21 ліпеня. Дзень 5.

 

Сёння дзень, калі я адгадаю загадку возера Свіцязь. З натхненнем, з тэлефонам і з цукеркамі адправілася я ў бок хаты, дзе жыла Халупка Надзея Афанасьеўна, ад майго дому трэба была прайсці на горачку, ісці каля 15 хвілін. Прыйшоўшы да яе, я  зразумела, што мяне чакалі, бо гаспадыня дому была не адна, побач  сядзела сяброўка, мілая бабулька, відаць, што трошкі старэйышая за яе. Іх хаткі знаходзяцца вельмі блізка, яны сяброўкі з дзяцінства, Кавальчук Ганна Іванаўна была для Надзеі Афанасьеўны, як старэйшая  сястра,  якая апякала,  давала парады. І зараз яна прыйшла да яе , каб  падтрымаць, дапамагчы з матэрыялам, як гавораць : адна галава добра, а дзве лепей. Я іх пачаставала цукеркамі, села побач і пачала дзяліцца сваімі ўражаннямі, як мяне захапіла возера і  не веру, што няма легенд пра гэты цуд, на што Надзея Афанасьеўна ўсміхнулася. “Пра гэта возера я  ведаю шмат легенд, - кажа Надзея Афанасьеўна.- Я табе зараз раскажу: даўным – даўно гэта  возера  належала аднаму вельмі багатаму князю (імя не памятаю). Ён быў вельмі дужым, з ім ніхто не мог зраўняцца  сваею сілаю, таму  князь нікога не баяўся, добра вёў усе свае справы. На тым месцы, дзе знаходзіцца цяперашняе возера, калісьці стаяў горад, жылі там добрыя людзі, клапаціліся аб гаспадарцы, слухалі свайго князя. Але аднойчы ў гэты горад прыйшла кепская навіна – яго хацелі захапіць нейкія чужынцы. Жыхары  горада ўсе дні і ночы маліліся, плакалі, але ўсё  ж  такі   горад  чужынцы акружылі і пачалася бойня. Мужчыны ваявалі, а жанчыны маліліся. І тут здарыўся цуд: зямля раскрылася і паглынула гэты горад. Людзі кажуць, што на гэтым месцы  і ўтварылася возера Свіцязь, бо той горад называўся Свіцязьград. Мужчыны-ваякі ператварыліся ў моцныя дубы, а жанчыны і маладыя дзяўчаты – у русалак. Кажуць яшчэ, што, калі прыходзіш ноччу да возера, можна ўбачыць, як з яго выплывае замак”. ( 39. легенда) Як з яго выплывае замак...у мяне адразу намалявалася карціна...якая прыгожая легенда. Яле мой пытлівы розум не давай спакою: ”Няўжо толькі адна і ўсё?!” “Не, -адказала бабуля.- Ведаю яшчэ адну цікавую легенду пра гэта возера. Казалі, што раней да гэтага возера вельмі часта хадзілі дзяўчаты з розных вёсак. Яны не толькі купаліся, але любілі на беразе возера павязаць. Аднойчы адна вельмі прыгожая дзяўчына сядзела на беразе і вязала сурвэтку, але тут раптам клубок пакаціўся ў возера. Дзяўчына пачала скручваць ніткі ў клубок, а з-пад вады пачаў з’яўляцца замак, скруціўшы ўсе ніткі замак знік пад вадою. Людзі кажуць, што раней на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца возера Свіцязь, быў замак нейкага пана, але што з ім здарылася, ніхто не ведае.”( 40. легенда)  Я сядзела ўражаная, прызнаюся, што вельмі люблю легенды, казкі, дзе расказваецца пра дзявочую незвычаўную прыгажосць, дзе дзеючыя асобы дзяўчаты. І тут я ўспомніла, што яшчэ не даведалася пра назву сваей любімай весачкі Баранавічы, перада мною сядзела самая старэйшая жыхарка Баранавіч, і я запытала пра паходжанне назвы. Вы не паверыце, але бабуля пачала апавядаць: “Здарылася гэта даўно. Некалі на месцы, дзе зараз стаіць в.Баранавічы, быў вялікі бор. Кіраваў гэтым борам адзін вельмі злы пан. Людзі баяліся яго, і вось аднойчы яны вырашылі спаліць гэты бор, бо пан нават не дазваляў адтуль галінкі вынесці. Задума здзейснілася. Бор згарэў і стала вельмі шмат месца. Тады пан вырашыў, што на гэтым месцы патрэбна пабудаваць пасёлак. Гэтак ён і зрабіў. З тых пор гэта вёска пачала называцца Баранаўкай, а гадоў 20 назад – Баранавічы.” ( 41. легенда) У душы я танцавала ад разумення таго, што мне пашанцавала. Гледзячы маё уражанне, Ганна Іванаўна сказала, што ведае яшчэ адну, не менш цікавую легенду пра “Панскі двор”. Мне стала цікава, бо пра гэта я ніколі не чула. “Дакладна не ведаю, але мне гэта казала мая маці, што калісьці ад Навагрудскага да Мірскага замкаў быў пабудаваны падземны пераход. І вось аднойчы, пан на залатым кані ехаў з Наваградка ў Мір. І як раз ён праязджаў па тым месцы, дзе будаваўся дом, і зямля раптам абвалілася і засыпала пана з канём.

