7 жніўня.

 

На наступны дзень пасля працы я зноў пайшла да бабулі. У гэты раз мне хацелася даведацца не пра бытавую, штодзённую магію, а нешта больш урачыстае, да чаго рыхтаваліся і што мела свае асаблівыя магічныя традыцыі, - святы і сямейныя падзеі.

 

Пачаць я вырашыла чамусьці з самага знакамітага летняга свята:

 

-         Як у Востраве Купалле святкавалі?

 

37.            Увесь дзень пелі купальскія песні, у гэты дзень нельга было нічога даваць ці браць у доўг, асабліва грахом лічылася пазычаць хлеб. Маці клала на вокны крапіву ад усялякага паскуддзя, а ў дзверах хлява бацька ставіў асінавы кол, каб вядзьмаркі не гулялі ды карова не баялася. Увечары з усёй вёсцы зносілі старыя рэчы, каб спаліць на вогнішчы, таму мы заўсёды хавалі свае боты ды галёшы, каб не скралі. Вогнішча палілі на лузе за рэчкай, на яго зверху клалі кола ці што-небудзь круглае, і яно, калі гарэла, было падобнае да сонца. Сярод моладзі выбіралі старэйшага, які і кіраваў гульнямі. Папараць-кветку, канешне, шмат хто хадзіў у лес шукаць. Ноччу жартавалі: з дымалі вароты суседзям і мянялі іх, накрывалі трубу, каб дым не шоў. Раніцай сонца, пакуль узыходзіць, танцуе. Сама бачыла! Падымецца, потым трошкі ўніз апусціцца, потым зноў падымаецца – як быццам купаецца ў вадзе.

 

Заўвага: фальклорная проза - каляндарна-святочная проза.

 

38.            4 верасня нельга ў лес хадзіць, бо лешы цябе кружыць і не дае выйсці з лесу. Год таму я забылася пра гэта, калі паехала на дачу, і пайшла па грыбы, і, галоўнае, ведаю ж гэтыя мясціны, але кругамі хадзіла і не магла выйсці доўга з лесу. Калі вярнулася дадому, мне пазваніла Мар’яна ісказала:“Не хадзі сёння ў лес, нельга”. І тады я ўспомніла і зразумела, што гэта лешы “гуляў са мной”.

 

Заўвага: фальклорная проза – міфалагічная проза.

 

39.            Воўчае вяселле? Быў у маім дзяцінстве такі выпадак. Мы з бацькам як раз на Піліпаўку вярталіся ў нашу вёску, ўжо не помню адкуль. Нас сустрэў Пракоп і павёз на санях у вёску. Мы трошкі праехалі праз лес, потым выехалі ў поле, і тут за намі выбяжала стая ваўкоў і доўга гналася на намі. Пракоп з бацькам мяне адсунулі да каня, а самі спічкамі да палкамі пыталіся адбіцца ад ваўкоў, кінулі ім кажух – дык яны яго адразу разарвалі. Цудам тады адбіліся і выратаваліся.

 

Заўвага: фальклорная проза - каляндарна-святочная проза.

 

40.            Калі збіраліся калядаваць, пераапраналіся ў жывёлін, абавязкова хтосьці быў казой, хтосьці апранаў шубу навыварат і быў мядзведзем. Калі заходзілі, раскідвалі зерне ў хату, каб ураджай у гаспадароў быў добры. Спявалі песні. Увечары нельга было шыць, вязаці і нічога іншага рабіць. Варажылі: выходзілі на двор, абдымалі забор, калі чотная колькасць дошак, “па парам”, тады выйдзеш замуж ў гэтым годзе. Ці дзяўчына выходзіла на вуліцу, і, адкуль чула брэх сабак, у той старонцы і павінна была выйсці замуж.

 

Заўвага: фальклорная проза - каляндарна-святочная проза.

 

41.            Пытае люты, ці добра абуты.

 

Заўвага: малыя жанры фальклору – прымаўка.

 

42.            На Грамніцы ішлі ў царкву, бралі свечку, якую яшчэ перавязвалі пакляй, і гэтая грамнічая свяча ахоўвала потым хату ад маланкі і пажараў.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

43.            На Вялікдзень красілі яйкі шалухой ад цыбулі. Калі ў доме хтосьці нядаўна памёр, то яйкі толькі варылі, але не красілі. Хросныя бацькі насілі яйкі сваім хроснікам. Гулялі ў біткі, каталі яйкі з горкі. А раніцай, яшчэ да таго, як сесці за стол, усе ўмываліся вадой, у якой ляжаць асвячоныя яйкі, прыгаворваючы: “Здороўя, шчасця…” Жадалі сабе і блізкім усяго,чаго і хацелі ў жыцці.

 

Заўвага: фальклорная проза - каляндарна-святочная проза.

