Дзень трэці ( 20 жніўня)

Сёння я вырашыла (а ў прынцыпе, як і планавала)  пайсці да Калюты Марыі Паўлаўны ( 1946, бел, сяр, в. Глінішчы, Брэсцская вобл,Баранавіці раён.) . Я нават і не ведала, як буду задаваць пытанні, як гэта буду запісваць. З бабуляй Жэняй усё было прасцей. Я ведала яе,здаецца, сто гадоў. А з цёцяй  Марыяй у мяне былі іншыя адносіны. Аднак усё вырашылася неяк само па сабе. Я ўвайшла ў двор, а цёця Марыя ўжо працавала на градках.  Я ўзяла з сабой пранікі і ветліва прапанавала папіць са мной гарбаты. Марыя Паўлаўна была вельмі рада, што я заглянула да яе. Яе, як мне падалося, вельмі ўразіла, дзеля чаго я прыйшла. Бабуля раптам сказала : “ Ой, унучанка, я думала, што гэта нікому не патрэбна!” На гэта я расказала цёце Марыі пра фальклорную практыку, пра лабараторыю. Бабулю вельмі здвівіў той факт, што я размаўляю на беларускай мове.

17) – Лерка, ведаеш, раней як было… Нам калісьці забаранялі па- беларуску размаўляць. Мы гаварылі па-расейску. Але быў такі час, калі беларускую мову зноў аднавілі. У нашай бібліятэцы вясковай нават кнігі сталі паяўляцца. Нават нейкія журналы тожа былі. Канешне, мала хто хадзіў туды, бо некаторыя ў нас нават чытаць не ўмелі. У працы, а я калісьці ўсё жыццё праработала ў калхозе, нас не тое што застаўлялі гаварыць па-беларуску, усё хто там працаваў былі радыя гэтаму. Я нават не ведала, што ў нас даяркі гавораць так жа прыгожа, як і настаўніцы… Вось… Слухай, вось у нашай вёсцы ўсе па-беларуску гавораць. Ну….як па-беларуску… канешне, рускія словы прабягаюць, бо некаторых, вельмі замудроных слоў мы не ведаем, але як я, напрыклад, то я вельмі радая, што магу зараз спакойна гаварыць і ведаць, што мяне за гэта не накажуць.

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

- Ты, дочанька, наверна не за гэтым прыйшла, да? Табе , можа, песні якія нада, ці што? Але ж я не памятаю ўжо песень.

18) – Ведаеш, чаму цяпер мала хто песні ў вёсцы спявае. Гэта не тое што традыцыя… Проста так павялося… Ну дык вось… Калі ў цябе хтосьці памёр з родных, то тады душа, гавораць, як бы апусташаецца. Ты раней спяваў для душы, а цяпер табе не для кага спяваць. Ды ўжо і не хочацца. Ой, Лерачка, калі ў мяне памерла дочка, дванаццаць год назад, дык я з той пары нават песенкі не павяла не адной. Святы для цябе ўжо не святы, калі ў сям’е такое гора. Я нават , калі ў вёсцы вяселле спраўляюць, альбо народзіны, то я прыйду, падаруначак аддам, пасяжу трохі ды пайду сабе. Бо гэта нічога не радуе…

Заўвага: Няказкавая проза (рэалістычная проза, аповед-успамін)

- Цёць Марыя, скажыце калі ласка, а вось , напрыклад, калі Вялікдзень , вы таксама не спраўляеце гэтае свята?

- О… а пра гэта я магу табе адно сказаць, што як раз гэтае свята – яно самае вялікае, яго ўсе святкуюць. Магу расказаць, як у нас было.

19) – Вялікдзень…э… – гэта самае вялікае свята, нездарма ён так называецца – Вялікі дзень. Пачыналі мы рыхтавацца да свята , канешне , не за тыдзень, як некаторыя ў нашай вёсцы, але за тры дні. Яйкі з-пад курэй да свята мы рыхтавалі за тры дня. Ну…то есць яйкі мы бралі не з вечару, а за тры дня.  Мама звычайна пратала яечкі , а мы раніцай павінны былі іх шукаць. Вось… у нас так павялося… Яшчэ ў нас ўстрайвалі спаборніцтвы. Усе дзеці выходзілі з ранку на вуліцу і паміж суседскімі дзяцьмі быў такі конкурс : усе  у кожнага было па тры яйка і чыё пакоціцца далей за ўсіх, той і забірае ўсе. Чым больш дзяцей удзельнічала, тым было весялей. Бывала, што і бацькі выходзяць паглядзець, а некаторыя нават і ўдзел прымалі… ну …. Я не ведаю, пра што яшчэ расказаць… ну і ўсё… я ўжо многае і не памятаю, бо забывацца стала пасцяпенна.

