5 верасня 2014 года
Працягваем размову з Ядвігай Адамаўнай. Ёй 75 гадоў, большасць з якіх яна пражыла тут. Яе няпросты лёс заўсёды быў скрашаны роднай песняй. Песні пеліся ў радасці і ў смутку. Прыгожы прыродны голас жанчыны чуецца яшчэ і зараз, нягледзячы на ўзост і няпростае захворванне. За гэты голас яе любілі ўсе аднавяскоўцы, а яшчэ за шчырасць і за чуласць да чужой бяды. Вось якія творы мы сёння ад яе пачулі.
20. “Рынуся…” (бываліца)
Неяк от расказвалі, што ў суседняй вёсцы, яшчэ можа за Польшчай ці й раней, стаяла хата пустая. Бо хазяява з’ехалі недзе. Дык, кажуць, прыехаў аднекуль з-за сьвету адзін чалавек з сям’ёй, ды ўзяў тую хату і сталі там жыць. Вот крыху абжыліся… І адзін раз селі вячэраць за стол… А ў хаце харошая печ была, вялікая і высокая. Але ўжо пашчапалася сям-там, бо даўно ж не палілі яе. Толькі селі і чуюць голас : “Рынуся…”.
Ну, зразу думалі, што здалося. Толькі сталі есьці, ізноў голас : “Рынуся…”. Папалохаліся ўсе. Але болей — ціха. Тады назаўтра йзноў : толькі селі вячэраць : “Рынуся…”. І так два ці тры разы за вечар. І ні ведаюць — адкуль голас ідзе! Так мучыў той голас іх, можа, з месяц. Ужо і да шаптуноў і знахароў ездзілі і што ні рабілі… “Рынуся..” і ўсё тут.
А аднога разу гэтак селі – ізноў нехта кажа : “Рынуся…” . А хазяін як узлуецца : “Рынься, хоць ты праваліся!” . Яшчэ й вылаяўся…
І тут пачуўся трэск нейкі, а тады печ як абрынецца на падлогу, а зь печы вываліўся вялікі гаршчок, замураваны быў, а ў ім золата й нейкія пярсцёнкі і брасьлеты — дык цэлы скарб! Вот дзівіліся ўсе! А яны тады зажылі!.. І зямлю купілі, і коней… Хату адбудавалі.
Вот і смейся, а людзі старыя казалі, што скарбы могуць гаварыць.
21. Пра дзіўную птушку (былічка)
А во яшчэ ведаю. Раней жа было не так, як цяпер. І дзеўка як ішла замуж, то не дамоў вяла сабе мужа, у прымакі, а ішла замуж жыць да яго, да свекрыві і да свёкра… А як дзе далёка йшла, то й мала калі прыйдзеш да маці даведацца. А свякрухі,часам, бывалі дрэнныя, як гадзіны…
Вот у адных людзей аддалі дачку замуж недзе ў далёкую вёску, чужую. А дома засталіся маці і два сыны. А бацька, мусіць, памёр быў. Пайшла тая дзеўка у сям’ю нібагатую, есці надта не было многа, а работы цьма. А свякруха то такая ўжо злосная, як сучка. І так яна яе заядала, што спасу ні было. А дзяўчына тая пела надта файна, як дзеўкай была. А замужам ужо ні да песень было… А тут паехалі недзе свякруха са свёкрам і муж тожа паехаў. Дык яна думае — аддыхну. І па родных зажурылася. Ды й запела. А нейкая песня ўсё была:
Паляцела б я галубачкай у сад да матулі,
Паглядзела б, любачкі, ці усе паснулі.
Паклікала б я матулечку ды й пацалавала,
Каб мяне матулечка ды й пашкадавала.
А у гэты час выйшла маці раніцай, а ў садзе нейкая птушка надта ж харашо пяе. Пяе і вішні дзяўбе. Маці ў хату ды кажа:
— Паглядзіце, што гэта за птушачка так пяе? Ды яна ж нашы вішні падзяўбе.
Адзін сын пайшоў, паганяў. А праз некаторы час чуюць — ізноў пяе. І ніяк не прагоняць. Дык старэйшы узяў руж’ё ды як стрэліць!.. Ён папалохаць хацеў, ажно ж і папаў… Неяк і зашкадавалі, але ж нічога не зробіш.
А тады прыехалі пад вечар і свёкры і муж той дзяўчыны, глядзяць — а яна ляжыць нежывая. Паглядзелі —дык у яе рана як ад руж’я.
Такое во дзіва.
22. Снапкі жыта (былічка)
І тожа йшчэ казалі, што адна дзяўчына пайшла ў бедную сям’ю замуж. І пела яна гэтаксама харашо. А адзін год ніва сусім ні ўрадзіла, ні ўраджайны год быў. Дык дома — чуць ні голад…
А яна ўсё пела, і што ні робіць — пяе, ды так хораша, што заслухаесся. Некалі ж песні доўгія былі, то жалосныя, то так якія… Ні то, што цяпер: два словы і та-ра-ра — і ўся песня.
Выйшлі адзін раз на ганак – аж стаіць снапок жыта невялічкі. А тады другі раз і нічога. Думалі, што ўжо, можа, які ухажор прыходзіць да нявесткі. А інны дзень ізноў снапкі стаяць.
Дык малады узяў сярод ночы раз — і выйшаў с хаты. Ажно “шмыг!” з ганку маленькі дзядок — і прапаў.
Дык гэтаж нейкі дамавік ці, як іх завуць, за нявешчыны песні снапкі прыносіў.
Ты кажаш, дзе ён іх браў? А хто ж яго ведае!..
23. Чырвоны певунок (былічка)
Казалі, што ў адной вёсцы дзядзька ішоў вечарам дамоў, на вёску хадзіў. Ужо цёмна. І бачыць: скача у адных людзей па плоце пявунчык, такі чркі, чырвоны, аж блішчыць. А дзядзька, мусіць,трошкі выпіў з мужыкамі. Дык расказаў дома, а ўсе пасмяяліся. А назаўтра дык і добра рагаталі, што яму зп’яну здалося.
А вечарам ужо адна баба йшла дамоў і тожа бачыць, што пявынчык па плоце скача. Як спалохалася, закрычала і ўцякла. Колькі дзён нічога не было, а зь іх усе смяяліся.
А тады маладзёш зь вечарынкі ішла, і зноў нехта ўбачыў таго пеўнічка.
Тады ўжо усе хадзіць баяліся. А праз які час ажно чатыры хаты падрад у вёсцы згарэлі… Вот табе і певунок!!!
24. Скарб (бываліца)
Адзін хлопец усё да дзяўчыны хадзіў ад нас у Навікоўшчыну. А ўвосень цямнея рана, як ён ужо ўпоцемках ідзе дамоў. І вот бачыць пад кустом два як агеньчыкі свецяцца. Ён і забаяўся, бо думаў, што воўк пэўня. Ці так што — ні ведая. Пайшоў скарэй дамоў. Пайшоў скарэй дамоў. Азаўтра ідзе — ізноў сьвецяцца… Ён тожа ўцёк. І так штовечар.
Тады тожа Ён думая, як таго ваўка забіць. А руж’я ні было, то ён узяў нейкую доўбню старую.
Тады йшоў, убачыў, дзе тыя агеньчыкі сьвяціліся, пакраўся, ды па тым месцы як ахня!.. А там нешта “Дзын!” моцна… Паглядзеў, дык вядро староя, а ў ім гэтаксама гаршчэчак і золата поўны.
Але гэта ўжо даўно, йшчэ маміна бабка расказвала.