25 ліпеня 2009г.,субота.

Прачнулася я ад холада. Вова ўжо зрабіў на вогнішчы гарбату, мы паснедалі пернікамі і рушылі далей. Перш-наперш мы зайшлі ў мясцовую краму, дзе вырашылі запытаць, да каго падацца. Нам параілі звярнуцца да дзеда Кірбая, які жыў побач з крамай. Дзед Кірбай адчыняць не захацеў, толькі паглядзеў на нас з-за фіранкі. Пасля дзесяці хвілін пад дзвярыма мы вырашылі, што нам не шанцуе, бо мы прапаноўвалі і дапамогу, і гарэлку, прывезеную з Мінска. Толькі потым мы даведаліся, што былі тут нядаўна такія ж, як і мы, збіральнікі фальклора, а “аказаліся бандзітамі”. Далей мы рушылі ў клуб, але ён быў зачынены. Побач з клубам – школа, і тры жанчыны на ганку, якія адразу накіравалі да настаўніцы беларускай мовы. Настаўніца, Шаляговіч Марыя Васілеўна (1954г.н., беларуска, вышэйшая  адукацыя, мясцовая) паведаміла нам паходжанне назвы Чарабасава:

У 20-я гады, калі на Палессі адбывалася мілеарацыя палескіх балот, веска Чарабасава была такім агульным балотам. На асушэнне балота і каналаў з Масквы быў накіраваны інжынер-міліаратар па прозвішчу Чарабасаў. Паколькі ен прыехаў сюды працаваць, ен адразу пабудаваў сабе жылле, і, на ўзвышку, бліз чыгункі, Чарабасаў збудаваў сабе маентак. Працы было шмат. У гэтую мясцоваць пачалі прыязджаць людзі з розных канцоў краіны.  Зямля была ўрадлівая, добрая, і рабочыя заставаліся тут жыць. Карэннага насельніцтва тут амаль не існуе. А ў час вайны тут быў разгорнуты вялікі партызанскі рух. Людзей жыве ў нас нешмат, дарослыя амаль ўсе працуюць у Мікашэвічах, а ў школе вучыцца пяцьдзесят дзетак.(1,няказачная проза, паданне пра паходжанне назвы вёскі)

Пасля некалькіх хвілін маўчання, настаўніца ўспомніла яшчэ адну легенду:

Калісьці ў адным лесе жыла жанчына. Аднойчы яе муж пайшоў на паляванне і быццам яго забілі. Праз пэўны час яна пачала нараджаць дзяцей. Месныя жыхары казалі, што часта бачылі каля яе хаты ваўка, які слуняўся па двары. Людзі пачалі лічыць, што яе муж ператварыўся ў ваўкалаку, прыходзіў да яе ў выглядзе воўка, абараняў хату, а ноччу зноў станавіўся чалавекам.(2, міфалагічная проза, прымхлівы аповед)

Вось і ўсё, што нам паведаміла Марыя Васілеўна. А яшчэ параіла нам ехаць у вёску Дварэц, дзе можна пераначаваць у школе. Так мы і зрабілі, вышлі на трасу, дзе паспяхова злавілі машыну і даехалі да прарэкламаванай вёскі.

Вёска Дварэц Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Дварэц значна большы за Чарабасава. Высадзілі нас побач са школай і зноў параілі звярнуцца да настаўніцы беларускай мовы Наталлі Міхайлаўны, што мы і зрабілі. Але ў школе яе не было, а вартаўнік накіраваў нас да Кацярыны Мікіцішны,настаўніцы на пенсіі(1958г.н., беларуска, вышэйшая  адукацыя, мясцовая). Кацярына Мікіцішна не вельмі была задаволеная нашым наведваннем, бо менавіта ў гэты момант давала ўрокі рэпетытарства і ўвогуле мы “павінны былі папярэдзіць”. Але ўсё ж такі паведаміла цікавую гісторыю:

У адной маладой жанчыны паміралі дзеці. Вось дзіця здаровенькае, нармальнае,  і раптам праз ноч яго ўжо няма. Так памерла адно дзіця, потым другое, памерла і трэцяе. Маці ўжо рве на сабе валасы, не ведае куды дзявацца, а бацька яе кажа: “Паеду шукаць раду”. Запрог ен каня і паехаў. Ведаў ен, што недзе за некалькі весак жыў адзін стары чалавек, які быў знахаром. Ён добра гадаў па зорках і мог сказаць вельмі багата. Прыязджае гэты дзед да яго і расказвае пра сваё гора: “Не ведаем, ад чаго дзеці паміраюць. Нараджаецца здаровым і раптам памірае”. Знахар прыняў яго добра, пакарміў, сказаў, каб застаўся начаваць, бо вечарам яму трэба выйсці паглядзець на зоркі. Мыжык застаўся начаваць. Знахар вечарам паглядзеў на зоры і раніцой кажа мужыку: “Я ведаю, у чым прычына. У вашым сяле есць такая жанчына, якая зводзіць дзяцей і гэта  адбываецца не толькі ў вас.” А мужык адказвае: “Але толькі ў нас загінула ўжо трое дзетак”. Знахар паразважаў і кажа: “Едзь ты мужык да хаты, усе будзе добра, дзеці больш не будуць паміраць.” Бацька быў абнадзееным, аддзякваў знахара, заплаціў грошы і ужо сабраўся выходзіць з хаты, як знахар кажа яму: “А ты можаш узяць грэх на сваю душу? Як только возьмеш грэх на сваю душу, то пакуль даедзеш да хаты, тая вядзьмарка ўжо будзе мертвая. А каб упэўніцца ў тым, што гэта яна звяла вашых дзетак, схадзі да ей і палядзі, колькі пчол будзе летаць над яе целам, колькі пчол, столькі і душ яна загубіла.” Бацька цверда адказаў: “Вазьму, не пабаюся”. Развіталіся яны, і ён вяртаецца дахаты. Пытаецца ў жонкі, як справы, чаго чуваць у сяле. А жонка і адказвае, что такая-та жанчына памерла. Пайшоў бацька з цікавасцю паглядзець на гэтую мертвую жанчыну, а калі ўбачыў яе, то над ей віўся цэлый пчаліный рой. Пасля гэтага больш ніводнага дзіцяці не памерла.(3, міфалагічная проза, прымхлівы аповед)