 

44.            На Юр’еўдзеньбыў першы выпас кароў, карове на рог павязвалі чырвоную трапачку, якая засцерагала яе ад нядобрай сілы. Пастухоў частавалі, давалі ім грошы. Каб не расло пустазелле, трэба было ў поле закапаць кавалачкі ежы, якая засталася пасля Вялікадня – шкарлупіну ад яйка ці чэрствы кавалачак булкі.

 

Заўвага: фальклорная проза - каляндарна-святочная проза.

 

45.            На Тройцу мы укладывалі падлогу ў хаце аерам. Хадзілі ў лес за веткамі бярозы, з іх потым рабілі букеты і ўпрыгожвалі імі хату. Веткі бярозы захоўвалі на працягу ўсяго года пасля Тройцы. Яшчэ мы гэтыя ветачкі ўтыкалі ў сараі, каб засцерагчы скаціну.

 

Заўвага: фальклорная проза - каляндарна-святочная проза.

 

46.            На Саракі, каб сорак птушак прыляцела, трэба сорак палак цераз дах перакінуць ці сорак галушак з’есці. Дзяўчыны ламалі сорак палак, каб шчасліва выйсці замуж.

 

Заўвага: фальклорная проза - магічная проза.

 

Нядаўна ў нашай сям’і былі вельмі актуальныя абрады, павер’і, прыкметы, звязаныя са з’яўленнем у сям’і дзетак, - радзіны і хрэсьбіны, бо нарадзіліся мае стрыечныя брацік і сястрычка. Таму бабуля “на свежую галаву” расказала мне, як праводзіліся гэтыя падзеі, дапаўняючы некаторымі традыцыямі і правіламі, якімі мы сёння не карыстаемся.

 

47.            Цяжарнай жанчыне нельга было хрысціць іншых дзяцей і прысутнічаць на памінках. Прымала роды і першы раз купала дзіцяці бабка, яна потым яшчэ нейкі час клапацілася аб парадзіхе і нованароджаным. Калі дзіця першы раз купалі, дзяўчынке ў ваду дабаўлялі малако, адвар з рамонак, каб прыгожая была, пад купэль клалі грабеньчык і іголку, каб была добрай гаспадыняй. А хлопчыку у ваду клалі зерне, а пад купэль цвікі ды малаток. Вадой, якая засталася, нельга больш карыстацца, яе абавязкова трэба выліць. А як запеленаюць дзіцяці, пазывалі чырвоным паяском-абярэгам.

 

Заўвага: фальклорная проза – сямейна-абрадавая проза.

 

48.            Перад хрэсьбінамі хросных бацькоў выбіралі сярод родзічаў і сяброў, выбіралі добрых, паважаных людзей, абавязкова хрышчоных. Але ў хросныя не бралі разведзеных, аўдавелых. Яшчэ тых, у каго да гэтага хроснік памёр. Муж і жонка не маглі быць разам хроснымі ў аднаго дзіцяці. Перад хрэсьбінамі дзіцяці купалі, апраналі ва ўсё белае, перавязвалі чырвоным паяском-абярэгам. Кум з кумой абавязкова прысаджваліся “на дарожку”, каб усё добра было. У хаце гатавалі святочны стол, ён заканчваўся “Бабінай кашай” – абрад быў такі. Кашу варылі з пшаніцы, дабаўлялі мёд і сухафрукты. Варыла яе бабка, у нас, у Востраве, бабкай была баба Юстына. Спачатку бабка прасіла выкуп за гэтую кашу, а пасля выкупа гаршок разбівалі на часткі, і кожны браў сабе па лыжцы кашы. Разбівалі гаршок, каб дзіця расло здаровым і каб яшчэ дзеткі ў гэтай сям’нарадзіліся. Абед заканчваўся тым, што бацькі дзіцяці і кумы абменьваліся падарункамі.

 

Заўвага: фальклорная проза – сямейна-абрадавая проза.

 

Дадому ад бабулі я вярталася вельмі задаволеная і нават здзіўленая: я і не ведала, што яна раскажа мне столькі ўсяго цікавага. За два дні ўжо амаль неабходны мінімум набраўся! Яшчэ для мяне было дзіўным даведацца пра маю бабулю не такую, якой яе бачу я звычайна – жыхаркай вялікага горада, а пра маленькую дзяўчынку, потым дзяўчыну, якая вырасла ў беларускай вёсцы – месцы, дзе і сёння захоўваецца сапраўдная самабытнасць нашаго народа, пра якую даведваешся ўбачыўшы ці пачуўшы сам.

 

Дарэчы, праз некалькі дзён я накіроўваюся менавіта ў адно з такіх месцаў – вёску, дзе нашай сям’я мае старую хатку, у якую мы часта ездзім адпачываць улетку. І мне вельмі цікава, што я знайду там.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.