Уводзіны

У мяне нават не паўстала пытання наконт месца збірання фальклорных адзінак, бо я ведала, што паеду ў родную для мяне вёску Скварчыцы. Калісьці там жыла мая бабуля, але некалькі год назад яна памерла, а хатка засталася. Кожную вольную хвіліну ад вучобы,працы, і ўвогуле спраў мы з сям’ёй накіроўваемся менавіта туды. Улетку з мамай мы садзім агароды, працуем  ў садзе. Тата тым часам будуе новую хату, садзіў дрэвы, хадзіў на паляванне.

Дзень першы (18 ліпеня )

Дождж, як заўсёды, сапсаваў не толькі надвор’е, але і настрой. Ідэя пачаць сабіраць фальклор пераняслася на наступны дзень.

Ужо з самай раніцы я пачала збірацца ў вёску. Па прыездзе я планавала адразу пайсці да бабулінай сяброўкі, але госьці прыйшлі да мяне.

У хаце я засталася адна, бо бацькам заўтра на працу трэба ехаць, а у сястры Ксенькі трэніроўка па танцах.

Свет у пакоях я ўключыла, бо было цёмна і трохі страшнавата. У дзверы пастукаліся. Я атварыла і перада мной стаяла невысокая,шчупленькая бабулечка. Нягледзячы на ўзрост ( а ёй было 89 год ), яна выглядала вельмі  “жвавенька” .  Бабуліну сяброўку я пазнала адразу. Ярашук Яўгенія Арцёмаўна. (1925, бел, сяр, в. Валахва , Брэсцская.вобл, Баранавіцкі раён). Яны разам працавалі калісьці, нярэдка хадзілі ў госьці да адзін аднаго. Я расказала бабуле Жэне чаму я прыехала. Я нават не спадзявалася, што бабуля можа мне штосьці апавесці. Але як толькі я расказала сваю гісторыю, яна пачала расказваць сваі гісторыі.

- Бабуля Жэня, а раскажыце калі ласка, а вось калі Вы выходзілі замуж , як вянчаліся?

1)  - Вянчацца вапшчэ нельга было. Нават гэтае слова прамаўляць забаранялася. Цэрквы такую паслугу не аказвалі.  У цэркаў хадзіць вапшчэ хадзіць няможна было. Калі ў цябе быў бацюшка знаёмы, ты мог бы да яго звярнуцца. Толькі ён мог вас павянчаць, але аб гэтым ніхто не павінен быў ведаць. Гэтага недзе не запісвалі. Ніякой бумажкі аб тым, што вы павенчаныя. Калі пра гэта хтосьці даведаецца- адразу паведамляюць у партыю. У лепшым варыянце- могуць зарплаты лішыць, а ў худшым-парційнага білета лішыць. А гэта значыць- выключэнне з партыі. А гэта , мая харошая, ужо бяда.

Заўвага : Сямейна-абрадавая (вясельная проза)

І ў гэтую хвіліну ў бабулі з вока капнула слязінка . Я зразумела, што трэба нашую размову заканчваць.  Але бабуля Жэня пачала распавядаць новую гісторыю. Я ведала што ёй цяжка ўспамінаць сваё жыццё, але , відаць, ёй папросту трэба было гэта камусьці расказаць. Унукаў у яе было двое, як я потым даведалася. Але нікому яна яшчэ так не спавядалася : з жалем, з эмоцыямі і нават са слязінкай. Не трэба было задаваць нейкіх пытанняў, пытаць аб дробязях. Бабуля ўсё расказала сама.  Яна гэтага вельмі прагнула.

- А хочаш, пра Бога раскажу? Ведаеш, хто гэта?