 

З таго часу гэтае месца пачало называцца – “Панскі двор”. Нават зараз там можна ўбачыць невялікую ўпадзіну (гэтае месца знаходзіцца ў вёсцы Руднікі)”.( 42. легенда) А вёску Руднікі я ведаю, бо яна  знаходзіцца недалёка ад нашай вескі. Вось як бывае, кожнае мястэчка мае  свае таямніцы, якія прыцягваюць такіх, як я шукальнікаў фольклору. Такія бабулі, якая памяць у іх! “не, не можа быць, каб ведалі толькі легенды!-не супакойвалася я.

 

    - А можа, даражэнькія бабулькі, вы ведаеце якія-небудзь абрадавыя песні?

 

- Чаму ж не? Ганна Іванаўна, - звярнулася Надзея Афанасьеўна, - Вы ў нас самая старэйшая, пачынайце.

 

- Ой, старая  я ўжо пець, але памятаю ў маладосці вельмі любіла з дзяўчатамі і хлопцамі калядавацца. Гэта было вядікае свята! Зараз спаю маю любімую песню, слухай.

 

                                          Калядкі

 

                             Ай, рана, рана куры запелі

 

Святы вечар добрым людзям!

 

Добры вечар таму,

 

Хто ў гэтым даму.

 

Нам не хочацца чакаць,

 

Загадайце калядаваць.

 

Добры вечар, добры вечар,

 

Адкажы нам, чалавеча,

 

Ці ісці, ці сесці,

 

Ці каўбаску з’есці?

 

Добры вечар  гаспадару

 

Вынесь сала не скупіся,

 

Каб твой ячмень урадзіўся,

 

Каб нажалі сто коп жыта,

 

                            Каб сям’я была ўся сыта,

 

Каб скацінка вадзілася,

 

Каб пшаніца радзілася.

 

( 43. песня на Каляды)

 

- Вось, усё! Надзея Афанасьеўна, а ты чаго сядзіш рукі склаўшы, заслухалася (усміхаецца)? Давай і ты, што-небудзь праспявай ці раскажы.

 

- Куды ж мне за табою раўняцца! Памятаю, што дачка мая з сыночкам у ладушкі гулялі:        

 

                                 Ладушкі

 

                                     

 

                               -  Ладушкі, ладушкі,дзе былі?

 

•У бабушкі.

•Што пілі?

•Малако.

•А што елі?

•Ко-ко-ко.

 

                                              ( 44. забаўлянка)

 

 Кую-кую ножку,

 

Паеду ў дарожку,

 

Дарожка крывенькая,

 

Кабылка храменькая.

 

Еду, еду, еду

 

Ніякага следу.

 

                         ( 45. забаўлянка)

 

Чэ-чэ, сарока

 

Прыляцела  здалёка

 

Села на вароты

 

У чырвоных ботах.

 

Боты паскідала,

 

Стала сакатаць,

 

Што ей есці даць?

 

•Пасыплю гароху

•Хай клюе патроху.

•Пасыплю грэчкі,

•Хай нясе яечкі.

            ( 46. забаўлянка)

 

І яшчэ адну  прыгаворку:

 

Дожджык, дожджык, сыпані,

 

Бабку з поля прагані,

 

Дожджык, дожджык, перастань,

 

Я паеду ў Казахстан.

 

                     (47. прыгаворка)

 

Я таксама ўспомніла гэтыя забаўлянкі, бо маці мая таксама са мною гуляла ў іх, гэта вельмі добра, калі гульні жывуць і перадаюцца з пакалення ў  пакаленне, бо гэту прыгаворку мая бабуля  таксама любіць гаварыць. Я заўважыла, што бабулечкі мае стаміліся, адчуваецца ўжо, канечне,  ўзрост, я падумала і вырашыла, што не буду іх больш турбаваць, калі што яшчэ спатрэбіцца, то прыйду да іх. З вялікай шчырасцю ім падзякавала і  на іх тварыках я заўважыла, што яны задаволены, як папрацавалі і дапамаглі мне. Да хаткі сваёй я  вярталася  з подскокам.

 

Вечарам патэлефанавала жанчына, добрая знаёмая маёй бабулі, Аляксандра Іванаўна, якая  таксама настаўніца, нядаўна пайшла на пенсію, і запрасіла бабулю на вечарыну ў пятніцу, яна сказала, што там будуць усе жыхаркі – бабулі на  літаратурнай  вечарыне. Калі я гэта пачула, то таксама папрасілася да іх,  расказала, што мне патрэбен фальклор, і Аляксандра Іванаўна сказала, што з захапленнем дапаможа. Мне толькі заставалася чакаць пятніцы...

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.