Заўвага: Народна-хрысціянская проза ( проза Вялікадня)

- О, я яшчэ прыпомніла гісторыю, не ведаю, прыгадзіцца табе ці не, ну як мы ў дзяцінстве Купалле спраўлялі…

20) – Ну дык вось, зараз у нас у Глінішчах дзеці калёсы жгуць , дзяўчаты прыгаюць цераз касцёр. А ў нас калёсы не абы –якія жглі. Мы не хадзілі па вёсцы і не збіралі калёсы. Мы іх кралі ў аднаго дзеда. Ён злой быў, не даваў нам яблык ды сліў сабраць, хоць ніхто іх не збіраў, яны проста валяліся. Ён іх нават не зібраў, яны цэлы аўгуст без дзела ляжалі. Дык вось, гэты дзед прадаваў калёсы, а мы ўсе пазабіраем, ды на касцёр быстранька “сваліваем” (як вы сёння гаворыце)… Ой, помню, дзед кожны год за галаву браўся і ніколі не мог поняць, дзе калёсы дзеліся. А дзяўчаты вянкі плялі, пры чом толькі не замужнія. А яшчэ ў нас такія сцэнкі рабілі : некаторые дзеўкі пераапрыналіся ў Купалінак, але таксама гэта павінны быць незамужнія дзяўчаты. Хараводы ў нас амаль не вадзілі… А цераз касцёр прыгалі па очарадзі – хлопец – дзяўчына. Ой, помню, мы цэлую ноч гулялі.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (проза Купалля)

21) – Вось, Лерачка, а на Масленіцу мы пераапраналіся. Заўсёды была Масленіца, звычайна гэта маладая кабета, не замужняя. Абавязкова была і Зіма. Гэта была замужняя кабета, або ўдава. Было паміж імі “спаборніцтва”. Хто пераапранаўся ў іх, да гэтых кабет ставіліся з павагай. Хто больш іспячэ бліноў, тая кабета і перамагла. Звычайна гэта была Масленіца. Бо і свята такое – калі зіма вясну перамагае. Збіраліся ўсёй вёскай каля царквы і ўсе хлопцы здымалі абутак, потым яго звальвалі ў агульную кучу і хто першы знойдзе сваю пару, той хлопец і ажэніцца ў тым годзе.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза ( проза масленічнага комплексу)

 

- Цёця Марыя,адкажыце калі ласка, а вы неяк варажылі на Масленіцу?

22) – О… да… Мы дзяўчатамі збіраліся ў адной кабеты дома. Бралі гарачую ваду, воск плавілі на агню і клалі ў талерку з гэтай вадой. Абавязкова, каб вада была гарачая. У кожнай дзеўкі была асабістая талерка, бо, калі талерка адна на двух, то адна ўвядзе мужыка ў другой. Дык вось, воск расцякаецца па вадзе, мы яго вынімалі і лажылі на палаценчыка. Цераз некалькі хвілін воск астываў і палучаліся фігуры. Во…фігура – гэта твой будучы муж. Фігура абазначала яго прафесію. Помню у мяне нейкі танкіст выдаўся… А мужык трактарыстам у мяне быў… Ну, трохі саўпала.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (проза масленічнага комплексу)

23) – Але ж, мы не толькі так варажылі. Во…яшчэ на Каляды, памятаю варажылі… я і зараз унучку навучыла. Мы з ёй разам варажылі. Можаш, Лерка, і спрабаваць. Трэба ўвечары а дванаццатай наліць у місачку вады, туды дабавіць солі да сахару. Потым сказаць “ Мілы, любы, пакажыся, адзавіся”. Аставіць міску каля парога і чакаць. Хто зранку першы прыйдзе дадому да цябе з хлопцаў, той і будзе твой будучы муж.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (проза каляднага комплексу)

24) – А вось яшчэ … Я, канешне, гэтак не рабіла, бо не вельмі веру ў гэтае гаданне. Трэба, каб незамужнія дзяўчыны, а іх павінна было быць не больш за трынаццаць. Ну, у нас у вёсцы нават і дзесяць не было, бо ўсе рана замуж выходзілі. Дык во… трэба, каб гэтыя дзеўкі пайшлі да царквы а поўначы і трынаццаць раз вакол яе абышлі. Ну…трынаццаць кругоў зрабілі… Вось тады яны ў наступным годзе выйдуць замуж абавязкова.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (проза каляднага комплексу)

- Марыя Паўлаўна, а ці ведаеце вы яшчэ якія-небуць варожбы?