2) -Раней нам гаварылі, што Божанька гэта не чалавек, а паветра. Яго бачаць толькі праведныя людзі. Ну…гэта людзі, якія нікому і ніколі нічога злога не зрабілі. Бог любіць усіх людзей. І яго любяць усе. Ён жыве на нябёсах,а разам з ім жывуць нейкія сілы, якія яму дапамагаюць упраўляць усім светам і людзьмі. Ну… гэтыя сілы вельмі моцныя. Канешне , не такія, как Бог, але яны яму ва ўсім дапамагаюць. Пры саветах, ведаеш, быў такі час, што нам запрашчалі верыць у яго, і дажа гаварыць пра яго. У каго іконачкі ў доме стаялі , тых стыдзілі , іх хаты дажа стараной абхадзілі. Ну….вот.

Заўвага : Народна-хрысціянская проза ( аповед пра Бога)

- А вось слухай…

-Лерка, слухай. А ты ж хрышчоная,да? А якога ты радзілася?

-Я ў дзевяноста чацвёртым. ( Я адказала, але не зразумела, чаму паўстала гэтае пытанне)

-А… ну тады ўжо можна было.

-У якім сэнсе, Яўгенія Арцёмаўна?

3) Ну , слухай. Хрысціць дзетак нельга было.  Але хто вельмі веруючы быў, той уціхую ад улады гэта рабіў. Мой брат працаваў у кароўніку. Гэта было адразу пасля вайны. Зарплаты маленькія былі. Хто як мог так і выжываў. Так вось…  Нарадзіўся ў майго брата сыночак , а жонка майго брата была вельмі хрысціянская … І ўздумалася ёй пахрысціць сваё дзіця. Пазвалі меснага бацюшку. І ён яго пахрысціў. А аказалася, што на сваю бяду.  Калі хрысцілі дзіця, была ноч і аб гэтым ніхто не павінен быў даведацца . Але…праз два дні на работу да брата прыйшлі з пытаннямі.  Пачалі дапытвацца што і як. Але брат, як аказалася нават і не ведаў, што зрабіла жонка. Сказалі, што калі ён не пагаворыць з жонкай наконт яе “хрысціянства”, то ў іх будуць праблемы. А яшчэ праз тыдзень брата звальнілі з працы.  Мы нават не ўзналі, адкуль яны дазналіся.

Заўвага : Сямейна-абрадавая проза(радзінна-хрэсьбінная)

4) -Бабуля Жэня, Вы ж ведаеце, што я польскую мову вывучаю.  А ці Вы памятаеце, як жылі калісьці пры панах?

-Ой, я дакладна і не памятаю. Помню толькі вось пра што. У школу хадзіць нікога не заставлялі.  Хочаш вучыцца-вучысь, а не хочаш-ну і сідзі дома. У кожнага была свая хата, свая доля. Да цябе нікому няма ніякага дзела. Калі ў мяне мама ўмерла-мне ніякой кампенсацыі ніхто не выплаціў. Ніхто нават не прыйшоў з дапамогай. Як хочаш, так і жыві. Калі зможаш выжыць- значыць маладзец, вытрымаў. Калі не- такі ў цябе лёс. Калі хто-небудзь з радні табе паможа : пракорміць, па гаспадарцы дапаможа, тады ты “ у шакаладзе” .  Улада табе не паможа.

Заўвага :  Няказкавая проза ( рэалістычная проза, апавяданне-ўспамін)

5) - О! Лерачка. Я вось бачу ў цябе яечкі на стале. Я тут прыпомніла , як мы калісьці пасху празнавалі. Слухай. Сёння на працы могуць пару капеек даць к святу якому- небудзь. А раней такога не было. Што ў цябе было ў доме, то і на стол выкладвай. У нас у сям’і традзіцыя была – мы на свята абавязкова рэзалі курачку. Але не любую. Тата рассажваў курэй па розных мястах і слядзіў за імі. Якая курачка снясе апошняе яечка, тое яечка і будзе падавацца на святочнае снеданне. А якая курачка гэта зробіць, тую і заб’юць для святочнай вячэры. У нас заўсёды яйца красілі і не было, як сёння розных наклеек , а красілі толькі ў чырвоны цвет.

Заўвага : Народна-хрысціянская проза ( проза Вялікадня)

-Бабуля Жэня, а Вам падарункі хоць калі-небудзь давалі? Можа ад працы, або ад партыі?

