. П. Рагойшам, філфак у асобе прафесара І. С. Роўды. Дзякуючы ім Першыя Шырмаўскія чытанні прайшлі на філалагічным факультэце БДУ ў 1999 годзе. У іх прынялі ўдзел студэнты, аспіранты і выкладчыкі філалагічнага факльтэта БДУ. Паступова да нашай працы далучыліся сталічныя ВНУ і навуковыя ўстановы, а пасля – і рэгіянальныя (ГДУ імя Ф. Скарыны, БрДУ імя А. Пушкіна, ГДУ імя Янкі Купалы, Палескі ўніверсітэт). У другой палове 2000-х гадоў чытанні “выйшлі” і на міжнародны ўзровень (ВНУ Чэхіі, Балгарыі, Нарвегіі). Юбілейныя, Х Шырмаўскія чытанні прайшлі ў 2010 г. Апошнія, 12, -- у 2012 годзе.

Аргкамітэт Чытанняў дастаткова доўга – 3 гады – шукаў магчымасці да выдання матэрыялаў чытанняў. Са згоды ўдзельнікаў было прынята рашэнне аб выданні навуковага зборніка за кошт саміх аўтараў. Так, першыя матэрыялы Шырмаўскіх чытанняў, і тое не ў поўным аб’ёме, былі надрукаваны ў зборніку артыкулаў “На хвалях філалогіі: даследаванні па тэорыі літаратуры і славянскай фалькларыстыцы” (2002). Яшчэ год спатрэбіўся на тое, каб вынайсці назву зборніка, ідэю якой – “Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі” – прапанавала дацэнт кафедры тэорыі літаратуры Рыма Кавалёва. Дзякуючы яе ініцыятыве ў 2004 годзе ў свет выйшаў першы выпуск “Фалькларыстычных даследаванняў”, у якім упершыню былі змешчаны ўсе матэрыялы Шырмаўскіх чытанняў. З таго часу свет пабачылі ўжо 10 выпускаў навуковага зборніка, які нязменна выходзіць пад рэдакцыяй Рымы Кавалёвай, Вольгі Прыемка, Таццяны Марозавай, Таццяны Лук’янавай. За гэты час зборнік стаў “візітнай карткай” кафедры тэорыі літаратуры БДУ, атрымаў вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі (Расія, Украіна, Польшча, Чэхія, Балгарыя, Нарвегія, Германія, ЗША, Канада і інш.). Аснову ФД, як правіла, складаюць матэрыялы Шырмаўскіх чытанняў, але не толькі: у гады, калі Чытанні не ладзіліся, зборнік усё роўна выходзіў у свет.

Аргкамітэт Чытанняў вытрымлівае наватарскую на час першых Чытанняў ідэю збіраць пад дахам Шырмаўскіх чытаняў, у адной аўдыторыі, за адным сталом усіх зацікаўленых асоб ад вучня да доктара навук (чакаем акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў), не замыкацца ў коле толькі фалькларыстычных праблем, смела распрацоўваць інтэгратыўныя навуковыя напрамкі разам з прадстаўнікамі іншых дысцыплін.

Мы разглядаем Шырмаўскія чытанні як універсальную форму навуковай і грамадзянскай свядомасці, як знак нашай асабістай адказнасці за захаванне светлай памяці Рыгора Раманавіча, як сродак актывізацыі навукова-даследчай дзейнасці студэнтаў Беларусі, як магчымасць навуковага дыялогу на роўных паміж студэнтамі, выкладчыкамі, навукоўцамі, паміж фалькларыстамі, мастацтвазнаўцамі, мовазнаўцамі і літаратуразнаўцамі.

Інфармацыйныя лісты аб арганізацыі Чытанняў, праграмы і справаздачы па іх правядзенні размяшчаліся на сайце філалагічнага факультэта.

 

Кавалёва Р.М., к.ф.н., дацэнт, дацэнт кафедры тэорыі літаратры БДУ

Марозава Т. А., к.ф.н., дацэнт, загадчык лабараторыі беларускага фальклору БДУ