Клуб аматараў фантастыкі распачаў сваю працу летам 2011 года. Яго арганізатарам з’яўляецца лабарант першай кваліфікацыйнай катэгорыі, аспірант кафедры тэорыі літаратуры М. Ю. Латышкевіч, якая каардынуе працу клуба па сённяшні дзень. Клуб курыруе выкладчык кафедры С. В. Шамякіна.

Першаснай задачай клуба з’яўлялася згуртаванне творчага актыву ў студэнцкім асяроддзі. Улічваючы ўласныя інтарэсы, сучасныя літаратурныя і грамадскія тэндэнцыі, стваральнікі арыентаваліся менавіта на творы фантастычнага зместу.

Падчас працы ў клубе студэнты могуць пазнаёміцца з:

1.     крытэрамі вызначэння “фантастычнага” ў фальклоры і літаратуры;

2.     этапамі эвалюцыі “фантастычнага” (ад элементаў у фальклоры да сучаснасці);

3.     адметнасцямі жанравага хранатопу фантастычных твораў (у параўнанні з беларускай фальклорнай прозай і не-фантастычнымі творамі);

4.     шэрагам асноўных Звышзадач (quest’аў), што скіроўваюць унутраны рух дзеяння ў фантастычным творы;

5.     асноўнымі спосабамі і спецыфікай аналізавання твораў фантастыкі.

А таксама навучыцца:

1.     размяжоўваць фантастыку і не-фантастыку;

2.     аналізаваць фантастычныя творы і ацэньваць іх (згодна з сістэмамі шкаліравання);

3.     арыентавацца ў сучаснай сістэме жанравых разнавіднасцей фантастыкі і правільна вызначаць прыналежнасць фантастычнага твора.

Сустрэчы клуба адбываюцца раз на месяц з чэрвеня 2011 года ў чытальнай зале бібліятэкі факультэта. На сённяшні дзень у «Фантаста» склалася ўласная аўдыторыя. Гэта ў пераважнай большасці студэнты філалагічнага факультэта розных курсаў і розных спецыяльнасцей. Таксама пасяджэнні наведваюць некаторыя выкладчыкі, што дапамагае наладжваць кантакты паміж імі і навучэнцамі ў сяброўскай, нефармальнай абстаноўцы.

Клуб, такім чынам, уяўляе сабой пляцоўку для творчых і навуковых эксперыментаў, тут у гульнёвай форме студэнты атрымліваюць неабходныя веды, разнявольваюцца, вучацца камунікаваць, спрачацца, пераўвасабляцца, выступаць перад аўдыторыяй.

Да працы клуба прыцягваюцца як рэсурсы бібліятэкі (шаноўныя супрацоўнікі чытальнай залы забяспечваюць рэгулярную кніжную выставу па тэме сустрэчы), так і аўдыёвізуальныя сродкі. Напрыклад, у адным з апошніх пасяджэнняў клуба ўдзельнікам былі прапанаваныя фантастычныя фільмы пачатку дваццатага стагоддзя (“Падарожжа на месяц”, “Франкенштэйн”). Такім чынам, пашыраецца кругагляд навучэнцаў факультэта.

У гэтым месяцы ў клубе распачаўся конкурс фантастычнага апавядання «Парадоксы часу», які будзе праводзіцца сярод студэнтаў розных ВНУ і старэйшых школьнікаў. Першыя прыклады твораў, напісаных да гэтага конкурса, будуць дэманстравацца ў факультэцкім альманаху «Дзьмухавец».

Пры гэтым суполка арыентуе сваіх удзельнікаў не толькі на ўласную літаратурную творчасць, але і скіроўвае да навуковых даследаванняў фантастыкі. Так, у хуткім часе на факультэце будуць праводзіцца Шырмаўскія чытанні, і для навуковых росшукаў такога кшталту там з’явіцца асобная падсекцыя.

Як можна заўважыць, клуб, нягледзячы на адносна невялікі тэрмін існавання, працягвае збіраць прыхільнікаў і развівацца надалей, прыносячы карысць і радасць усім сваім удзельнікам, як студэнтам, так і выкладчыкам.