6)  - Ой… Пры саветах, як я памятаю , было не так, як пры паляках. Яны абавязвалі ў школу хадзіць. Я ўжо расказвала, як палякам было ўсё роўна да нас. А саветам не… Усе дзеці павінны былі хадзіць у школу. Толькі вось школы ў нас не было ў вёсцы. А такіх вёсак было шмат. У нас рабілі наступным чынам. Вось калі школы не было, гэта ўжо нашыя праблемы. Дзеці вучыліся ў хатах. У каго хата вялікая або больш-менш, тады ў той хаце і збіраліся. Канешне, тым плацілі грошы, у каго збіраліся, але невялікія. Гаспадыня была на кухне, а дзеці з настаўнікам ( дзяцей было не больш пяці-шасці асоб ) займаліся ў пакоі. Дзяцей трэба было , канешне, пакарміць, але што ім там трэба? Кусочак хлеба ды бульбы.  Таму гэта не было абузай. Мне наадварот падабалася, калі ў хаце гоман. Тады ты не адчуваеш сябе самотным чалавекам.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, апавяданне-ўспамін)

- А я яшчэ пра Божаньку прыпомніла. Вось слухай.

У гэты момант бабуля неяк з цяплом узяла ў рукі ікону . Яна трымала яе і здавалася, што яе яна ніколі не адпусціць. Яна прыклала яе да сэрца і моцна сціснула.

7) –Калісьці было ўсё вакол затоплено. Божанька знаходзіўся на высокай вежы. Божанька на зямлю паслаў двух галубкоў, каб даведацца , што тварыцца на зямлі, бо ўсё было затоплено. Калі б галубок нічога не прынёс, тады б гэта значыла, што вада яшчэ ёсць на зямлі. Але галубок прынёс у дзюбцы травіначку. Гэта значыла, што выда з зямлі сышла і на зямлі ўжо стала суха.

Заўвага: Народна-хрысціянская проза(аповед пра Бога)

8) – О! Помню я , калі была маленькая, матуля наша збіралася на жатву. Усе ў нашай вёсцы выходзілі жаць у адзін час.  Жаць кабеты выходзілі зранку. Гэта было дзесьці ў пяць гадзін ад раніцы. Тады гаспадарку кармілі дзеці, мы. Нам таксама трэба было ўстаць раней, чым заўсёды. Летам і восенню мы ўставалі не з сонейкам, канешне. Але таксама рана. Дзесьці ў шэсць гадзін. Мы павінны былі даць паесці жывёлам. Так рабілі ўсе дзеці, чые мамы ўхадзілі ў поле. Добра яшчэ, што ежу жывёлам з вечару варылі. Бо гарачую ежу жывёлам мама забараняла даваць. Гаварыла, што падохнуць тады. Жаць маці выходзіла кожны дзень у белай сукенцы . Маці брала з сабой белы абрусочак і клала туды хлеб і соль. Больш яна нічога з сабой не брала. Ну і вось…

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (жніўная проза)

9)  - А ведаеш, унучанка… У мой час у сем’ях было і дванаццаць, і чатырнаццаць. А у суседкі насупраць было пятнаццаць дзетак. Канешне, не ўсе дажылі нават да пяці год. Дзеці і пры родах умералі, і маленькія, бо не было тады лякарств, як зараз. Шмат дзяцей памярала ва ўзросце ад чатырох да сямі год. Калі ў сям’е шмат дзяцей, то цяжка дакладна ўглядзець за кожным.  Такога асабістага догляду не было, як зараз. Сёння чуць што – адразу ў паліклініку, да ўрача. А раней такіх паліклінік не было. Калі што баліць, то дамашнім лекамі лячыліся. Цяжка было бацькам і па гаспадарцы працаваць і за дзяцьмі глядзець. Калі дзяцёнак мог так-сяк за сабой углядзець, тады яму і жылося лягчэй. Ты толькі зразумей мяне правільна. Я кажу аб тым, што раней былі больш самастаяцельныя дзеці, ніж сёння.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