Кацярына Мікіцішна паведаміла нам  таксама легенду пра паходжанне назвы вёскі:

Калісьці даўным-даўно праязджаў тут адзін пан. Вёска была яшчэ маленькая, навокал былі лясы, палі, і цякла прыгожая рака Цна. Калі пан уз’ехаў на ўзгорак, то перад яго вачыма адкрыўся вельмі прыгожы пейзаж. У зеляні палеў яскравая зіхаціла рака. І ён вырашыў тут пасяліцца. Пабудаваў сабе на ўзгорку палац і стаў тут жыць. Ад палаца быццам і пайшла назва вескі Дварэц.(4, няказачная проза, легенда пра паходжанне назвы вёскі)

Яшчэ я даведалася ад Кацярыны Мікіцішны, што ковеня – гэта качарга. Перад самымі дзвярыма настаўніца пагадзілася расказаць і некалькі прыказак і прымавак:

Як не ўдався, то коб і не ўроджався.(5, прыказка)

Не той піво п’е, хто варыць, а той, кому бог судзіць.(6, прыказка)

Да своей родзімы няма ліхой гадзіны.(7, прыказка)

У сваей хаце і ковеня маці.(8, прыказка)

Ленівому коню і грыва важка.(9, прыказка)

Бог за душу, а чэрці за добро.(10, прыказка)

Не ела душа чыснаку, так і воняць не будзе.(11, прыказка)

Як добрае плячэ, то і тупіца сячэ.(12, прыказка)

Смерць бярэ не па барадзе, а па чарзе.(13, прыказка)

Маленькі сабачка да смерці – шчаня.(14, прыказка)

За хорошым чаловекам і свінка гасподынька.(15, прыказка)

Не грыва колеца, а гразь.(16, прымаўка)

 

Мы зразумелі, што Кацярына Мікіцішна шмат ведае і вырашылі, што будзем выведваць да апошняга. Нарэшце настаўніца заспявала:

 

Напілася я п’яна, не дайду я дадому,

Завяла мяне вузкая сцежка да вішнёвага саду,

А ў вішнёвым ў садзе, там зязюля кукуе.

Ты скажы мне, шэрая зязюля, дзе мой мілы начуе?

Калі ен у дарозе, памажы яму Божа,

Калі з дзевачкай на пасцеленькі, пакарай яго Божа.

А ці ж  я не такая, як і тая другая?

Я харошая, я прыгожая, толькі доля ліхая.

Ой каб я гэта знала, што замужам ліха,

То сядзела б я, бульбу ела ў матуленькі ціха.

(17, “Напілася я п’яна, не дайду я дадому”.., пазаабрадавая лірыка, песня пра жаночую долю)

Пасля размовы з настаўніцай мы вырашылі ўкінуць штосьці ў трыбушок, як кажа мая бабуля, і ехаць у наступную вёску.

 

Вёска Лунін Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.

На скрыжаванні побач з вёскай стаяў крыж з рознакаляровымі стужкамі. Як мы даведаліся пазней, такія крыжы ставілі з мэтай рэлігійнай ідэнтэфікацыі вёскі:калі крыж каталіцкі, большасць жыхароў каталікі, праваслаўны – праваслаўныя. Некаторыя сцвярджалі, што крыж засцерагае ад нячысцікаў, бо скрыжаванне – благое месца.

Заходзім у першую хату, дзе нас сустракае мілая жанчына, якая, аднак, адмаўляецца нам дапамагчы, а толькі накіроўвае да дырэктара клуба. Дырэктарам клуба аказваецца жанчына год 50, Марыя Андрэеўна, якая адразу пусціла нас ў хату. За філіжанкай гарбаты расказала пра тое, як спалілі клуб, пра дзяцей і пра тое, як мы падобныя да наркаманаў, якія часта сюды прыяжджаюць за макам і канаплёй. Пасмяяліся. А восьмай вечара мы ўжо збіраліся ў лес, але Марыя Андрэеўна прапанавала нам застацца, за што ёй вялікі дзякуй. Дарэчы, яна так нічога з фальклора і не ўзгадала. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.