3 жніўня.

Дзень шосты.

Сёння я пайшла да роднай сястры маёй бабулі Рэгіны, Кандратовіч Ганны Францаўны ( 1931 г.н., беларуска, скончыла 4 класы, родам з в. Загорнікі, Ашмянскага р-н, Гродзенскай вобл., у в. Навасяды з 1989 года). Цёцю Аню ведаю таксама з дзіцячых год. У гэтай жанчынкі вельмі складаны лёс. Калісьці ў яе загінуў падчас пажару муж і яна засталася адна з трыма маленькімі дзецьмі на руках. Два яе сыны ў будучым сталі моцна піць, дачка таксама ў маладосці была не падарунак. Тры гады назад адзін яе сын памёр. Які гэта цяжкі ўдар у матчына сэрца.Да гэтага яшчэяна перанесла некалькі аперацый. Можна так сказаць, што яе некалькі раз вярталі з таго свету. Уся вёска здзіўляецца, як яна трымаецца на нагах, як у яе хапае сіл.  Гэты трэба быць моцным чалавекам, не толькі фізічна, а яшчэ і духоўна.

Вырашыла ў цёці Ані пытаць толькі прозу. Пачала з магічнай прозы. А аказалася, што цёця Ані нічым такім раней не займалася, бо яна ва ўсё гэта не верыць. А верыць яна толькі ў Бога. Таму я вырашыла паспытаць пра  каталіцкія святы і звычаі, пра якія за гэтыя дні размова не вялася.

- Раскажыце, калі ласка, пра Зялёныя свёнткі. Што гэта за свята, як яго святкавалі?

 68. Святкавалі на сёмую нядзелю пасля Вяльканца. Хату ўсю, бывала раней, зелянінай украшалі, на дварэ две бярозкі ставілі. І мусіць таму Зялёныя Свёнткі. У асноўным самая першая зеляніна, яшчэ не распусціўшыяся зялёненькія лісточкі бярозы. Гэты мы святкуем засланне Духа Свентэга, калі святы дух спускаецца на апосталаў. Дае ім розныя ласкі. І апосталы сталі на ўсялякіх языках гаварыць.

Заўвага: народна-хрысціянская проза – абрад на “Зялёныя Свёнткі”.

  - Добра. А раскажыце пра свята Тры Каралі.

 69. Ну гэта свята святкуем шостага студзеня. Гэта, калі  яны ішлі да Пана Езуса, як ён нарадзіўся. Ішлі ў Бэтліем гэтыя тры каралі па гвяздзе. А звалі іх Каспар, Мельхіор і Вальтазар. Яны падарылі Пану Езусу крэйду і ладан. І мы таксама крэйду зараз  у касцеле свенцім, і потым на дзвярах усіх у хаце пішым К + М + В + год, ну скажым 2013. Ну, кажды год нанова пішым.

Заўвага: народна-хрысціянская проза – свята і абрад “Тры каралі”.

 - А раскажыце, калі ласка, пра вербную нядзелю.

70. Гэта раней Пан Езус уехаў у Ерусалім на осліку і клалі пальмы яму пад ногі. А заразу вербную нядзелю ў касцеле свенцім вербачку з ялаўцу. Гэта як сімвал таго вянка з церня, якое ўлажылі на галаву Езусу. І калі з касцёлу прыносяць вербачку, усіх дамашніх трэба біць ёю і казаць: “ Верба б’е, не заб’е. За тыдзень Вялікдзень”. І потым гэту вербу захоўваюць да следуюшчага года і спальваюць у печы.

Заўвага: народна-хрысціянская проза –звычаі і абрады на Вербніцу.

 Больш цёцю Аню не распытвал. Зрабіла фотаздымак на памяць, пажадала добрай ночы і пайшла дамоў.

За сённяшні вечар я ўспомніла тое, што крыху падзабылася. Нейкія асобныя моманты жыцця ўспыхвалі ў мяне перад вачыма, як карцінкі з мінулага. Не, усё гэта нельга забыць, толькі трэба часцей успамінаць. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.