10) – А вось яшчэ я раскажу пра жатву. Калі канчалася жатва, а менавіта канчалася, а не закончвалася зусім і трэба было ўсё знасіць у сарай, то першым у сарай павінен быў сноп з сенам увесці гаспадар у белай сукенцы. Яшчэ трэба было, каб абавязкова татка быў памыты і меў на сябе чыстае ўбранне. І чыстыя буты таксама.  Снапок павінен быў быць не вельмі вялікі і не вельмі маленькі – сярэдненькі. Такі,каб памяшчаўся ў дзве рукі. Ну і калі татка пераступаў парог, усе павінны былі стаяць вакол яго ў кругу. Лічылася, што калі так рабіць , па абраду, тады і шчасце ў сям’е будзе, і добры ўраджай.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (жніўная проза)

11) – А ведеаш што, яшчэ наконт дзетак табе раскажу.  Сёння, калі не дай Бог рабёначка ў сям’е не ждуць. Ну… як гэта аб’ясніць табе…

 - Бабуля Жэня, я зразумела.

- Ну пра аборт я. Так вось. Раней іх не было. Увогуле. Не тое, што яны забараняліся… Не…  У вёсцы была такая бабуля. У яе шмат лекаў розных было. Ад самых розных хвароб. Дык вось… Кабета магла да яе звярнуцца – гэта было адзіным выйсцем для яе. Бабка гэтая давала нейкія травы. Толькі так жанчыны маглі ад няжданнага дзіцёнка засцярэгчыся. Бывалі выпадкі, калі ў сям’е проста няма грошаў , каб пракарміць сваю сям’ю, а тут яшчэ і жонка ў “палажэнні”. Тады таксама да гэтай бабулі шлі.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

12)  - А ведаеш, што раней усе камсамоламі былі?Нават цябе не пытаюць. Ой, дзіцятка… Гэта навешвалі табе на шыю. Спачатку ты быў піянерам. Напрыклад, у школе. А потым у інстытуце ты ўжо становішся камсамолам. У школе у нас граматамі награждалі толькі піянераў. Хто не піянер – той і вучыўся плоха, і паводзіны у таго дрэнныя былі. А толькі гэта таму, што ён не піянер. Вось былі такія прынцыпіяльныя бацькі. Як гаварылі тады настаўнікі “ яны (бацькі) ідуць супраць власці, супраць саветаў. Як такія бацькі могуць выхаваць добрае дзіця?”  А дзіця страдала з-за іх. Усім даюць граматы, а ім не. У школах піянеры насілі спецыяльныя ўбранні – галстучкі, па якіх іх адрознівалі сярод іншых дзяцей. Хто ўжо дарослы, той быў ужо камсамолам. Імі былі амаль усе… вось.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

13) – У нас,унучанка, у вёсцы не заўсёды працаваць можна было. Я ў сэнсе , што ўзімку, напрыклад, ці ўжо позняю восенню працы такой не было. Жывёлку гадаваць не трэба было – а што ім трэба было? Ты толькі падкінь сенца ды зярнятак кураням. Ну дык вось… Татка з братам сваім ездзілі ў горад, там пакупалі цялятак і парсюкоў па адной цане, а сюды прывазілі і прадавалі па другой.  Іх часта называлі “яўрэі”. А што ты думаеш? І пакупалі жывёлку ў іх. Напрыклад, бабуля, якая не магла паехаць па парсюка ў горад, а ў вёсцы ў нас парсюкоў адзін аднаму не прадавалі, бо гэта не выгадна ім было. Ой, Лерка, у іх там такія замарочкі ўвосень былі, бо трэба было новых парасятак браць. Ну, хто меў галаву на плячах, той на адным хлебе ўзімку і не сядзеў. Канешне, вельмо грошаў не заробіш, але ўсё ж. Дадатковы заробак у сям’ю, дзе было дванаццаць-чатырнаццаць дзяцей, не пашкодзіць.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

