6 верасня 2014 года
Сёння яшчэ будзем запісваць аповяды Ядвігі Адамаўны Залатар. Яна крыху саромеецца гаварыць, калі ўключаецца запіс. Тады траціцца выразная інтанацыя апавядання, яркія заўвагі і глыбокія лагічныя націскі. Сёння паспрабуем запісваць на паперу (чарнавік).
25. Пра долю (былічка)
Жыў у адной вёсцы багаты чалавек. Вот ехаў ён неяк раз с кірмашу ці так з мястэчка праз лес. А ўжо вечарэла.
Прыстанавіў ён каня, ажно глядзіць — дык на тоўстай галіне, на суку сядзіць дзяўчына голая да пояса, а ніжэй — як у спадніцы доўгай… Смяе цца тая дзяўчына, ды ўсё кажа: “Вот як быў Мар’ян багаты, так і далей будзя… Вот як быў мар’ян багаты, так і далей будзя…”
А ён як узлуецца ды кажа: “Чаго ты тут цягаешся голая?! Ідзі дамоў!” Ды й сцябануў яе пугай.
Тут яна саскочыла з галіны і пайшла ад яго і кажа: “Вот як быў Мар’ян багаты, то ўжо цяпер не будзя… Вот як быў Мар’ян багаты, то ўжо ніколі ні будзя!..” І прапала.
А чалавек той дамоў пехаў.
А праз які час — што дзе падзелася… Уся гаспадарка звялася і багацця развалілася. Разышлося, што й каня ні было за што купіць.
Дык старыя ўсё казалі, што гэта ён сваю долю сустрэў быў… Ці судзьбу, як цяпер кажуць.
26. Пра пана і жней (бываліца)
Вот праўду кажуць, што нічога ні можна да сэрца браць. Жыў гэта тут нідалёка адзін пан. Ён так ні надта вялікі магнат быў, але заможны, шляхціц, як казалі. А паны ж тыя дык і самі не баяліся працаваць.
Вот прыйшло жніво, дык паклікаў ён жней. Тыя жалі ўвесь дзень. І ён таксама з мужчынамі ўвесь дзень снапы ці сена вазіў з другога поля… Ці йшчэ што рабіў.
А тады вечарам прыйшоў на гэта паглядзець. А жнеі тыя і высока жжалі — дык гэта надта блага, бо салома на полі астанецца, — і каласоў многа ляжыць на полі.
Як узлаваўся, як забядаваў пан, дык адразу і памёр…
27. Як ясі, так і працуеш (бываліца)
Паклікаў пан жней сваё жыта жаць. Акрамя платы добрай, загадаў ім стол накрыць. Яды ўсякай!.. Ну, і ешча, частуйцеся! Дык бабы ўсе добра ядуць, бо смачна, пэўня хочуць боляй зь’есьці…
А адна дзеўка сядзіць, марудзіць, жуе памаленьку, слаба…
Глядзеў, глядзеў пан, ды кажа на яе: “Ідзі ты, дзеткі, дамоў. Як тя ясі, так і працаваць будзеш…”
І пайшла яна дамоў, як мыла зь’еўшы.
28. Як яўрэйка перац прадавала (гумарэска)
Некалі ў Івенцы жыла адна яўрэйка. Яна ўсё таргавала прыправамі. У яе ўсякія-ўсякія прыправы – якіх жа там ні было!..
Зайшоў мужык паглядзець, чым там яна таргуя, ды ні захацеў прызнацца, што ніколі ні бачыў тых прыпраў.
— Усып мне во гэтага, - і паказвая на перац.
Яна насыпала яму на паперку і на маленькіх вагах важыць. А ён кажа:
— Вот жа ты скупая, што ж ты так мала паклала, шкадуеш ці што?..
А яна ўсміхнулася й кажа:
— Яго ж многа ні зь’ясі.
— Чаму гэта ні зь’ем?! Я ж ні зломак!
Яна яму насыпасла ў лыжачку, а той — хоп у рот…
— Ну, што, - смяецца тая прадаўшчыца, - смашна?
— Сціхні, тваю трасцу, а то зараз як плюну, дык твая й хата згарыць!
29. Гультай фурман (анекдот)
Папрасіўся гультай да пана за фурмана быць. А ніколі нічога не рабіў, толькті лежма ляжаў.
Вот пан яму і кажа: “Ну, ідзі каня ў сані запрагай!”
А той пайшоў. Узяў каня за аброць, ды й заводзіць галавой між аглобляў да саней.
А мужыкі ўжо смяюцца: ”Як жа ты каня задам наперад у санях ставіш?”
А ён адказвая: “Чаму, вы ведаіця, куды я паеду?”
30. Гультай (анекдот)
А то ляжаў гультай на печы, ляжаў… А тут сусед яму крычыць: “Гэй, Мірон, твая хата збоку загарэлася!!!”
А гультай як задзівіцца: “Ну, вот жа й ні лянаваўся ты мне гэта крычаць!”
31. Гультай і байструк (анекдот)
Вот жылі ў в1сцы гультай і байструк. І ўсе іх крыўдзілі, абіжалі… На гультая брэшуць, што ён гультай, а на байструка — што байструк.
Надаела ім усё гэта, ды і думаюць яны: “Давай дзе зь’едзем. Там ніхто нс ні ведая, дык і добра будзя…”
Так і зрабілі. Паехалі далёка, за вялікі горад, пажылі крыху… А тады сустракаюцца і пытаюць адзін у аднаго, ну як жа цяпер?
—Нічога, — кажа байструк, — ніхто тут мяне ні ведая, дык цяпер добра.
— Вот, халера, — кажа гультай, — а мяне і тут гультаём завуць. Нехта, мусіць перадаў. Што за доля?
32. Дзесерт (анекдот)
Вот у адной бабы сын у горадзе пажыў. А тут прыехаў такі нафранчоны…
А маці ўжо й ніведая, як есці падаць…
Ён ужо кажа:
— Давай первая.
Маці яму ўжо булён нясе ці капусту кіслую звараную.
— Ну, цяпер давай фтароя.
Маці яму скваркі зь яйкамі…
А тады сын так пакруціў галавой і кажа:
— А дзесерт?
— А серд, сынок, у нас як быў за хлевам, там і астаўся.