24 жніўня 2009г., панядзелак

На наступны дзень бабуля накіравала мяне да Браніславы Іванаўны Касцюкевіч (1942 г.н., беларуска, няпоўная сярэдняя адукацыя, мясцовая), дваюраднай сястры майго дзеда. Да яе ісці мне было не вельмі ёмка, бо Браніслава Іванаўна хварэла. Але яна рада была мяне бачыць і спявала мне, не вельмі доўга,але прыгожа:

Перажані, Божа, хмаркі,

Ой, перажані, Божа, хмаркі

На чужую старану,

Дзе пажалі, пакасілі,

Снапы павазілі.

У нас не жата, ні пажана

Да ў гуменца не звожана.

(33,“Ой,перажані, Божа, хмаркі”.., каляндарна-абрадавая лірыка, дажыначная песня)

 

Чыя гэта нівы, чыя там пакосы,

Чая там дзяўчына распусціла косы.

Косы распусціла, маці не спрасіла,

Маладу нявесту свякроў неўзлюбіла.

Выпраўляла маці сына ў салдаты,

Маладу нявесту ў поле жыта жаці.

Жала яна, жала, жала – не дажала

І ў чыстым поле тапалінай стала.

Прыйшоў сын дадому

У добрыю часіну:

- Што ў нашым полі за така тапаліна?

- Не пытайся, сыну, пра ту тапаліну,

Бяры тапор востры сячы тапаліну.

Секануў адзін раз, таполя стаяла.

Секануў другі раз, яна заплакала.

Не сячы, мой мілы, гэту тапаліну,

То ж не тапаліна – а твая дзяўчына.

Маці мая, маці, што ж ты нарабіла?

Мы так кахаліся, ты нас разлучыла.

(34,“Чыя гэта нівы, чыя там пакосы”.., пазаабрадавая лірыка, балада)

 

Цячэ рэчачка, цячэ быстрая,

Скочу-пераскочу.

Аддай, мамачка, аддай родная

За каго я хочу.

Маці аддала, шчэ наказ дала:

Сем год не бываці,

А як вернешся, дзіця роднае

Выганю з хаты.

Жыла яна год, жыла другі,

На трэці спахмурнела.

Стала яна шэраю зязюляй,

Дамоў прыляцела.

Села яна ў садзе, стала кукаваці,

Стала кукаваць, жалю паддаваць.

Как пачула маці,

А маці яе ў садзе сядзіць,

Шоўкам вышывае.

А бацька стары на парозе стаіць,

Ружжо заражаіць.

Не пазволю, сын, не пазволю, брат,

Ту зязюлю біці,

То не зязюля, а дачка ваша,

Цяжка ёй там жыці.

Цячэ рэчачка, цячэ быстрая,

Скочу-пераскочу.

Аддай, мамачка, аддай родная

За каго я хочу.

(35,“Цячэ рэчачка, цячэ быстрая”, пазаабрадавая лірыка, песня пра жаночую долю)

 

Ой гара, гара, на гарэ лес відаць.

Ой, навучы, дзеўка,на левы глаз маргаць.

Ой, навучы мяне на левы глаз маргаць,

Я падміргну табе, ніхто не будзе знаць.

Я падміргну табе, ты дагадаешся,

Пайдзі ж, Анютачку, прахаладаемся.

(36,“Ой гара, гара, на гарэ лес відаць”, пазаабрадавая лірыка, песня пра каханне)

Я падзякавала Браніславе Іванаўне ( у народзе бабулі Броні) і пайшла дамоў.

 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.