- Ой, Лерка, мяне калісьці ўся вёска ведала як добрую варажбітку. Канешне, усё з часам забываецца. Але самыя цікавыя я памятаю. Ну слухай…

25) – Мы збіраліся з дзяўчатамі ў кагосьці дома, павінны былі быць толькі незамужнія… Мы бралі вялікую талерку адна на ўсіх. Толькі такую, каб на ўсех хваціла. У гэтую каструліну набіралі вады і вакол унутры прыклейвалі бумажачкі са словамі. Напрыклад, такія словы : каханне, вяселле, няшчасце ну вось… Потым растаплівалі свячу і каталі з яе шарыкі. Кожны шарык дзяўчына неяк памячала, што гэта яе. Напрыклад, першая літара імені. Чый шарык прыплыве да лісточка, тое ў дзяўчыны і збудзецца. Помню, шарык Ганкі Грыбчыкавай  прыплыў да слова “вяселле”. Ой, людзечкі, шчасце тады сколькі было ў яе. Уся вёска пра гэта ведала… Толькі вось па восені сястра яе замуж выйшла, а не яна. Ну, амаль што збылося, бо вяселле ў хаце, а не менавіта ў яе. Тут, ужо, як лёс пакажа. На шарыкі спадзявацца нельга.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (проза каляднага комплексу)

26) – Яшчэ памятаю… Ну дык слухай…Трэба ачысціць арэх і заставіць гэтыя лупіны. Набраць у вялікую талерку вады . А, яшчэ!  Для гэтай варожбы трэба каханкі. Лупіны гэтыя трэба пусціць па вадзе ( можна і ў тарэлцы). Калі лупіны патонуць – значыць і каханне іх патоне, а калі застанецца на вадзе трымацца, дык і каханне будзе моцным.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза (проза каляднага комплексу)

27) – Памятаю, як мы з дзяўчатам яшчэ вось як варажылі. Хутчэй, канешне, гэта не варожба, а гульня. Мы бралі свае буты і станавіліся ўсе ў адну лінію. Кожная з дзяўчат ставілі па буціку ў адну лінію. Чый бут першы дойдзе да дзвярэй, тая з дзяўчат першая выйдзе з бацькоўскай хаты – ажэніцца. Во…помню, весела было тады… Кожная хацела, каб яе бут быў апошнім.

Заўвага: Каляндарна-святочная проза ( проза каляднага комплексу)

28) – О! Лерка, гэта , канешне, не па тэме нашай , але я ўспомніла. Ты, вось валасы прычасала, а я ўспомніла гісторыю адну пра русалку. Хочаш, раскажу?

Гэтыя словы Марыя Паўлаўна сказала з такіх захапленнем, што я нават не ўспела нават слова сказаць, як цёць Марыя працягнула свій аповед.

- Ну дык вось… Калісьці ў нас у вёсцы каля рэчкі Мышанкі стаяў дом . Амаль што перад вадой. На беразе. Дык вось… Жыла там кабета з дзіцёнкам, якому гадоў два-тры было. А хадзілі легенды, што ў гэтай рэчцы, па другую яе сторану, утапілася жанчына, бо муж яе біў, ад цяжкага лёсу … І яна ператварылася ў русалку. Канешне, ніхто ў гэтыя казкі не верыў, але здарылася такая вось гісторыя. Гэта мне мамая мама расказвала, бо мяне яшчэ тады і на свеце не было… Ну вось… Жанчына жыла без мужыка. А ты сама панімаеш, як гэта. Усё трэба самой рабіць. Па восені ўся вёска бульбу капала, дык гэтая жанчына пайшла да суседкі, каб той дапамагчы, а рабёнка свайго дома аставіла. Яна заўсёды так рабіла. Ёй трэба было ў агародзе працаваць,за жывёламі даглядаць, а за малым ніхто не глядзеў. Ну, пайшоў ён на рэчку балавацца. Яны ж блізка жылі ад яе, відзьма, не першы раз адзін пайшоў. А як потым расказвалі, плаваць ён не ўмеў яшчэ, бо маленькі зусім быў. Ой… чуць ён не патануў там, але вось нехта яго з вады падталкнуў. Сядзеў ён не беразе і плакаў, нічога дзіцё не зразумела. Але вось пасля гэтага здарэння ходзіць у нашай вёсцы легенда, што жыве ў рэчцы добрая русалка, якая выратоўвае людзей. Ужо рака зусім мелкая стала. Табе, Лера, мо па пояс. Але ж, калісьці здарылася такое! Можна гэта і не праўда, але людзі вераць…

Заўвага: Няказкавая проза ( прымхлівая проза)

Я бачыла, што цёця Марыя была стомлена маімі пытаннямі і ёй трэба адпачыць. Я вельмі шчыра ёй падзяквала і пайшла да сваёй хаты.

Сённяшні дзень практыкі выдаўся вельмі цікавым. Такіх дзіўных гісторый і шчырых людзей я ўжо даўно не бачыла.  Марыя Паўлаўна гатова была бросіць усё і  замест таго, каб займацца сваёй працай, яна расказвала вельмі цікавыя рэчы. Я бачыла, што яе даўненька так ніхто не пытаў, як я сёння. Было відаць, што яна сама была зацікаўлена, каб камусьці гэта расказаць. Каб гэтыя гісторыі і ўспаміны не згубіліся. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.