14) – Раней, Лерка, ты нікуды не мог пажалавацца. Зараз калі табе што-небудзь не нравіцца – ты заяву, а з імі ўжо разбіраюцца.  А як я памятаю, пры маём дзяцінстве, пры Польшчы… Да цябе дзела нікому не было. Жалавацца ты не павінен быў. Яны ж, пшэкі гэтыя, думалі, што яны ўладу трымаюць у сваіх руках і што ва ўсіх жыццё выдатненькае. Ад-дык не! Жалавацца ты мог толькі суседцы, а калі хто пра гэта дазнаецца, што табе штосьці не падабаецца, дык цябе вызываюць на размову. Калі не нравіцца – значыцца ты супраць іх, значыць ты вораг. Людзей застаўлялі на польскай мове разгаварываць, беларуская мова ўвогуле забаранялася. Газетаў на нашай (беларускай ) мове не было. Дастаць кніжачку па-беларуску – гэта цуд! Памятаю, як татка з горада прывёз мне кніжачку. Малееенькую такую . Чырвоненькую . Яна ўся была замызгана плямамі, працёртая, але берагла я яе больш, чым новую польскую. Гэтая мова так і не прыжылася ў нас у вёсцы. Тады нельга было размаўляць на роднай мове, а людзі хацелі размаўляць, а зараз другая сітуацыя.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

15) – А вось яшчэ пра заробак. Татка мой вельмі хораша мог падзарабіць пасля вайны. Яго не ўзялі на вайну, атакіх ў вёсцы іх двое было. Дык вось… Татка адзінокім жанчынам па гаспадарцы памагаў. Яму, канешне, грошамі не плацілі, затое хто яечкі дасць, хто кусочак сальца. Аднойчы яму трэба было зарэзаць цялятка. Ой, як зараз памятаю. У таты рука не паднімаецца. Ну, не можа ён. Ну сабраўся ды і забіў яго. Дык нам гэтая бабуля галоўку аддала цэлую ды ножкі. Мама ўжо памёрла. Ды я сама есці варыла. Мне было ўжо тады гадоў , можа, дваццаць. Памятаю, я супу наварыла цэлы таз здаровы, і елі мы гэты суп гэты амаль тыдзень. Ой, па сей дзень памятаю… Раней, канешне, елі ўсё падрад. Гэта зараз : гэтае не буду, тое не хачу. А раней і ножкі цялятка было на ўвесь золата. Я гэтыя ножкі абскрабла, абсмалілі ды ў пограб мы аднеслі, каб не спорцілася, а потым, зварылі бульбу з імі ды я яшчэ халоднага наварыла. От так і жылі людзі.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

16) – Раней, ніякіх грошаў амаль зарплаты не было.Ніякіх дадаткаў, ніякіх прэмій. Не! Сколькі дзён работаеш – столькі і палучаеш .  Не зрабіў свайго хлеба – ны дык ідзі жабруй. Зараз цябе і за роды плоцяць, і за смерць на похараны даюць грошы. А раней – не… такога не было. Адзінае што было, дык гэта ты мог пайсці да начальніка і папрасіць якую дадатковую работу ці што… У долг грошы амаль не давалі. Не таму , што шкада была, а таму, што ні ў каго свабодных грошаў не было. Калі палучаў палучку, грошы адразу разыходзіліся, іх ніхто не адкладваў на “чорны дзень” , як сёння.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

Я ўжо бачыла, што бабуля стомлена гісторыямі пра жыццё . Стомленасць гэтая была не толькі фізічная, але і эмацыянальная. Я прапанавала бабуле гарбату з мятай, але бабуля ласкава адмовілася і сказала , што ўжо позна і ёй трэба да дому ісці, бо “свінні яшчэ не кормлены, а я, Лерка, з табой да цямна забалталася” . Я правяла бабулю да хаты, дапамагла ёй прынесці варанай бульбы парсюкам з хаты ды пайшла ў сваю хату. Мой першы дзень практыкі быў вельмі насычаным.  

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.