9 верасня 2014
Мая мама пад уражаннем пачутага з маёй фальклорнай практыкі таксама стала ўспамінаць цікавыя эпізоды са свайго дзяцінства, праведзенага ў вёсцы. Адно з яе апавяданняў мы вырашылі ўнесці ў матэрыялы нашай фальклорнай практыкі.
52. Букецікі (апавяданне-ўспамін)
Былі мы яшчэ малыя, школьнікі. А наша сям’я ўжо была выехаўшы. Прыехала я летам да сваёй сяброўкі ў Часнакі ў госці. А такая там прырода харошая, мусіць, як нідзе. Мы любілі і так гуляць, і на роварах каталіся. Асабліва кветкі збіраць, бо іх там так многа!.. Усякія зёлкі!...
А гэта было ўжо ў жніўні. Пайшлі мы на поле, назбіралі многа кветак, нарабілі многа букецікаў. Ідзём пад вечар дамоў. А што з букетамі рабіць? Дык мы ўзялі і каля кожнай хаты на варотцы па букеціку насадзілі. Букетаў, можа сем ці восім. Так красіва было… Во людзі пацешацца. А ў адной з гэтых хат тожа наша сяброўка жыла, Аня.
А назаўтра прыбягае Аня да нас, смяецца ды расказвае:
Раніцай ускочыла ў хату Рэнька ды крычыць:”Выходзьця! Нехта нешта нам начараваў! Паглядзіця, зёлкі насаджаны!.. Праз вароты ні хадзіця! Я карову во ажно праз сад вяла, па бульбя. А кветкі тыя анучай узяла, перажагнала ды ў печы спаліла. Вароты тады сьвянцонай вадой паліла…” І ўсе там так рабілі.
Во мы тады насмяяліся… Хацелі як лепей, а такой “бяды” нарабілі.